Топ-10 фільмаў з восеньскім настроем. Рамантычныя, драматычныя і мэлянхалічныя

Каляндар набліжаецца да сярэдзіны восені, яе праявы адчуваюцца ўсё мацней. Мы падрыхтавалі для вас дзесяць цікавых стужак, якія будзе карысна паглядзець увечары з пледам і цёплым напоем і на некалькі гадзінаў пагрузіцца ў іншы сьвет, поўны восеньскіх гісторый.

movie_1.jpg

Нумар 10. Практычная магія (Practical Magic). 1998



practical_magic.jpg

Распачынае наш сьпіс даволі лёгкая стужка Грыфіна Дана, у якой адна з лепшых акторак пакаленьня Ніколь Кідман і Сандра Балак граюць дзьвюх сёстраў, у якіх ёсьць самая сапраўдная сямейная адметнасьць: па дзявочай лініі шмат пакаленьняў перадаюцца здольнасьці да магіі. Ёсьць толькі адна недарэчнасьць — мужчыны ў іх сям’і ў сувязі з гэтым не жывуць шмат. Таму разьлічваць на доўгае шчасьлівае сямейнае жыцьцё не выпадае.

Гледачоў чакаюць магічныя дзеі, якія прыводзяць да рознай ступені посьпеху. Верагодна, кожная маленькая дзяўчынка марыла мець падобныя здольнасьці. За праглядам гэтай стужкі можна ўбачыць, да чаго можа прывесьці чараўніцтва.

 

Нумар 9. Легенды восені (Legends of the Fall). 1994



legends_of_the_fall.jpg

Гістарычная драма Эдварда Цьвіка пра перыяд грамадзянскай вайны ў Злучаных Штатах. У арыгінальнай назьве слова Fall грае рознымі сэнсамі — не толькі адценьнямі восені, але таксама зьвяртаецца да падзеньня, дакладней, да грэхападзеньня ў Раі. Камера з падкрэсьленай дакладнасьцю паказвае нам герояў гісторыі — бацькі ў выкананьні Энтані Хопкінса, яго трох сыноў, адзін зь іх быў увасоблены Брэдам Пітам, а таксама прыгожай паненкай — Джуліяй Армонд. Па меркаваньні амэрыканскай кінаакадэміі, апэратарская праца стала найлепшай у тым годзе.

Гісторыя, якая разгортваецца ўвосень, пачынаецца з таго, што малодшы сын прыводзіць у дом нявесту. Грамадзянская вайна жорстка ўрываецца ў жыцьцё закаханых. Малады чалавек памірае, але нявеста працягвае чакаць у ягоным доме, усіх жыхароў якога чакаюць значныя зьмены ў жыцьці.

 

Нумар 8. Калі Гары сустрэў Салі (When Harry Met Sally). 1989



when_harry_met_sally.png

Гэты фільм зьняў Роб Райнэр у супрацы з аўтаркай сцэнара Норай Эфрон, якая яшчэ раз зьявіцца ў нашым сьпісе далей, але ў якасьці рэжысэркі. У галоўных ролях тут Мэг Раян — акторка, якая нібы нарадзілася для падобных роляў, а менавіта для гераіняў з вельмі тонкай душэўнай арганізацыяй, якія надзвычай кранальныя, але гэта не зьяўляецца прытарнай кранальнасьцю. Сапраўды, па-добраму мілая. Яе кампаньён па стужцы — выдатны комік Білі Крыстал (у апошнія гады вы неаднаразова маглі бачыць яго і ў якасьці вядоўцы цырымоніі «Оскар»).

«Я прыйшоў сюды сёньня ўвечары, таму што калі ты разумееш, што жадаеш правесьці з кімсьці ўсё астатняе жыцьцё, ты жадаеш, каб астатняе жыцьцё пачалося як мага хутчэй», — кажа герой гераіні. З такім настроем і праходзіць фільм.


 

Нумар 7. Непрыемнасьці з Гары (The Trouble with Harry). 1954



the_trouble_with_harry.jpg

Гары са стужкі Альфрэда Хічкока, безумоўна, не той Гары, які сустрэў Салі вышэй. Непрыемнасьці ў Гары пачынаюцца з самага пачатку. Ды што цягнуць: мы сустракаем Гары ўжо памерлым у жоўта-чырвоным восеньскім лесе. Гэты факт стварае безьліч праблемаў у спакойным паселішчы ў Новай Англіі. Хто гэты Гары, чаму ён апынуўся там, дзе яго знайшлі, чаму ён забіты? Майстар саспэнсу Хічкок пры дапамозе шляхетнага ангельскага гумару вымушае больш цікавіцца мёртвым, чым жывымі героямі стужкі. Іранічны падыход за забойства? Лёгка! Падрыхтуйце імбірную гарбату і глядзіце гэты шэдэўр.

 

Нумар 6. Вам ліст (You've Got Mail). 1998

you_ve_got_mail.jpg

Рэжысэрка фільма — узгаданая вышэй Нора Эфрон, стварыла шыкоўную рамантычную камедыю, падзеі ў якой распачынаюцца ў яшчэ цёплую восень. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса ў перапынках ад сваёй працы атрымліваюць паведамленьні на настольны камп'ютар (не лэптоп, і яшчэ, вядома, не на смартфон), пра тое, што ім прыйшла пошта. У іх перапіска з рамантычным ухілам. Раз на дзень ці на некалькі дзён яны чакаюць адказ на мінулы ліст. Праўда, нашыя героі нават і не бачыліся ўжывую, і нават не могуць падумаць, што іх праца вельмі падобная: гераіня Мэг Раян кіруе маленькай сямейнай кнігарняй, а герой Тома Хэнкса — сын уласьніка вялізнай сеткі па продажы кніг. Іх новы кніжны гіпермаркет мае адчыніцца ў непасрэднай блізкасьці ад кнігарні Мэг Раян. Гэта ставіць пад пагрозу маленькі бізнэс. Як жа гэта адгукнецца на іх рамантычных лістах? І калі ўрэшце яны зразумеюць, хто той невядомы, з кім вядзецца ліставаньне? Цудоўны восеньскі фільм, каб глядзець яго і трымаць за руку асаблівага чалавека.

 

Нумар 5. Сонная Лагчына (Sleepy Hollow). 1999

sleepy_hollow.webp



Цім Бёртан умее здымаць казкі. Калі вы любіце містычныя, прыгожыя гісторыі, якія адбываюцца ў тумане, гэтая гатычная стужка для вас. У 1799 годзе адбываецца загадкавае забойства, і спецыяліст у раскрыцьці падобных справаў у выкананьні Джоні Дэпа скіроўваецца ў паселішча Сонная Лагчына. Верагодна, такая назва ў населенага пункта зьявілася не проста так.

Што б вы сказалі, калі даведаліся, што ахвяры былі пазбаўленыя галоваў ударамі мяча таямнічага вершніка? Пасьля гэтага галовы зьнікаюць, як і чалавек на кані і ў тумане. Герой Дэпа пачынае расьледаваньне, у якім прыходзіць да высновы, што злачынца — не чалавек, але нешта, што прыходзіць зь іншага сьвету. Як справіцца з такім нячысьцікам? Вельмі якасныя візуальныя эфекты і дэкарацыі, што было адзначана статуэткай Оскар.

 

Нумар 4.  Мой хлопец — псіх (Silver Linings Playbook). 2012



silver_linings_playbook.webp


Пасьля гістарычнай готыкі пераносімся ў самую сапраўдную сучаснасьць. Дэвід О. Расэл распавядае пра амэрыканскую сям’ю, у якой, як падаецца, вельмі шмат праблемаў. Галоўны герой у выкананьні Брэдлі Купэра толькі вяртаецца ў бацькоўскі дом пасьля лекаваньня ў псыхіятрычным шпіталі. Для нас ён — відавочны псіх. Але паступова мы можам прыйсьці да высновы, што Купэр — акурат самы адэкватны зь ліку яго крэўных і дзяўчыны, зь якой ён знаёміцца, у выкананьні Джэніфэр Лоўрэнс (яе роля была такой пераканаўчай, што ў выніку акторка атрымала Оскар за лепшую жаночую ролю). Трагедыя героя, яго перажываньні мяжуюць з нібы жартоўным жыцьцём бацькі ў выкананьні Робэрта Дэ Ніра. Мы назіраем за ўчынкамі, якія складана аднесьці да хваробы, але ў момант найвялікшага напружаньня бацька героя робіць вельмі нестандартныя хады. Фільм заяўлены ў тым ліку і як камедыя. Гэта той выпадак, калі сцэны, у якіх сцэнарысты запланавалі сьмех — сапраўды сьмешныя. А сама стужка адназначна вартая прагляду.

 

Нумар 3. Восеньская саната (Höstsonaten). 1978



hostsonaten.jpg

Калі ў вас настрой не зьбіраць рознакаляровае лісьце каштанаў і клёнаў, не варыць глінтвейн, але сядзець у халодным доме і перабіраць уласныя думкі — гэтая праца Інгмара Бэргмана прыйдзецца вам даспадобы. Складаныя адносіны дарослай дачкі і яе маці ў цэнтры стужкі. Маці, якую грае Інгрыд Бэргман, знакамітая піяністка, якая і ў свае прыблізна 60 знаходзіць попыт на свой талент. Нядаўна памірае яе муж, і яна прыяжджае пагасьціць да сваёй дачкі ў выкананьні легенды швэдзкага кіно Ліў Ульман. Фільм апавядае пра крыўды, якія праносяцца праз шматлікія дзесяцігодзьдзі, пра памылкі ў выхаваньні дзяцей. Ліў Ульман грае самадастатковую, але не такую зорную кабету, як яе маці. Доўгія восеньскія дыялёгі запаўняюць стужку Бэргмана.

 

Нумар 2. Пах кабеты (Scent of a Woman). 1992



scent_of_a_woman.jpg

Бэнэфіс Аля Пачына, за які ён нарэшце атрымаў галоўную акторскую ўзнагароду. Марцін Брэст паставіў фільм пра чалавека, які адпрацаваў афіцэрам выведкі ўсё жыцьцё, і пастанавіў выправіцца ў шыкоўнае падарожжа, каб атрымаць поўны пакет якаснага жыцьця з найлепшымі гатэлямі, барамі і паненкамі. Ідэя зразумелая, але ў героя Аля Пачына ёсьць асаблівасьць — ён сьляпы, таму сям’я не ў захапленьні ад меркаванага трыпу. Сваякі запрашаюць студэнта суправаджаць палкоўніка. Герой Аля Пачына відавочна незадаволены, але вымушаны пагадзіцца. Так пачынаецца гісторыя, поўная чароўных прыгодаў увосень.

«Кабеты! Што ты можаш сказаць? Хто зрабіў іх? Бог павінен быў быць геніем. Валасы — кажуць, што валасы — гэта ўсё. Ты калі-небудзь зарываўся носам у гару курлявых валасоў, каб жадаць толькі заснуць у іх назаўсёды? Або вусны — калі яны дакранаюцца, твае становяцца падобныя на той першы глыток віна пасьля таго, як ты толькі што перасёк пустыню».

 


Нумар 1. На залатой сажалцы (On Golden Pond). 1981



on_golden_pond_c.webp


Узначальвае наш спіс стужка, галоўныя ролі ў якой выконваюць акторы, якім на дваіх было 150 на момант здымкаў. Кэтрын Хёпбэрн і Генры Фонда. Найлепшая акторка ў гісторыі кінематографа, на наш погляд, атрымала за гэты фільм сваю чацьвертую ўзнагароду Оскар. Падзеі пачынаюцца ўлетку, а сканчваюцца ўвосень. Ля сажалкі, абсыпанай гісторыямі сям’і, герой Генры Фонда прадчувае хуткі адыход да вечнасьці, і разам з жонкай запрашаюць правесьці гэты час сваю дачку зь яе сям’ёй. Гэты фільм таксама пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей.