Як знайсці сваяка ў ЗША, Аўстраліі ці Лельчыцах? Тэст ДНК!
Тэсты ДНК — ужо не экзотыка. За некалькі дзясяткаў ці соцень даляраў можна даведацца, да якіх хвароб вы схільныя, атрымаць поўны генетычны пашпарт ці раскрыць іншыя сакрэты свайго генетычнага кода. Гісторыі беларусаў, якія ўжо наважыліся на гэта.
«Такія вынікі могуць расказаць пра тое, чаго не раскажуць ужо ні продкі, ні дакументы»
Наталля Гарковіч пачала пошукі каранёў ужо немаладой. Першыя крокі ў вывучэнні генеалогіі — гэта апытанне родных і даследаванне сямейных архіваў (фотаздымкі, дакументы). Наталля расказвае, што яна шмат займалася сваёй генеалогіяй і працавала з архіўнымі крыніцамі, у тым ліку з метрычнымі кнігамі і рэвізскімі сказкамі, якія фіксуюць і імёны, і сацыяльны статус продкаў. Ёй пашчасціла знайсці шмат продкаў па трох галінах: да дзявятага, сёмага і шостага пакалення, але беларуска падкрэслівае, што архіўны пошук — не вычарпальная крыніца, піша «Наша Н*ва».
Таму Гарковіч вырашыла папоўніць свае генеалагічныя веды з дапамогай ДНК. Яна мае багата сяброў з досведам у гэтай сферы, у тым ліку архівістаў, працавала ў архіве і сама, і шмат хто з яе знаёмых давярае гэтаму метаду. Ён часам дае нечаканыя звесткі, дзякуючы якім можна атрымаць багата новых ведаў пра радавод. Бывае, што ў архіўных пошуках продкаў людзі заходзяць у тупік, а ДНК-тэсты могуць з яго вывесці і падказаць напрамкі далейшых пошукаў. Каб даследаваць генеалогію праз ДНК, не абавязкова мець распрацоўкі па пошуках продкаў іншым чынам, але лепш ведаць асноўныя родавыя прозвішчы, каб больш якасна асэнсаваць вынікі.
Наталля падказвае, як атрымаць больш дакладныя вынікі: «ДНК-тэсты лепей пачынаць не з сябе, а са сваіх родных, бо тады можна даведацца пра сваіх продкаў на пакаленне-два глыбей, чым калі будзеце тэставаць сябе. Для гэтага дастаткова ведаць, хто найстарэйшы жывы чалавек з твайго роду, у маім выпадку гэта быў 90-гадовы татаў дзядзька па мужчынскай лініі Антось Гарковіч і татава цётка па жаночай лініі Анюта, у дзявоцтве Лысая. Потым трэба было замовіць набор для тэставання, атрымаць згоду гэтых людзей, каб я іх пратэставала, і самае складанае — растлумачыць ім, навошта гэта».
Як з усяго асартыменту тэстаў выбраць адзін? «Шмат фірмаў робяць ДНК-тэсты, яны працуюць у розных краінах, і ў іх часта ёсць свая спецыфіка. Напрыклад, ёсць фірма, якую стваралі, каб шукаць праз ДНК габрэяў, і, адпаведна, у іх вялікая база даных па габрэях. Я выбрала адну з амерыканскіх фірмаў, яна лічыцца больш вартай даверу. Там можна было замовіць аўтасомны тэст, то-бок агульны, а таксама тэсты на продкаў па жаночай і па мужчынскай лініях.
Я набыла самы танны тэст, ён каштаваў 79 даляраў, і аплаціла перасылку, больш глыбокія тэсты каштуюць даражэй. Гэта нятанна, але фірмы часта робяць зніжкі. У выніку я знайшла траюрадную сястру свайго бацькі, Джэніс, раней мы не ведалі адна пра адну. Але яна, як і я, цікавіцца генеалогіяй, і з яе боку тэсты прайшлі ўсе сваякі, каб сабраць максімум генетычнай інфармацыі і даведацца пра сваю сям’ю як мага больш».
Наталля тлумачыць: калі вы здаяце тэст, вы падпісваеце дамову, каб у выпадку супадзенняў вам маглі напісаць вашы новыя сваякі. Кожная фірма мае нейкую базу людзей, якія пратэсціліся, і дзякуючы гэтай выбарцы яны могуць з большай ці меншай дакладнасцю сказаць, адкуль родам могуць быць вашы продкі. А яшчэ існуюць агрэгатары вынікаў тэстаў ад розных фірмаў, і калі туды ўводзіць свае вынікі, можна знаходзіць супадзенні незалежна ад таго, у якой фірмы вы набывалі тэст.
Ад моманту, калі генетычны матэрыял Антося трапіў у лабараторыю, да атрымання вынікаў прайшло некалькі тыдняў. На анлайн-платформе Наталля пабачыла колькасць супадзенняў пэўных блокаў ДНК з людзьмі, якія тэставаліся ў гэтай кампаніі. Выпала супадзенне з катэгорыі «стрыечны брат ці сястра /дзядзька ці цётка», і людзі з таго боку самі напісалі беларусцы: «Хто вы? Мы займаемся генеалогіяй ужо 20 гадоў, але ніколі не мелі такога блізкага супадзення!».
Аказалася, што гэтыя сваякі Гарковіч пратэставалі старога чалавека ў дзень яго смерці, дзядзьку Джэніс. Ён быў стрыечным братам стрыечнага дзеда Наталлі, і калі б не было ДНК-тэста, яны б ніколі не знайшлі адзін аднаго. Сем’і і Наталлі, і Джэніс паходзілі з дзвюх палескіх вёсак, і новыя сваякі напісалі Гарковіч, якія прозвішчы ёсць у іх генеалогіі. А яна ведала прозвішчы, якія былі ў яе родзе, у тым ліку дзявочае прозвішча прабабулі, таму адразу зразумела, хто былі гэтыя людзі.
Як жа палешукі апынуліся па іншы бок акіяна?
«Продкі новай сваячкі разам з дзецьмі з’ехалі з Беларусі ў Канаду ў канцы 1920-х гадоў. Яшчэ па дарозе туды ў іх сям’і нешта не заладзілася, а калі яны дабраліся да месца, пачалася Вялікая дэпрэсія. Утрымоўваць дваіх дзяцей камусьці аднаму з бацькоў было складана, таму яны іх аддалі ў сацыяльную апеку, адкуль дзяцей усынавілі мясцовыя фермеры. Малыя, блізнюкі Пятро і Павал, атрымалі іншае прозвішча — Хобс, і толькі дзякуючы ДНК-тэсту я змагла знайсці іх нашчадкаў».
Сваячка напісала Наталлі: «Калі мы атрымалі ваш ліст, мы плакалі, бо не ведалі, што вы існуяце!».
Для беларускі гэта таксама было вялікім узрушэннем. А вось дзядзька таты Наталлі згадаў, што сястра яго маці з’ехала ў Амерыку. Аказалася, што новыя сваякі Наталлі рабілі запыт у Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску і нават прыязджалі на Палессе.
«Самае каштоўнае — тое, што я пазнаёмілася з новымі людзьмі, а таксама тое, што ў іх былі дакументы аб нараджэнні тых блізнюкоў, Пятра і Паўла, дзе напісана, з якой вёскі родам іх маці. Зразумела, што адтуль жа была і мая прабабка, і ў выніку я змагла прасунуцца далей у сваіх пошуках.
Бываюць дужа цікавыя вынікі, якія дазваляюць глыбей зразумець гісторыю сям’і, знайсці страчаных сваякоў або прыкладны рэгіён, адкуль пайшла ваша сям’я. У любым выпадку, супадзенні будуць, проста пытанне ў тым, наколькі яны будуць да вас блізкія. Гэта можа быць не першае-другое пакаленне, як у мяне, а пятае-шостае. Але нават такія вынікі могуць расказаць пра тое, чаго не раскажуць ужо ні продкі, ні дакументы», — падсумоўвае Наталля.
«Самы поўны тэст па Y-храмасоме каштуе без зніжкі 449 даляраў»
Журналіст Максім Гацак зрабіў першы тэст ДНК 11 гадоў таму. Ён тлумачыць, што генетычны аналіз дапаўняе звычайныя звесткі, якія можна атрымаць з дапамогай архіваў, бо часам не ўсё можна даведацца — можа не хапаць нейкіх даных ці дакументаў. Сам Гацак у пошуку продкаў звяртаўся і да афлайнавых, і да анлайнавых архіваў, і часам гэта было паспяхова. Але хацелася паглядзець глыбей.
Наборы для тэстаў мужчына замовіў на сайце familytreedna.com:
«Там часта бываюць сезонныя зніжкі, калі можна ўсё набыць танней. Зніжкі дасягаюць 50 даляраў, што важна, бо самі тэсты — нятаннае задавальненне. Напрыклад, самы поўны тэст па Y-храмасоме каштуе без зніжкі 449 даляраў — праўда, яго можна набываць у растэрміноўку. Сабе я зрабіў тры розныя тэсты, яшчэ некалькі — сваякам.
Лічу, гэтыя тэсты сябе апраўдалі, бо аналіз у тым ліку паказаў месца жыхарства маіх продкаў умоўна на тысячу гадоў таму і засведчыў маё дакладнае генетычнае паходжанне, паказаў невядомых мне сваякоў. Паступова, як новыя людзі будуць рабіць аналізы, колькасць звестак мусіць павялічвацца».
Таксама Гацаку сталі вядомы шляхі міграцыі яго продкаў, пачынаючы з Афрыкі дзясяткі тысяч гадоў таму.
Беларус дазнаўся, што яго продкі былі так званымі «паморскімі славянамі» — каля тысячы гадоў таму яны жылі на тэрыторыі паўночнай Польшчы, так званага Памор’я, верагодна, на тэрыторыі сённяшняга Куяўска-Паморскага ваяводства. Пасля, хутчэй за ўсё ў часы Рэчы Паспалітай, яны перасяліліся ў Беларусь.
Гэта інфармацыя дапаўняе звесткі, атрыманыя ў архівах. Там першая згадка аб продках Максіма — за 1773 год, і з’явіліся яны на Беларусі, пад Бабруйскам, толькі за пару дзесяцігоддзяў да таго. Адкуль з’явіліся, няма пакуль звестак.
Інфармацыя з ДНК-тэстаў дае Гацаку некалькі падказак для далейшага пошуку: «У тым польскім рэгіёне, дзе жылі мае продкі, шмат людзей з прозвішчам, якое пачынаецца на «Гац-». Але ж рэгіён за апошнія 500-600 гадоў надта змяніўся, і таму сказаць, дзе канкрэтна жылі продкі, пакуль немагчыма. Аднак існуе надзея, што хтосьці з падобным прозвішчам таксама зробіць аналіз ДНК, і тады будзе прасцей знайсці сваяка. Пакуль ніхто з такім прозвішчам, хто б быў маім сваяком, такога тэста не рабіў».
Гэтыя вынікі даў аналіз ДНК у мужчынскай Y-храмасоме. А вось вынікі аўтасомных тэстаў, падказвае журналіст, могуць быць не вельмі рэлевантныя для Беларусі і для тых людзей, чые продкі стагоддзямі жылі ў адным рэгіёне. Даведацца па аўтасомах этнічную прыналежнасць таксама не атрымаецца, толькі агульны рэгіён паходжання, які ў большасці ДНК-кампаній уключае адразу некалькі краін.
Ці раіў бы Гацак рабіць такія тэсты? «Усё залежыць ад таго, якія звесткі чалавек хоча атрымаць. Ніхто вам не пакажа вашых вялікіх продкаў, вашу нацыянальнасць, бо генетычна — па аўтасомным ДНК — беларусы мала адрозніваюцца ад суседніх народаў. Але калі вы сапраўды хочаце даведацца карані, такія тэсты варта рабіць.
Таксама чым больш людзей робяць ДНК-тэсты, тым больш ёсць звестак у базе ДНК, адпаведна, больш і магчымасцей для параўнання. Але людзі, якія шукаюць, павінны разумець, што дае тэст і чаго ён не дае. Ёсць людзі, якім не падабаюцца вынікі, бо яны бачаць не тое паходжанне або атрымліваюць мала інфармацыі».
Калі вы ўжо вырашылі рабіць тэсты, то Гацак раіць не марнаваць грошы на тых, хто робіць няякасныя тэсты або мае маленькую базу. Па досведзе Максіма, тэсты на Y-храмасому і мітахандрыяльную ДНК (яна перадаецца па жаночай лініі) варта рабіць на familytreedna.com, а аўтасомныя тэсты лепш рабіць у фірмы 23andme.
«Мяне здзівілі 8% балканскіх каранёў. Магчыма, цяпер крыху больш сябе разумею»
Журналіст Зміцер Бяганскі пачаў запаўняць сваё генеалагічнае дрэва некалькі гадоў таму. Для пачатку апытаў пра продкаў бабулю і дзядулю, а таксама бацькоў, але пачуў няшмат новай інфармацыі: «Яны памяталі, калі нарадзіўся продак і калі памёр, дзе жыў і кім працаваў, але знайсці нешта больш падрабязнае было складана, у некаторых выпадках увогуле ведалі толькі імя. З іншага боку, знайшоў сваю прабабулю, якая жыве ў беларускай вёсцы, ёй ужо 94 гады. Дазваніўся да яе праз вайбер, ёй дапамагала з тэлефонам дачка, задаў прабабулі шмат пытанняў і змог дадаць у спіс яшчэ чалавек 30. Раней у людзей было па шэсць-восем дзяцей у сям’і, таму і дрэва сямейнае ў мяне так моцна папоўнілася. З гэтымі людзьмі таксама можна звязацца, але пакуль што не маю часу гэтым заняцца».
Хлопец расказвае, што яму было складана патлумачыць прабабулі, навошта ён распытвае аб продках — на яе думку, «тыя старыя ўжо нікому не цікавыя».
А таксама дзеліцца лайфхакам: па досведзе Змітра, у пошуку сваякоў дужа дапамагае сацсетка «Аднакласнікі», бо менавіта там, а не ў фэйсбуку ці інстаграме, сядзяць людзі 50+.
У «Аднакласніках» таксама можна па адкрытых даных знайсці людзей, прагледзець іх сваяцкія сувязі, пабудаваць ланцужкі паміж людзьмі і паглядзець іх фотаздымкі.
Без аналізу ДНК Зміцер здолеў знайсці продкаў да шостага калена, самага далёкага вядомага яму продка звалі Тамаш Русіновіч. Таксама беларус даведаўся, што шмат яго продкаў працавалі ў калгасах і вёсках, некаторых з іх пасля вайны выслалі ў Таджыкістан.
На думку Змітра, лагічны працяг пошукаў — зрабіць ДНК-тэст, каб пабачыць, магчыма, нейкіх невядомых сваякоў. Дзякуючы яму можна знайсці ў іншых краінах новыя знаёмствы.
Скрынка з матэрыяламі для тэсту каштавала хлопцу 50 даляраў, але ён заплаціў амаль столькі ж за дастаўку свайго ўзору ў Амерыку. Спачатку Зміцер адкладаў на тэст грошы, але яго сваякі, якія ведалі пра захапленне хлопца генеалогіяй, самі падарылі яму тэст фірмы MyHeritage. Скрыня ішла да хлопца некалькі тыдняў, яшчэ некалькі тыдняў ён чакаў вынікаў.
І вынікі не расчаравалі: «Чакаў, што збольшага мае продкі — усходнееўрапейцы, магчыма, маю трохі каранёў у Заходняй Еўропе, але мяне здзівілі 8% балканскіх каранёў. Магчыма, цяпер крыху больш сябе разумею, ведаю, чаму экспрэсіўна рэагую на несправядлівасць.
Вынікі тэста вельмі крута аформлены, і гэта падабаецца нават больш, чым сама інфармацыя, якую я даведаўся, падача вырашае. Пабачыў статыстыку, перасячэнні па ДНК з іншымі людзьмі, гэтага я і чакаў. Даведаўся пра больш за 5 тысяч далёкіх сваякоў, у якіх са мной супадзенне па ДНК на 1%, прыкольна павывучаць іх, напісаць ім і даведацца іх меркаванне пра тое, што мы з імі на 1% падобныя. На жаль, не знайшоў больш блізкіх сваякоў, але гэта, мне здаецца, задзел на будучыню. У Беларусі не так шмат людзей робяць такія тэсты, гэта хутчэй забава для заходнікаў, таму, спадзяюся, у будучыні, калі больш людзей зробяць тэст, будуць новыя супадзенні.
Таксама я праз радавод знайшоў у Батумі, дзе жыву цяпер, траюрадную сястру, яна сюды нядаўна пераехала. Калі ты ведаеш, што чалавек існуе, а раней ты пра яго не чуў, гэта вельмі цікава, тым больш што ў нас знайшлося вельмі шмат супольнага».
Цікавасць да генеалогіі яшчэ і матывуе Змітра палепшыць адносіны з некаторымі з родных. Хлопец не камунікуе са сваякамі па бацькоўскай лініі, але ведае, што сястра яго бацькі склала генеалагічнае дрэва сям’і. Таму Бяганскі спадзяецца, што любоў да каранёў некалі парушыць сцяну паміж ім і роднымі.
Зміцер характарызуе задуму з тэстам як дужа цікавую. Цяпер, калі ён не можа вярнуцца ў Беларусь, такія пошукі звязваюць яго з часам на Радзіме і сваякамі: «Я нарадзіўся ў вёсцы ў Нясвіжскім раёне і ведаю, як гэта крута, калі ты маеш шмат знаёмых. Таксама мне падабаюцца розныя фальклорныя рэчы: вёў суполку сваёй вёскі, шукаў нейкія навіны для яе. З намі звязаны беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн, і я знайшоў пра яго шмат фактаў: ён пацярпеў і ад палякаў, і ад немцаў, і яшчэ ад савецкіх улад. Цікавасць да гісторыі, да роднага краю — тыя рэчы, якія мяне з ім яднаюць цяпер».