Песні на тэксты беларускіх паэтаў гучаць з сімфанічным аркестрам у Чэхіі
Сёння, 28 сакавіка, выйшаў новы альбом гурта RAZAM і спявачкі Івы Марэшавай (Iva Marešová) «Na dně mojí duše» («На дне маёй душы»), запісаны разам з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэц Краловэ. У гурце грае беларускі баяніст і кампазітар Аляксандр Ясінскі.

Плыта адметная тым, што ў ёй гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў — Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі (вядомага пад псеўданімам Baisan). Знойдзеце там і беларускую народную песню «А ў заенькі».
Праект Na dně mojí duše яднае world music, джаз і класічную музыку. Гэта глыбокае мастацкае і асабістае выказванне, насычанае сэнсамі, сімваламі і дэталямі.
Разам з запісам выходзіць і кліп на загалоўную песню Na dně mojí duše (symphonic), які перадае тэмы праўды, унутранага позірку і смеласці сустрэцца сам-насам з сабой. Рэжысёрам кліпа стаў Давід Корцына (David Korcina).
Крыніца: RAZAM a Iva Marešová [ youtube ]
Тэкст песні, якая гучыць па-беларуску, напісаў паэт Алесь Плотка (Baisan). Музыку стварылі Іва Марэшова разам з Аляксандрам Ясінскім і Радкам Долэжалам. Алесь Ясінскі, які таксама з’яўляецца аўтарам аркестровай аранжыроўкі, паходзіць з Баранавічаў, з 2011 году жыве і працуе ў Чэхіі.
«Калі мы заглядаем на дно сваёй душы і знаходзім у сабе сілы ўбачыць усё так, як ёсць — без упрыгожванняў і без празмернай дэманізацыі, нам застаецца толькі праўда, — кажа Іва Марэшова, — дно душы — для мяне гэта зыходны пункт нуль, месца, з якога ўсё нараджаецца і з якога мы можам крочыць у любым кірунку».

Новы альбом музыкі прэзентуюць 6 красавіка а 19:30 у Празе, Divadlo na Vinohradech. Спецыяльнымі гасцямі вечара стануць вядомы чэшскі актор Марэк Ламбора і фантастычны пяініст Ондржэй Кабрна.
Алесь Ясінскі прывязе плыту ў Польшчу і ў Літву, дзе выступіць з канцэртамі:
22/4 Przeswit, Варшава
23/4 Bialystok Music Club, Беласток
25/4 Create Culture Space, Вільнюс
26/4 Беларускі дом, Вільнюс
Фота для карыстання: bit.ly/RAZAMFHKFOTO