Мінскі кінафестываль «Лістапад» страціў міжнародны статус
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў кіраўнік «Беларускага фонда культурнай салідарнасці», прадзюсар і музычны крытык Сяргей Будкін.
«Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадзбсараў
(FIAPF) Луіс Скалела адказаў нам у лісце, што прынята рашэнне аб пазбаўленні
акрэдытацыі гэтага кінафестывалю, — напісаў Сяргей Будкін. — Людзі са свету кіно разумеюць, што немагчыма
правядзенне маштабнага мерапрыемства ў краіне, дзе актывістаў дзясяткамі
тысяч кідаюць у турмы, звальняюць, забіваюць, што арганізатар фэсту (з гэтага
года — Мінкульт) цэнзуруе ўсё жывое, а інфапартнёр фэсту (БТ) паказвае ў эфіры
здзекі з палітвязняў».
Таксама Сяргей Будкін згадвае, што ў гэтым годзе «Лістапад» перадалі іншым арганізатарам:
«Спадар Скалела заўважае ў сваім лісце, што ідэйная і структурная трансфармацыя фэсту несумяшчальная з прынцыпамі і каштоўнасцямі FIAPF. Сёлета фэст адціснулі ў цудоўнай і крэатыўнай каманды з прыватнай арганізацыі "ART CORPORATION" і перадалі ідэолагам ды беспрынцыпным кар’ерыстам.
Фактычна гэтым самым перакрэсленая каласальная праца, якую
зрабіла гэтая каманда за 11 гадоў. Скасаваны нацыянальны конкурс, конкурс "Маладосць на маршы", конкурс нацыянальных кінашкол і наогул
арыгінальная канцэпцыя, якая палягала ў асэнсаванні досведу посткамунічных
краін. Фэст адкацілі да маргінальнага ўзроўню рускай правінцыі, чарговага
ідэалагічнага мерапрыемства дзеля птушачкі».
«Лістапад» — штогадовы кінафестываль, які праводзіцца з 1994 года ў Мінску. Раней фестываль быў акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як спецыялізаваны конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, а таксама краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.