“Калядны харал” у гонар Калядаў і юбілею Дыкенса (можна спампаваць)

Адзначыць блізкія Каляды, а таксама 200-годдзе класіка ангельскай літаратуры Чарлза Дыкенса “ПрайдзіСвет прапануе за чытаннем яго самай знакамітай аповесці “Калядны харал. На беларускую мову аповесць, што выйшла электроннай кнігай у выдавецтве Змітра Коласа, пераклала Ганна Янкута. “Калядны харал даступны для пампавання ў двух фарматах, прызначаных для электронных чыталак: .EPUB і .MOBI.



cover_d.jpg

“Калядны харал — першая калядная аповесць, напісаная Чарлзам Дыкенсам, і ўвогуле першая ў свеце гатычная калядная аповесць, якая запачаткавала цэлы жанр, што дагэтуль не страчвае папулярнасці. Не страчвае папулярнасці і сам “Калядны харал — у Вялікабрытаніі гэтая кніга ўвесь час дадрукоўваецца і ніколі не знікае з кнігарняў, асаблівы попыт маючы, безумоўна, у перадкалядны час. Імя “Скрудж даўно ўвайшло ў ангельскія слоўнікі як сінонім да слова “скнара, а любімы выраз галоўнага героя “Цьху, шахрайства! даў, напрыклад, назву гатунку піва. Напісаны з мэтай прыцягнуць увагу да вострых сацыяльных праблемаў, “Калядны харал зрабіўся адной з самых дасціпных у ангельскай літаратуры кніг для чытачоў усіх узростаў, такім самым сімвалам зімовых святаў, як вастраліст, смажаная гуска і калядны пудынг.
Перакладчыца дзякуе Антону Францішку Брылю і Кацярыне Маціеўскай за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання.
Спампаваць кнігу можна тут: http://www.prajdzisvet.org/text/1212-kaliadny-kharal.html
Рэдакцыя часопіса "ПрайдзіСвет" (http://prajdzisvet.org/)