Naka знялі кліп-зварот маці да сына

Кліп на песню "Трывай" ад беларускага гурта Naka з'явіўся на старонцы ў Youtube з подпісам: "Песня шырокая па сэнсе. Калі слухаць тэкст, то можна прачытаць гісторыю між хлопцам і дзяўчынай, а можна ўявіць зварот маці да сына. І вось гэты план мы паспрабавалі адлюстраваць. Задума вельмі простая: мама звяртаецца да сына, які сыходзіць на вайну…"



Песня "Трывай" уваходзіць у новы беларускамоўны альбом гурта Naka пад назвай “Мая малітва”.

Новы кліп стаў дэбютам лідаркі гурта Насты Шпакоўскай у якасці рэжысёра. У ролі сына, да якога звяртаецца галоўная гераіня -маці, ў кліпе зняліся дзеці музыкаў: сын клавішніцы Ірыны Кліменка - Сцяпан і сын былога бас-гітарыста Сяргея Пузевіча - Фёдар, а таксама беларускі акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. М. Горкага Андрэй Сенькін.

Зразумела, нам хацелася прыцягнуць увагу і да кліпа, і да тэмы песні. Праца атрымалася сур'ёзнай і складанай, — распавядае аўтар ідэі Наста Шпакоўская ў прэс-рэлізе. — Так як відэа знята адным планам, то самае цікавае рабілася за кадрам: адбываліся падмены дзяцей, катоў… Дарэчы, было чатыры дублёры кацянят. Мы спадзяемся, што здолелі данесці да гледача нашу задуму, і яна атрымае свой водгук”.

Упершыню песню "Трывай" слухачам удасцца пачуць са сцэны 8 сакавіка ў клубе RE:PUBLIC, дзе запланавана прэзентацыя альбома "Мая малітва.