Імбрычак, зэдлік і шыпшына: Фэст «Паўночнае ззянне» прэзентаваў свой трэйлер

Кінафэст «Паўночнае ззянне» пройдзе ў 8-ы раз з 20 па 30 лістапада. Сёлета фэст пройдзе ў гібрыдным фармаце.

zzjanne.jpg

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» прэзентаваў трэйлер гэтага года, які ў сакавітай форме нагадвае галоўны лейтматыў і слоган фэсту-2022 — «ЯК ДОМА». Трэйлер натхнёны маніфестам дырэктаркі фестывалю Волі Чайкоўкай, які можна прачытаць на афіцыйным сайце.

Фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе ў 8-ы раз з 20 па 30 лістапада. Сёлета фэст адбудзецца ў гібрыдным фармаце: беларускую праграму пакажуць offline ў Таліне, Рызе і Стакгольме, а online — будзе даступная ўся праграма «Ззяння-2022» зусім бясплатна. Каб глядзець добрае фестывальнае кіно, трэба будзе толькі зарэгістравацца, але рэгістрацыя яшчэ недаступная і адкрыецца пазней.


Штогод кінафестываль «Паўночнае ззянне» паказвае беларусам унікальныя фестывальныя карціны, а таксама прэзентуе сваім гледачам адметную, стылёвую канцэпцыю, якая складаецца з агульнай візуальнай айдэнтыкі, слогана, маніфеста, зместу праграмы фільмаў і трэйлера кінафестывалю. Каманда кінафестывалю ўжо хутка раскрые змест праграмы фільмаў і адкрые рэгістрацыю для іх прагляду. Цяпер жа гледачы могуць паглядзець трэйлер «Ззяння-2022»!

«Сёлета ў трэйлеры «Паўночнага ззяння» мы ў дынамічнай анімацыйна-графічнай форме візуалізуем наш маніфест і слоган «ЯК ДОМА». У трэйлеры мы шукаем адметныя для нас прадметы і з’явы, што нагадваюць дом і ствараюць дом вакол нас саміх: імбрычак, сланечнік, ложак, зэдлік, шыпшына, — разважае дырэктарка кінафестывалю Воля Чайкоўская. Гэтыя рэчы мы носім з сабой у думках ці ў чамаданах, як унутраны стрыжань, мы вяртаемся да іх, нагадваючы сабе, хто мы, адкуль ідзём і куды».

Трэйлер «Паўночнага ззяння»-2022


У гэтым годзе над трэйлерам працавалі, пераасэнсоўваючы паняцце дому, таленавітыя творцы: Юля Васільчэнка (графічны дызайн), Аня Працэнка (дызайн), Дзмітрый Калашнікаў (анімацыя), SG (гук). Зрэжысавала і спрадзюсавала ўсё Воля Чайкоўская.

Трэйлер складаецца з простых вобразаў, мінімалістычных форм і характэрных беларускіх слоў, якія дынамічна змяняюць адзін адно. Адна з цікавостак пра стварэнне трэйлера «Ззяння» ў тым, што графічная дызайнерка Юля Васільчэнка разам з дызайнеркай Аняй Працэнка прыдумалі агульную візуальную ідэю літаральна пасля 10 хвілін абмеркаванняў, бо FEELS LIKE HOME і візуальны прататып дома адразу наштурхнулі на тое, што адгукаецца.

«Выніковы трэйлер — гэта маленькае апавяданне аб тым, што мы раз'язджаемся і бяром з сабой нейкія рэчы, якія маюць для нас каштоўнасць. Можна было б нават катá намаляваць, — з усмешкай расказвае Юля Васільчэнка. — У гэтым выпадку рэчы не сімвал кансьюмерызму, а сімвал таго, што мы адчуваем сябе ўразлівымі ў сувязі з усімі падзеямі, а з'язджаючы з нашых дамоў бяром з сабой тыя рэчы, якія надаюць нам пачуццё бяспекі, дзе б мы ні апынуліся. Альбо мы спрабуем знайсці ўжо за мяжой нешта падобнае да таго, што для нас знаёмае і каштоўнае, альбо ўсміхаемся, калі прыходзім да кагосьці ў госці і бачым такія ж дробязі. Сімвалам таго, што мы раз'ехаліся, сталі стрэлкі. Яны могуць здацца проста афармленнем, але яны адлюстроўваюць пераезд, дарогу, трансфармацыю, і як кажуць: «раз'ехаліся на ўсе чатыры бакі» — вось і тут чатыры бакі свету».


Над трэйлерам «Ззяння-2022» працавала цэлая каманда прафесіяналаў. Каб іх працу ўбачылі як мага больш людзей, яны просяць падзяліцца трэйлерам з сябрамі ў сацыяльных сетках і за гарбатай на кухні побач з вашымі важнымі дробязямі, якія ствараюць дом.

Таксама каманда фестывалю будзе ўдзячна за падтрымку ў выглядзе даната на афіцыйным сайце кінафестывалю.

Паводле прэс-рэзізу