Гуканне вясны і гурт Navi
Каб залагодзіць наспелую прагу людзей да хоць якой перамогі, будзе дастаткова ўзнагароды на «Еўрабачанні». Іншыя перамены тады будуць не такімі істотнымі. Выявілася, для гэтага хапае нават не перамогі на «Еўрабачанні», а праходу беларускамоўнай групы праз нацыянальны адбор!
Абранне беларускамоўнага гурта Navi прадстаўніком Беларусі на «Еўрабачанні» ўзрадавала культурную публіку нават болей, чым узрушыла б перамога Анжалікі Агурбаш на «Еўрабачанні» ў 2005-м, калі б тая перамога, канечне, адбылася. Сапраўдны трыумф — калі кожны ўспрымае тваю радасць як сваю ўласную, вы ўжо мне паверце. Што ж адметнага ў гэтым кліпе, спачуваць якому раптам пачала ўся краіна? Ён можа стаць сімвалам эпохі вялікіх пераменаў.
Аднойчы этнічна акрэслены гурт ужо праходзіў нацыянальны адбор «Еўрабачання». Было гэта ў 2004-м годзе, гурт называўся «Аляксандра і Канстанцін», песня мела назву My Galileo. У кліпе фігураваў апрануты ў заможны плашч (не горай, чым у Дарта Вейдэра) хлапчук, які калі і цягнуў на Галілея, дык ужо пасля адрачэння. Хлапчук хадзіў у плашчы па снезе, глядзеў у плашчы на халопаў, якія час ад часу пачыналі біцца на палках, і, самае галоўнае, проста ў гэтым плашчы круціў карагоды з эфектнай блондай у строі сярэднявечнай князёўны. Усё гэта таксама было вельмі сімвалічна: метафару Галілея аўтары словаў і кліпа ці то крышачку недачыталі, ці дачыталі і інтэрпрэтавалі ў канструктыўным гледзішчы. Па саўндзе кліп нагадваў гэткую вясёлую Шэр, якая перабрала з медавухай на фестывалі гістарычных рэканструкцый.
Што да Галілея, дык гэта быў чалавек, які вынайшаў тэлескоп, верыў у тое, што Зямля круціцца вакол сонца, але пасля канфлікту з царквой ды турмы ад усяго адмовіўся. Пафас гэтага гімна сытым нулявым быў вельмі такім канфармісцкім: калі ты нават ведаеш, што гэта зямля рухаецца вакол сонца, дык сядзі моўчкі, атрымлівай заробак, а лепей забудзь пра сваю прыдумку, адмоўся ад сваіх поглядаў, і будзеш усё астатняе жыццё хадзіць у плашчы, не горшым, чым у Дарта Вейдэра. А князёўны-блонды пачнуць вадзіць з табою карагоды проста ў снезе.
Дарэчы, у гэтым кліпе таксама былі гэткія рэзкія воклікі:
My Galileo(Hey la la… hey la la… hey la…)(Hey la la… hey la la… hey la…),
за якія ўпікаюць і Navi. Ды што там, самі паглядзіце:
Менавіта з гэтага — з воклічаў, з нязвыклага гукання — я б і хацеў пачаць аповед пра «Гісторыю майго жыцця» Navi. Калі глядзіш кліп, у якім Ксеня ў асеннім лесе адрывіста крычыць у розныя бакі, спачатку ўзнікае адчуванне, што яны шукаюць кагосьці. Ці пайшлі ў зялёнкі (іншых грыбоў у гэткім голым лесе не будзе) і згубіліся, а ў Арцёма няма компасу, толькі гітара. Але потым у сімвалічны аповед уступае сонца. У кампазіцыйным плане setting — гэта, канечне, світанак, бо свет паказаны нам праз дрэвы, і да таго ж яго інтэнсіўнасць нарастае з кожнай хвілінай руху герояў наперад. І побач з гэтым сонцам гуканне пераасэнсоўваецца па-іншаму, як спроба некага абудзіць.
Гэтая парачка — франтаваты маладзён і гарэзлівая дзяўчына — не згубіліся, яны будзяць прыроду, космас, краіну. І тут пачынае акрэслівацца трэці складнік сімволікі гэтага кліпа — мова. Але да яе мы вернемся крыху пазней.
Праход Navi праз дзяржаўнае сіта нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» ўспрымаецца яшчэ і як першая перамога дэмакратыі ды народнага волевыяўлення з 1994 года. Бо ў фінале ўдзельнічалі выразна «фарматныя» выканаўцы, і менавіта аднаму з іх эксперты вангавалі немінучую перамогу (вельмі беларускі фаталізм). На яго паспелі абрынуцца ў каментах ды фейсбуках. І раптам нехта сапраўды хоць як улічыў галасы тэлегледачоў. Раптам гэта супала з суб’ектыўным адчуваннем ад чаканых вынікаў у большасці. І вось ён — трыумф!
Адзін разумны чалавек аднойчы сказаў мне, што, каб залагодзіць наспелую прагу людзей да хоць якой перамогі, будзе дастаткова ўзнагароды на «Еўрабачанні». Іншыя перамены тады будуць не такімі істотнымі. Выявілася, для гэтага хапае нават не перамогі на «Еўрабачанні», а праходу беларускамоўнай групы праз нацыянальны адбор! Усё астатняе, напрыклад, адсутнасць зменаў у самых істотных рэчах ці нашая бачнасць на міжнародным узроўні (то бок перамога на асноўным «Еўрабачанні») — вышыні, на якія няма жыл узлезці.
Дык вось яна! Нашая перамога! Галасы падлічылі! Ура! «Гісторыю» — на рынгтон, партрэт Ксені — застаўкай на лэптопе!
Забудземся на тое, што па выніках галасавання гледачоў перамаглі Proвокацыя, «Наполи» і «Июль»; забудземся, што прайсці адбор Navi дапамаглі балы журы, што ў эстэтычным плане роўнае маршруту перамогі Анісім і Канапацкай. Тут можна было б прымеркаваць графік выхаду адносна этнічных груп ад Беларусі на «Еўрабачанне» да стану адносінаў з Масквой, як я гэта аднойчы зрабіў з залежнасцю якасці раманаў Пялевіна ад нафты, але я не буду, каб нікога не крыўдзіць. Проста запомніце два гэтыя дуэты: Naviband і Анісім з Канапацкай у адным шэрагу — і пойдзем далей.
Але ёсць у гэтым той ужо згаданы трэці складнік, які дазваляе нават нязначнасць перамогі ўспрымаць па-дыснееўску аптымістычна. Як я ужо і казаў, мова.
Аляксандра і Канстанцін прадавалі нам легенду пра «саліднага» Галілея па-англійску, гурт Navi, які крычаў у лесе, — беларускамоўны. Ды не проста беларускамоўны — ён удзельнік праекта «Мова нанова», што зрабіў для вяртання роднай мовы болей, чым Мінкульт і Мінад разам узятыя.
Вернемся да кліпа. Услухаемся у словы:
Гісторыя майго жыццяБудзе свяціць яшчэ ярчэйУ нашай крыві сонца зайграеУся прыгажосць тваіх вачэй
Мы зноўку бачым тое сонца, цяпер на ўзроўні тэксту. А што гэта за гуканне, калі мы спляцем яго з беларускай этнічнасцю? Правільна, гэта старажытны і неверагодна прыгожы паганскі рытуал «Гуканне вясны». Цнатлівую версію гэтага рытуалу можна пабачыць на аднайменнай старонцы ў Вікіпедыі.
Такім чынам, мёртвы лес, які мы бачым у кліпе, зноўку кампазіцыйна пераазначваецца. Гэта не восеньскі лес. Гэта веснавы лес. Прырода спіць, як Беларусь сёння. Дрэвы і зямля чакаюць сонца. І вось прыходзяць яны, варажэі перамен ды іх маўклівыя сябрукі, гукаць сонца, забіваць холад, забіваць смерць. У беларускім космасе забіць смерць можна было толькі адным — прыгажосцю, каханнем і новым жыццём. А таму не вельмі вагайцеся ў дапушчэннях аб тым, чым дакладна займалася моладзь на ўзвышшах, якія першыя пазбавіліся снегу.
Рытуал у сваім сутнасным сэрцы быў вельмі шываісцкім: забіць смерць жыццём, выклікаць пацяпленне пяшчотай, ажывіць дрэвы каханнем.
Гэты ўзровень прачытання кліпа Navi вельмі ўзрушвае мяне. Бо гэтая парачка гукае тое, чаго мы так стаміліся чакаць — адлігу.
Адметнасць вясны ў тым, што снег сыходзіць з усіх купін адразу. І з ліберальнай купіны поп-культуры, і з падцемненых лагчын палітычных ды эканамічных рэформаў. І інакш немагчыма, як бы ты ні віўся. Проста так працуе сонца, з гэтым нічога не паробіш. Менавіта таму мара любой цемры — у тым, каб не даць сонцу прачнуцца. А калі яно ўжо ўзышло ды пачало паліць — ад яго не схаваешся. І — што больш істотна — не схаваеш. Снег растане, лёд кранецца.
І праз апісанае вышэй я лічу, што не так ужо прынцыпова, ці пераможа Navi на «Еўрабачанні». Часам сімвал і надзея, падораныя адной краіне, — дастатковы прадвеснік зменаў, які нехта можа пакінуць па сабе. І не бяды, што прадвеснік гэты быў старанна нарыхтаваны самой старой сістэмай.
budzma.by