Памяць, этыка, каштоўнасці — шукайце на вуліцах горада!
Пазбягаеце шумных вулічных урачыстасцяў на Дзень горада або шукаеце цікавы спосаб выказаць сваю неабыякавасць да Мінска? Ёсць альтэрнатыва! Кампанія “Будзьма беларусамі!” і Мемарыяльны музей З. Азгура запрашаюць на пазнавальную і не менш відовішчную адкрытую дыскусію “Культура памяці і яе скульптурнае ўвасабленне ў гарадской прасторы”.
Усталяваныя апошнім часам у Беларусі помнікі сведчаць пра пэўнае пераасэнсаванне гістарычных і культурных каштоўнасцяў для краіны: акрамя звыклай ужо гарадской скульптуры з’явіўся мемарыял, прысвечаны знесенай Фары Вітаўта ў Гародні, помнік Альгерду ў Віцебску, пачалося стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы, шэраг жа помнікаў Леніну дэмантаваны або перанесены.
Як бачаць гэтую тэндэнцыю адмыслоўцы ў параўнанні, з адноаго боку, са звыклымі для Беларусі падыходамі да мемарыялізацыі гарадской прасторы, а з іншага — з актуальным досведам іншых краін? Якія мастацтвазнаўчыя, сацыяльна-культурныя канфлікты здараюцца вакол культуры памяці і як іх варта вырашаць? Што ўвогуле можна лічыць нашай культурай памяці і як яна ўтвараецца? Вось галоўныя пытанні сустрэчы.
У праграме:
1. Канстанцін Мужаў, скульптар, перформер, сябра Саюза дызайнераў Беларусі: “Сэнсы і сутнасць гарадской скульптуры. Ці магчымыя змены?”;
2. Зміцер Марозаў, практыкуючы гід, намеснік дырэктара ААТ “БелАграТрэвал”, магістр па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і турызме: “Турысты ў гарадах: адчужэнне памяці vs прыватызацыя памяці”;
3. Сцяпан Стурэйка, культурны антраполаг, выкладчык ЕГУ: “Сеткавыя манументы – ад назірання да ўдзелу”;
4. Алена Крэнь, культуролаг, старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура: “Музей у горадзе/Музей без горада: ці можна цяпер актуалізаваць спадчыну Заіра Азгура?”
Да ўдзелу запрашаюцца зацікаўленыя эксперты з ліку скульптараў, музейных супрацоўнікаў, адмыслоўцаў у пытаннях даследаванняў культуры памяці і мемарыяльных мясцінаў, аховы культурных каштоўнасцяў.
Як заўсёды, удзел у дыскусіі возьмуць аўтарытэтныя эксперты, сярод якіх скульптары, архітэктары, урбаністы і гісторыкі.
Дата: 14 верасня.
Месца: Мемарыяльны музей-майстэрня З. Азгура, вул. З. Азгура, 8. Як дабрацца.
Пачатак: 15:00.
Уваход вольны!