“Краіна Беларусь” загаварыла па-англійску
У славацкім выдавецтве “Kalligram” (Браціслава) выйшаў у свет англійскі пераклад папулярнай кнігі Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча “КРАІНА БЕЛАРУСЬ” — “THIS COUNTRY CALLED BELARUS. AN ILLUSTRATED HISTORY”.
Аўтар перакладу і ўступнага слова да англійскамоўных чытачоў — знакаміты вядомы брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі.
Ідэя гэтага выданьня з’явілася даўно, але набыла рэальныя абрысы, калі ёю натхнілася вядомая грамадзкая дзяячка Вольга Стужынская.
Кніга ўводзіць у свет нашай мінуўшчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыя Беларусі разглядаецца як частка агульнаеўрапейскага развіцця цывілізацыі. Тэкст суправаджаюць каля дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку ўнікальныя летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фотаздымкі. Кніга пераканаўча сцвярджае, што беларусы гістарычна, культурна і ментальна належаць да Еўропы.
Гэта — першае англійскамоўнае выданне такога кшталту, прысвечанае гісторыі Беларусі і створанае беларускімі аўтарамі.
Прэзентацыі кнігі, апрача Менска, плануецца правесці ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах.
Адначасова тое самае славацкае выдавецтва выпусціла рускамоўны пераклад “Краіны Беларусі”.
Гэтымі днямі абодва выданні паступяць у “Акадэмкнігу” ды іншыя кнігарні.
Кнігавыдаўцы мяркуюць, што пераклады кнігі “Краіна Беларусь” не толькі зацікавяць замежных вучоных і дыпламатаў, прадпрымальнікаў і турыстаў, але і значна павялічаць колькасьць сяброў нашай краіны.