На дошку Васіля Быкава сабралі грошы за пяць дзён. Прычым знайшоўся нечаканы спонсар
Глеб Лабадзенка паведаміў у сваім фэйсбуку, што за пяць дзён сабралі грошы на мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Быкава. Прычым віцебская фірма «Рубікон», што займаецца вытворчасцю лекаў, дала 68% сродкаў.
«Калядны цуд! Пяць дзён таму, на адкрыцці дошкі Рыгору Барадуліну, было абвешчана пра збор сродкаў на дошку Васілю Быкаву — на дом у Менску, дзё пісьменнік пражыў больш за 20 год. За гэтыя 5 дзён людзі сабралі 32% (!) неабходных сродкаў, самую істотную суму ўнёс спадар Ігар Жабароўскі! А ўчора на сувязь выйшла віцебская фірма «Рубікон», якая займаецца вытворчасцю лекавых сродкаў. Дырэктар, спадар Віктар Фарбер выказаў гатоўнасць аплаціць усю суму, якой не хапае. А ўжо сёння яны даслалі дамову ахвяравання, дзе значылася якраз тая сума! Такім чынам, фірма «Рубікон» пакрыла 68% неабходных сродкаў, рэшту сабралі людзі (ахвяравалі 60 чалавек). Вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся! Нізкі паклон кіраўніцтву прадпрыемства «Рубікон»!», — напісаў Глеб Лабадзенка.
Такім чынам, збор сродкаў на памятную дошку Васілю Быкаву завершаны, цяпер пачынаецца працэдура ўзгаднення і ўласна стварэння дошкі. Справы гэта няхуткія, але, спадзяюся, да канца 2018 года ўсё зробім!
Паводле «Нашай Нівы»