Развітанне з Ігарам Лучанком пройдзе ў Цэнтральным доме афіцэраў
Развітанне з народным артыстам Беларусі і СССР Ігарам Лучанком адбудзецца 14 лістапада з 11.00 да 14.00 у Цэнтральным доме афіцэраў у Мінску, паведаміў БелаПАН сябар кампазітара, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Правалінскі.
У той жа дзень Ігар Лучанок будзе пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы.
Паводле слоў Правалінскага, дапамагаюць сям'і ў арганізацыі пахавання Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і Міністэрства абароны.
Ігар Лучанок памёр позна вечарам 12 лістапада на 81-м годзе жыцця. 2 лістапада яго экстранна шпіталізавалі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Урачы дыягнаставалі інсульт, была прызначаная аперацыя. Пасля яе пацыента ўвялі ў штучную каму, з якой ён не выйшаў.
Сёлета ў Беларусі шырока адзначалі 80-годдзе Лучанка. Апошні канцэрт з юбілейнай серыі адбыўся ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 26 верасня.