Што паглядзець у Мінску у бліжэйшы месяц?

"Новы час" прапануе анонс культурных падзей, якія адбудуцца падчас святаў



anons_kuljt_padziej_4.jpg

З 16 снежня ў Цэнтры сучасных мастацтваў (вул.Някрасава, 3) дэманструецца выстава “Кераміка начы” па выніках міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-жыжаль 2014”. У пленэры ўдзельнічалі 21 прафесійны мастак з Беларусі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Турцыі і Украіны. Керамісты стваралі напольны свяцільнік “Жывога агню” скульптурнага характару ў грамадскім інтэр'еры. Сярод каля 70 кампазіцый выставы — творы вядомага беларускага майстры, кіраўніка пленэру Валеры Калтыгіна — скульптура.

anonsi_kul_t_padzej_1.jpg

“Бабёр, якія спявае” вышынёй 170 см., што сімвалізуе радасць свабоднага жыцця ў родным асяроддзі, а таксама “Палаючая кветка” — аб’ёмна-пластычная варыяцыя вышынёй 210 см. на тэму беларускіх выцінанак.

З 19 снежня ў Цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца навагодні інтэрактыўны выставачны праект “Арт-Елка”.  Цягам месяца наведвальнікі змогуць адчуць усю прыгажосць і казачнасць навагодніх святаў. У выставачнай частцы праекта будуць экспанавацца работы маладых і знакамітых беларускіх мастакоў, а таксама арыгінальныя інсталяцыі і арт-аб’екты ў “елачнай стылістыцы”. Свае арт-елкі прадставяць: Марыя Барысенка, Сяргей Шыла, Людміла Дамнянкова, Наталля Аждзер, Ларыса Мілько, Таццяна Гомза, Маргарыта Макоўская, Юля Багдасар’ян і Людміла Карабань; жывапіс і графіку — Ганна Сілівончык, Глеб Отчык, Сяргей Стэльмашонак, Уладзімір Голубеў, Іван Семілетаў, Васіль Пяшкун і Дзяніс Барсукоў. Прыемным дадаткам да святочнай праграмы праекта “Арт-Елкі” стане выстава навагодніх фатаграфічных паштовак.

Інтэрактыўна-забаўляльная праграма праекта ўключае ў сябе серыю спектакляў і перформансаў ад самых незвычайных тэатральных калектываў сталіцы, нясумныя лекцыі, прэзентацыю відэа-арт працаў, кінапаказы ў мульт-кіна-зоне, адукацыйны праект “Дзіцячыя Эка-Майстэрні”, аўтарскі воркшоп па нестандартнай творчасці ад Аляксандры Страшко, майстар-класы па вырабу навагодніх цацак.

anons_kul_t_padzej_2.jpg

З 18 снежня ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47) дэманструецца выстава тэкстыльных аб'ектаў Настассi Арайс і Веранiкi Фамiной “Соль  зямлі”. У экспазіцыі — пласкасныя і  прасторавыя формы з воўны. Аўтаркi  прапануюць  у нібыта простых аб’ектах адшукаць і адчуць асноўныя жыццёвыя каштоўнасці, непадпарадкаваныя часу — тое, што завецца соллю зямлі.

anons_kul_t_padzej_3.jpg

З 18 па 23 снежня ў Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) працуе выстава-кірмаш для сталых людзей “50 плюс” — творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і акторамі, навукоўцамі і музыкамі, а таксама прэзентацыя кніжнай серыі “Дзеці вайны” выдавецтва “Чатыры чвэрці”.

З 17 снежня ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасці, 47) экспануецца выстава жывапісу вядомага беларускага мастака Васіля Касцючэнкі “Каляровыя аповеды”. Мастак прадставіць палотны апошніх гадоў, аб'яднаныя зваротам  да вобразу чалавека, які, нягледзячы на ўсе тэхнічныя дасягненні, прагматыку  і імклівы рытм існавання, знаходзіць ў жыцці месца для пачуццяў і веры, мар і кахання.

Апроч таго, з 16 снежня каля Палацу спорта і на Кастрычніцкай плошчы праводзіцца міжнародны калядны фэст, 25 снежня на пр. Пераможцаў і ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы — калядныя кірмашы, у кінатэатры “Перамога” (вул. Інтэрнацыянальная, 20) — Дні нямецкага кіно, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча,7) — імпрэза "Калядная зорка Максіма Багдановіча", у нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" (вул. Я.Купалы, 27) — выстава-кірмаш твораў ручной работы "Млын", дзе будуць прадстаўлены працы больш за 500 майстроў, мастакоў і дызайнераў з Беларусі і замежжа.

Святочную праграму прапануе Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна,20), дзе будуць экспанавацца выставы “Мастацтва рэстаўрацыі. Магія майстэрства” і “Выратаваныя каштоўнасці”, а таксама адбудуцца сустрэчы са спецыялістамі.