Скажыце, дзе ў вас «Можна»?..
Калі шукаць на Украіне горад, найбольш падобны да Мінска, то гэта, хутчэй за ўсё, гэта будзе Харкаў. (На здымку: гурт «Pur:Pur»)
Калі шукаць на Украіне горад, найбольш падобны да Мінска, то гэта, хутчэй за ўсё, гэта будзе Харкаў.
(На здымку: гурт «Pur:Pur»)
Тут жыве ўсяго каля паўтара мільёнаў чалавек, аднак і гарадскія маштабы, і маршруты, і краявіды пададуцца мінчаніну камфортнымі, хіба што ў метро тут не дзве, а тры лініі. Нават сітуацыя з украінскай
мовай тут чымсьці нагадвае становішча з беларускай мовай у Мінску: можна жыць тут і ўсё жыццё размаўляць па-руску, і пры тым заставацца часткай лакальнай, аднак магутнай культурнай прасторы, якую
ніхто не пасаромеецца таксама назваць украінскай.
Калі палічыць, колькі па Беларусі гастралюе гуртоў з блізкага замежжа, то Харкаў нечакана акажацца сярод лідэраў. Напэўна, першы калектыў адтуль, які мы пачулі яшчэ напрыканцы дзевяностых, —
«Танок на майдані Конґо», што парадаваў мінскіх фанатаў ды фанатак сваім прыездам яшчэ ў далёкім 2002 годзе. Пасля да нас рэгулярна наязджалі культавыя тэатралы-растаманы
«5’nizza», а зараз штогод дэманструюць сольныя праекты яе былыя чальцы — Сяргей Бабкін ды «SunSay». Ды і сябры былой
«5’nizza» — электронны праект «Lюk» — таксама неаднаразова ў нас бывалі. Разам з імі, пакінуўшы самыя прыемныя ўражанні, прыязджалі
таксама электронныя, аднак больш джазава-інструментальныя «Ч.А.Й.К.А.».
І вось — малады гурт «Pur:Pur», які з поспехам выступіў на беларускім фестывалі «Аксамітавы сезон», што быў праведзены «UniArtPro» ды
«Bo promo». Яго музыка, якую самі ўдзельнікі пазначаюць як «лёгкае слуханне» і «мінімалізм», больш за ўсё падобная на тое, калі б узыходзячая
зорка соўлу або былая вакалістка культавага трып-хоп-гурта заспявала з сябрамі акустыку або сола, як гэта было з Roisin Murphy («Moloko»), Skye Edwards
(«Morcheeba»), або з Bajka, што час ад часу дорыць вакалы Bonobo. Музычная эвалюцыя развіваецца супраць ходу гадзінніка: відаць, хутка Харкаў будзе мець сваё
«Moloko» або нешта яшчэ цікавейшае. Самі музыкі тлумачаць назву гурта праз лаціну — «чысты-чысты». Але ж гук «purr» — гэта
па-англійску яшчэ і муркатанне коткі. Какетліва-манерныя лісліва-кашэчыя ноткі — адна са шматлікіх «разынак» вакалісткі Наты Смірынай, чый вакал дзіўным чынам нагадвае
амерыканскіх спявачак з «каляровымі» каранямі.
Нельга сказаць, каб «Pur:Pur» былі зоркамі ў сябе на радзіме. Калі спытаць пра іх шараговага харкаўчаніна, то ён, хутчэй за ўсё, акажацца з імі незнаёмы, хоць, мабыць, і ўзгадае
якіх-небудзь сяброў сваіх сяброў, што, здаецца, іграюць нешта падобнае. Аднак «Pur:Pur» прапануюць музычны матэрыял сапраўды сусветнай якасці, і побач з вядомымі аўстрыякамі
«Parov Stellar» яны глядзеліся цалкам годна. І гэта — усяго толькі «яшчэ адзін цікавы гурт з Харкава»...
Зазначым, што, калі здзяйсняецца культурны абмен і беларусаў вязуць у Харкаў (або Адэсу, або Кактэбель), то на экспарт звычайна выпраўляецца «наша ўсё»: «Сярэбранае
Вяселле» — супергурт андэграўнда ды «CherryVata» — найпаспяховыя правадыры электронікі ў масы. Бо хто, калі не яны? Хоць, трэба зазначыць, украінскія
госці засведчылі: гэтыя два нашы гурты яны сапраўды ведаюць і шануюць.
Магчыма, розніцу паміж харкаўскай ды мінскай музычнай сцэнай найярчэй адлюстроўвае наступнае пытанне. Калі ў «Pur:Pur» спыталі: «Ці зарабляеце вы на жыццё
музыкай?», то яны адказалі: «Так!» Колькі непапсовых мінскіх выступоўцаў маглі б адказаць тое самае? І колькі з іх мелі б менш за сорак гадоў? Ці ёсць у нас наогул
магчымасць зарабляць, не іграючы па вечарах рок-хіты ў адной з пяці ўсім вядомых дарагіх рэстарацый?
«Дык чаго ж вы хочаце ад Мінска?.. Тут вам не Масква і нават не Кіеў!» — можна пачуць ад некаторых модных тусоўшчыкаў або «залатой» моладзі, што едуць за
культурным жыццём, вартым іх амбіцый, куды падалей. Не будзем з імі спрачацца. Давайце параўноўваць параўнальнае. Калі не казаць пра сталічныя амбіцыі, шмат у чым Харкаў — гэта нібыта лепшы
Мінск. У ім досыць альтэрнатыўных гуртоў ды канцэртных пляцовак, паспяхова існуюць некамерцыйныя кінаклубы і літаратурныя кавярні, рэгулярна праходзяць то буйныя арт-падзеі, то ўсялякія фестывалі
хэнд-мэйду. Што замінае нам? Ізноў жа, грашовае пытанне? Герметычнасць культурнай прасторы? Міфалагічная «агульная млявасць»?
На прэс-канферэнцыі, што адбылася напярэдадні фестывалю «Можна», арганізатары Аляксандр Багданаў ды Дзмітры Шапялевіч агучылі сваю надзею і мару, да якой яны вядуць нас, як нам
вядома, ужо шмат гадоў: Беларусь як паўнавартасны музычны цэнтр Усходняй Еўропы (а Мінск, відаць, — адпаведная культурная сталіца). Да такой вялікай мэты трэба рушыць паступова, і вось вам
наступная прыступка: каб кожны год у Харкаве чулі пра яшчэ адзін добры новы мінскі гурт. А можна, і пра два.