Неапазнаныя лятаючыя бутэлькі

Патрапіўшы на спаборніцтвы барменаў, адчуваеш сябе нібыта ў цырку — прычым не на далёкай трыбуне, а папросту на арэне.

Фаварыты апантана жанглююць бутэлькамі, нібы клоуны-майстры булавамі, не забываючыся пра чыста практычную задачу: каб напрыканцы выступу ў гэтых самых бутэльках хоць нешта засталося. Гэтую рэшту бармен эфектна пералівае ў шклянку для кактэйлю, і алкагольны градус атрыманага напою — таксама адзін з пунктаў, паводле якіх журы ацэніць яго выступ.



6a4d5952d4c018a1c1af9fa590a10dda.jpg

Патрапіўшы на спаборніцтвы барменаў, адчуваеш сябе нібыта ў цырку — прычым не на далёкай трыбуне, а папросту на арэне.
Фаварыты апантана жанглююць бутэлькамі, нібы клоуны-майстры булавамі, не забываючыся пра чыста практычную задачу: каб напрыканцы выступу ў гэтых самых бутэльках хоць нешта засталося. Гэтую рэшту бармен эфектна пералівае ў шклянку для кактэйлю, і алкагольны градус атрыманага напою — таксама адзін з пунктаў, паводле якіх журы ацэніць яго выступ.
Чарговы адборачны тур рэспубліканскага конкурсу «Flair Open Minsk 2010», які прайшоў 21 верасня ў сталічным бары «Barberry», быў эфектным і сапраўды паказальным у тым, што датычыцца майстэрства, спрыту і артыстызму. У параўнанні з мінулагоднімі гульнямі барменаў адчувалася, што, па-першае, удзельнікі сапраўды патрацілі шмат часу на падрыхтоўку выступленняў, а, па-другое, узмацніліся і камандны дух (ва ўсялякім разе, на ўзроўні гарадоў ды клубаў), і імпэт балельшчыкаў.
Як заўважыў Сяргей Хораў, прафесійны вядучы спаборніцтваў барменаў з Украіны: «Некаторыя з нас сустракаюцца толькі на падобных мерапрыемствах...» І гэта нягледзячы на тое, што спонсараў, у параўнанні з 2009 годам, трохі паменела, таму і набор кактэйляў, якія трэба было зрабіць, быў даволі лаканічным: гарэлка з энергетычным напоем ды гарэлка з тонікам. Аднак, як аказалася, нават з гэтымі нескладанымі інгрэдыентамі не ўсё так проста!
«Флэйрынг» — так правільна называецца майстэрства эфектна разліваць напоі — гэта сапраўдны спорт, дзе перамагае мацнейшы, самы мэтанакіраваны ды засяроджаны. З іншага боку, гэта — мастацтва, блізкае да эстраднага: нават выбар музыкі, пад якую выконваюцца паказальныя выступленні, значыць не менш, чым, напрыклад, у фігурным катанні.
Вялікую ролю адыгрывае і артыстызм: гледачы грамчэй апладзіруюць нават не таму бармену, чыя каардынацыя была больш дасканалай, а таму, хто здолее «падпаліць» публіку ўласнымі эмоцыямі. Выпусціў шэйкер? Разбіў бутэльку? Пасміхайся і не бойся прызнаць уласную прамашку! Каб уразіць гледачоў, у цябе ёсць лічаныя хвіліны і вычарпальны набор рознакаляровых вадкасцяў.
І не трэба нават казаць, колькі бутэлек грукнулася аб падлогу бара ў тую ноч — гледачы, што стаялі бліжэй да сцэны, сапраўды рызыкавалі, па меншай меры, пакінуць бар з гузам на лбе. Тое самае можна сказаць і пра фатографаў, якім таксама было нялёгка: ім забаранілі карыстацца ўспышкай, і, каб атрымаць добрыя здымкі, фотакоры ледзьве не падкідвалі свае апараты не горш за саміх канкурсантаў...
Абавязковая праграма складалася з трох частак. Спачатку кожны з барменаў дэманстраваў класічны, або працоўны флэйрынг — у гэтым выпадку бутэлькі з напоямі павінны быць напоўненыя не менш чым на траціну, а атрыманы кактэйль мусіць хоць бы прыблізна адпавядаць стандартнай рэцэптуры. Потым «фрыстайл», або шоу-флэйрынг: галоўнае — эфектныя трукі, сярод якіх — нязменна жангліраванне трыма або нават чатырма бутэлькамі.
Гэтая частка была найскладанейшай: нават такія трэніраваныя шоумэны, як Альгімантас (Альгіс) Пракаповіч або яго калега Раман Мамаеў, не былі застрахаваныя ад памылак. І ўрэшце, тыя, хто прайшоў адбор, дэманструюць «баланс» — падкінуўшы бутэльку, злавіць яе ды ўтрымаць у раўнавазе на працягнутай руцэ, галаве або нават назе. У выніку, паводле ўсіх трох іспытаў, першае месца заняў Альгіс — і гэта далёка не першая яго перамога: у мінулым годзе ён заняў першае месца ў фінале «Flair Open», зрабіўшыся, такім чынам, абсалютным пераможцам за 2009 год. Цікава, ці ўтрымае ён першынство ў гэтым годзе?
Вядома, фармат клубнага мерапрыемства, ды яшчэ на алкагольную тэматыку, — гэта не зусім тое, што мы разумеем пад культурным жыццём, ды і наўрад ці вам пашанцуе сустрэць прафесіянала флэйрынгу недзе, акрамя як у дарагім ды прэтэнцыёзным бары. Не раз гучаў са сцэны і напамін пра тое, што алкагалізм — адна з прафесійных барменскіх хваробаў.
Аднак калі ўсё-ткі выпіваць — то лепей рабіць гэта з шыкам і гумарам, ды з іскрамётным шоу на закусь. Прынамсі, большасць гасцей мерапрыемства разумела тое вельмі добра — дарэчы, гэта збольшага былі людзі, таксама занятыя ў барнай справе. Гэта было іх прафесійнае свята — і, каб развеяцца перад доўгімі працоўнымі начамі, яны актыўна суперажывалі канкурсантам ды шчыра пасмейваліся з камічных сцэнаў.
Адзін з барменаў-канкурсантаў забаўляў публіку, пазіруючы перад фотаздымачом з ажно двума таўшчэзнымі цыгарамі ў роце, быццам у песні «Ляпіса Трубяцкога». Іншы — не будзем называць яго імя — толькі выйшаўшы на сцэну, даведаўся, што на ім павінна быць рэкламная майка з лагатыпамі спонсараў, і без вялікай сарамяжлівасці пераапрануўся, паказаўшы люду свой не надта загарэлы торс.
Было з чаго пасмяяцца, аднак галоўнае — было і чаму падзівіцца: як звычайная працэдура пералівання гарэлкі з бутэлькі ў шклянку ператвараецца ў неверагоднае відовішча, што дэманструе вялікую волю ды нечалавечы спрыт.