9 галоўных суддзяў Беларусі 1994 года: што з імі стала?
У гэты дзень далёкага 1994 года ў склад новага вышэйшага судовага органа Беларусі — Канстытуцыйнага суда — былі абраны дзевяць чалавек. Яны абавязаліся абараняць права і закон, але ўсё пайшло цераз пень-калоду. Як склаўся лёс тых, хто мусіў абараняць краіну ад беззаконня гарлапана, які дарваўся да ўлады.
Рыма Філіпчык
На момант абраньня ў Канстытуцыйны суд была судзьдзёй у іншай інстанцыі, у Вярхоўным судзе.
Заставалася ў складзе Канстытуцыйнага суду да 2008 году. За гэты час пасьпела ў 2002 годзе атрымаць Ганаровае званьне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь» за значны ўклад ва ўдасканаленьне прававой сістэмы рэспублікі, умацаваньне канстытуцыйнай законнасьці.
Філіпчык падчас абмеркаваньня зьменаў Канстытуцыі 1994 году, якія прапанаваў Лукашэнка ў 1996-м, адзначыла між тым наступнае:
«Канстытуцыйны суд пазбаўляецца незалежнасьці, прыніжаецца ягоная роля і значнасьць. Судовая галіна ўлады трапляе ў поўную залежнасьць ад Прэзідэнта. Мае месца прыняцьце новай Канстытуцыі».
Але дзіўным чынам пасьля такога яна працягнула працаваць у залежным судзе яшчэ тузін гадоў.
Адзначылася спадарыня Рыма і нядаўна. Сёньня яна зноў працуе ў Вярхоўным судзе. У 2021 годзе прыняла рашэньне задаволіць пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». А таксама яна вынесла прысуд аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“».
Валянціна Падгруша
Гэтая жанчына пражыла жыцьцё ў Канстытуцыйным судзе. Як трапіла туды ў 1994 годзе, так і сышла толькі ў 2019-м.
Таксама парадокс у ейнай кар’еры зьвязаны з тым, што ў лёсавызначальным 1996 годзе падчас разгляду Канстытуцыйным судом лукашэнкаўскіх правак Галоўнага закона Падгруша заявіла:
«Фактычна ідзе размова аб працягу тэрміну паўнамоцтваў Прэзыдэнта да 7-8 гадоў, абыходзячы выбары». Сьмелая заява, і застаецца толькі здагадвацца, што і каму магла прадаць спадарыня Валянціна, каб пратрымацца ў КС 25 гадоў.
У 2017 годзе Падгруша казала ў інтэрвію: «Сёньня на беларускай мове прымаюцца асобныя законы сацыяльнай ськіраванасьці, напрыклад, Кодэкс аб культуры і іншыя. Пытаньне пра выданьне законаў на дзьвюх мовах патрабуе свайго рашэньня. Праўда, нельга скідаць з рахункаў, што гэта пацягне значныя выдаткі».
Валеры Ціхіня
У 1994 годзе напярэдадні свайго прызначэньня спадар Ціхіня працаваў загадчыкам катэдры права Акадэміі кіраваньня пры Савеце Міністраў Беларусі. Пасьля абраньня ў шэрагі КС менавіта Ціхіня быў прапанаваны на пасаду старшыні, дзе і дачакаўся сваёй адстаўкі напрыканцы 1996 году.
Ціхіня разглядаўся першапачаткова як таварыскі партнэр Лукашэнкі, бо падчас паседжаньняў Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня раз-пораз падтрымліваў захады будучага дыктатара. У прыватнасьці, Ціхіня быў адным з нямногіх дэпутатаў, хто 14 сьнежня 1993 году падтрымаў «антыкарупцыйны даклад» Лукашэнкі.
Але разам з тым з набыцьцём уласнай рэальнай адказнасьці за лёсавызначальныя падзеі ў краіне Ціхіня праявіў сябе, няхай і з выключэньнямі, зь лепшага боку.
З пасланьня Ціхіні Вярхоўнаму Савету ў 1995 годзе вынікала, што галоўным парушальнікам заканадаўства выступіў кіраўнік дзяржавы: па словах Ціхіні, 11 з 14 прэзыдэнцкіх указаў цалкам ці часткова не адпавядалі Канстытуцыі.
Выступ Ціхіні меў пэўны рэзананс, прымусіў нават тых дэпутатаў, якія былі лаяльныя да Лукашэнкі, рабіць высновы.
У выніку пасьля рэфэрэдуму 1996 году, па новай лукашэнкаўскай Канстытуцыі, 6 сябраў КС прызначаліся асабіста ім. Ціхіня быў зьняты.
На 2023 год Валеры Ціхіня, які мае ўжо 82 гады, лічыцца сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі, а да таго часу працаваў у БДЭУ.
Ксенія Хома
На момант прызначэньня працавала ў Менскім гарадзкім судзе. У 1996 годзе Ксенія Хома пісала:
Значэньне і роля Канстытуцыйнага суду істотна прыніжаны, абмежаваная кампетэнцыя, звужанае кола суб'ектаў, якія маюць права зьвяртацца ў КС. Патрабаваньні да кандыдатаў на пасаду судзьдзі такія, што давядзецца замяніць цяперашні склад КС».
Аднак Ксенія, якая пасьля зьмяніла прозьвішча на Кенік, здолела пратрымацца аж да 2008 году. Цікава, як можна наступіць на жабры самой сабе і ўсім сваім (паверым, што на 1996 год шчырым) перакананьням дзеля працягу сядзеньня на хлебным месцы.
Пасьля 2008-га папрацавала ў Вярхоўным судзе, рабіла публікацыі ў спэцыялізаваных выданьнях. Самая апошняя публікацыя датуецца 2023 годам. Пытаньне, на якое адказала дацэнт, гучыць наступным чынам:
Ці можна сумяшчальніку выплачваць выходную дапамогу, прадугледжаную арт. 48 ПК, пры наяўнасьці такой умовы ў калектыўнай дамове (пагадненьні)? І ці можна гэтую ўмову ўключыць у калектыўную дамову супрацоўніка?
Валеры Фадзееў
Пратрымаўся ў Канстытуцыйным судзе з пачатку і да канца 1996 году.
На сёньня ён Старшыня Апякунскай рады інфармацыйна-асьветніцкага фонду «Новая Эўразія». Асноўныя кірункі дзейнасьці Фонду ўключаюць разьвіцьцё эканамічнай і бізнэс-адукацыі, мясцовае эканамічнае разьвіцьцё, развіцьцё юрыдычнай клінічнай адукацыі, а таксама арганізацыйнае разьвіцьцё некамерцыйных арганізацыяў.
Сярод донараў арганізацыі: Эўракамісія, МЗС Нарвэгіі, Фінляндыі, Нідэрляндаў.
Валеры ўдзельнічаў у эвангелізацыйных мерапрыемствах пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё».
Напісаў 20 кніг і 500 артыкулаў.
Станіслаў Тышкевіч
Як і Валеры Фадзееў, пакінуў шэрагі Канстытуцыйнага суду ў сьнежні 1996 году. На момант абраньня быў начальнікам катэдры расьсьледаваньня злачынстваў Акадэміі міліцыі МУС.
Пра асобу нашчадка знакамітага шляхетнага роду сьведчыць наступнае выказваньне:
«Прэзыдэнцкі праэкт зьменаў Канстытуцыі ўяўляе сабой нейкі прававы «вінэгрэт», у якім завуалявана працягваецца адзінаўладзьдзе адной асобы з практычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Застаецца дапісаць ... што пасада прэзыдэнта перадаецца па спадчыне, і мы будзем мець сумесь клясычных варыянтаў дэспатыі і абсалютнай манархіі».
На жаль, пра сёньняшні лёс спадара Станіслава не атрымалася даведацца.
Мікалай Серада
Намесьнік міністра ўнутраных справаў на момант абраньня ў КС 1994 году, пазбавіўся свайго месца ў 1996-м. Пасьля сканчэньня працы вярнуўся ў МУС.
Стаў генэралам міліцыі, наведваў розныя прарэжымныя акцыі, дзе выступаў з памятнымі словамі. На 2021 год ён яшчэ працягваў сваё турнэ ветэрана органаў унутраных справаў.
Рыгор Васілевіч
Трапіў у судзьдзі КС, а пазьней пасьля разгрому дэмакратычных істытуцый Беларусі, да якіх прыклаў руку, узначаліў Канстытуцыйны суд у 1997 годзе. Працаваў на гэтай пасадзе да 2008 года, пры ім прайшлі шматлікія рэфэрэндумы і так званыя выбары. Пасьля стаў генэральным пракурорам Беларусі, дзе і напаткалі яго міжнародныя санкцыі ў 2011 годзе.
Як пішуць афіцыйныя даведнікі, аўтар больш за 1000 навуковых працаў, у тым ліку звыш 100 кнігаў і манаграфій, больш за 50 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. А мог быць проста прыстойным чалавекам тады, калі гэтага патрабаваў Закон.
На сёньняшні дзень пэнсіянэр Васілевіч зьяўляецца сябрам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Нядаўна рыхтаваў чарговыя зьмены свайму гаспадару ў Канстытуцыю.
Міхаіл Пастухоў
Спадар Пастухоў — той самы легэндарны судзьдзя КС. Менавіта ён атрымаў у 2018 годзе ганаровы мэдаль ад Рады БНР, а сёньня зьяўляецца аўтарам «Новага Часу».
Ён змагаўся з лукашэнкаўскай сыстэмай і быў выкінуты з Канстытуцыйнага суду загадам дыктатара ў пачатку 1997 году. Юрыст нядаўна, у 2020 годзе казаў: у Беларусі пасьля Лукашэнкі не павінна быць прэзыдэнтаў.
Былы судзьдзя працягвае займацца актыўнай дзейнасьцю.
«Цэнтральным Камітэтам БСДП 2 сакавіка 2023 году было вырашана скіраваць зварот у Канстытуцыйны суд з нагоды парушэньня Канстытуцыі пры прыняцьце Закона «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў», якім уносяцца праўкі ў Закон «Аб палітычных партыях». Аналіз новай рэдакцыі закону зрабіў сябра ЦК БСДП, прафэсар Міхаіл Пастухоў».
Такім чынам Пастухоў вяртаецца ў Канстытуцыйны суд, але сёньня — са скаргай і зваротам.