Хронікі рэпрэсій за 1 траўня

Навіны сённяшняга дня знутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Ваўкавыскім РАУСе 30 красавіка з акна выскачыў хлопец у кайданках — ён загінуў. Праўладныя тэлеграм-каналы пацвердзілі гэтую інфармацыю. Але, паводле іх слоў, загінулы хлопец нібыта «быў наркаманам». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка, верагодна, ідзе пра 24-гадовага Максіма Л. Дагэтуль няма дакладнай інфармацыі, за што хлопца затрымалі, але праваабаронцам вядома, што гэта адбылося ў Ваўкавыску 9 жніўня 2020 года.

Паліне Шарэнда-Панасюк не аддалі бандэроль з лекамі. Пасылка праз месяц вярнулася назад да бацькоў палітвязня з пазнакай «Адмова ад атрымання», паведаміў муж Паліны. Паўтара месяца таму Паліна перадала сям'і спіс лекаў, завераны лекарам калоніі. Лекі ад сіндрому Жыльбера палітзняволеная павінна піць раз на паўгода, таксама ёй неабходна піць вітаміны. Паводле слоў Андрэя Шарэнды, у яе значна пагоршыўся зрок — у пакеце таксама былі лекі для вачэй. Таксама стала вядома, што за апошнія 10 месяцаў Паліна правяла ў ШІЗА, карцары і ПКТ агулам 180 дзён. Палітзняволеная павінна была выйсці на волю 6 жніўня 2023 года, але цяпер тэрмін будзе хутчэй за ўсё падоўжаны, бо 16 траўня ў Рэчыцы яе зноў будуць судзіць.

Аўтара YouTube-канала «M*zgON» Уладзіміра Цыгановіча прысудзілі яшчэ да аднаго года калоніі ў дадатак да наяўных 15-ці. Паводле звестак праваабаронцаў, справа блогера разглядалася 10 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Мужчыну судзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). 

20 красавіка суд Савецкага раёна Гомеля пачаў разгляд справы пенсіянера Васіля Дземідовіча — паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт.391 КК («Абраза суддзі»). Суд яшчэ не скончыўся і працягнецца 2 траўня. Пры гэтым ужо 5 траўня супраць Дземідовіча пачнецца пяты судовы працэс — яго зноў абвінавачваюць паводле арт. 369 КК. Суд пройдзе ў Пухавічах, суддзя — Вольга Бабук. Раней Дземідовіча прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазней пенсіянеру далі яшчэ паўгода калоніі паводле новай справы. 23 сакавіка супраць яго адбыўся трэці суд у Драгічынскім раённым судзе, але вынік невядомы.

У Чыгуначным раёне Гомеля 28 красавіка агучылі прысуд па трэцяй крымінальнай справе супраць пружанскай актывісткі Алены Гнаук — адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Канчатковы тэрмін пакарання складае два гады і 11 месяцаў зняволення. Гэтым разам Алену абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі». 

Адваката Аляксея Бародку будуць судзіць за «ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці». Як стала вядома праваабаронцам, судовы працэс на адвакатам пройдзе 15 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Фалькоўская. Бародку прад'яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК («Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці»).

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1498 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1760 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 7 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.