Беларускі паб-квіз — гэта цікава і займальна!
Мінулая субота ў клубе «Графіці» выдалася не зусім звычайнай: тут гучалі пытанні па гісторыі і культуры Беларусі, а каманды знаўцаў і эрудытаў у пісьмовай форме давалі на іх адказы.
Па атмасферы, якая панавала ў клубе, можна было зразумець, тут праводзілася адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства, ці, кажучы сучаснай мовай, паб-квіз «Імбрыкі ды Імбрычкі». Ініцыятарам яго правядзення і вядучым стаў вядомы прадзюсар беларускіх імпрэз і выдавец Алесь Мазанік.
Паб-квіз (ад англ. Pub — месца, дзе можна добра правесці час за куфлем піва, і Quiz — віктарына) — гэта шырока вядомая ў свеце калектыўная гульня на эрудыцыю, логіку і вынаходлівасць. Аналагам паб-квіза называюць такія гульнявыя франшызы, як «Брэйн-рынг» альбо «Што? Дзе? Калі?».
Правілы паб-квіза вельмі дэмакратычныя. Удзельнікі аб’ядноўваюцца ў каманды па 4-6 чалавек. Гульня складаецца з некалькіх раўндаў (да 6-10), у якіх камандам прыходзіцца адказваць на некалькі пытанняў, якія тычацца рознай тэматыкі. Патрабаванне да ўдзельнікаў — не карыстацца мабільнымі тэлефонамі!
Пасля кароткага абмеркавання адказ запісваецца на спецыяльна падрыхтаваныя бланкі. Пасля варыянты адказаў каманд збіраюцца вядучым паб-квіза, агучваюцца дакладныя адказы. Пасля падліку балаў абвяшчаюцца пераможцы паб-квіза.
У Беларусі паб-квіз — не навіна. Такія сустрэчы эрудытаў, як «Мазгабойня», «Аўdzienцыя», прыцягвалі шмат людзей рознага ўзросту, якія жадалі паспрабаваць сябе ў гэтай папулярнай гульні. Але ў чым жа адрозненне паб-квіза «Імбрыкі ды Імбрычкі»? Напэўна, у тым, што гэта першае ад пачатку беларускамоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва. Да таго ж, асноўнымі тэмамі паб-квіза, ініцыяванага Алесем Мазанікам, стала беларуская тэматыка: трэба было добра ведаць анімацыйныя кліпы беларускіх музыкантаў, айчынную гісторыю, мову, літаратуру і народнае мастацтва, адказваць на пытанні, звязаныя з логікай і матэматыкай. Цікава, што каманды паб-квіза ў клубе «Графіці» выбіраюць сабе адпаведныя тэматыцы назвы. Сярод іх такія як «Мроя», «Шляхціч Завальня», «Хата 18 х 63» ці «Кемлівыя абібокі»…
Пра тое, як узнікла ідэя беларускага паб-квіза і яго перспектывы, мы гутарым з Алесем Мазанікам: «Я сам часам хаджу на пэўныя квізы, напрыклад, на «Беларускую інтэлектуальную гульню», якая мне вельмі падабаецца. Але там у мяне ўзнікала пытанне, чаму такі цудоўны квіз адбываецца так рэдка і толькі па буднях? Таму ў мяне ўзнікла ідэя стварыць квіз, які я назваў «Адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства». Гэты праект — пэўны вынік майго папярэдняга праекту — «Мова з Імбрыкам», з якім я правёў 12 моўных заняткаў у Мінску і Вільні. І тое, што ў сённяшнюю працоўную суботу прыйшло шмат людзей, якія склалі чатыры паўнавартасныя каманды, гэта вельмі добры вынік! Таму я магу сказаць, што ўжо ёсць пэўнае кола прыхільнікаў гульні, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі нашага беларускамоўнага квіза.
Што тычыцца месца правядзення, то на сёння клуб «Графіці» — самая андэграўндная культурніцкая пляцоўка сталіцы, знаёмая мне з дзяцінства. Тут вельмі ўтульна пачуваюць сябе гульцы. Калі ж іх колькасць будзе расці, то прыйдзецца рабіць квізы па два дні запар ці шукаць іншыя варыянты. Але пакуль гэта перспектыва. У дадзены момант мне падабаецца працаваць з цяперашнім кіраўніцтвам і калектывам клуба. Дзякуючы гэтаму, квізы «Імбрыкі ды Імбрычкі» адбываюцца раз на тыдзень».
Таксама важна, каб пытанні віктарыны былі зразумелымі ўсім гульцам. Для гэтага Алесь шырока выкарыстоўвае мультымедыйныя сродкі — архіўныя фота-і кінаматэрыялы, найноўшыя музычныя трэкі, відэазапісы, якія транслююцца на вялікія экраны. А ў перапынках гучаць кампазіцыі беларускіх гуртоў і адбываюцца прагляды матывацыйных відэаролікаў.
Але ў вольны час можна не толькі пакаштаваць піва ці выпіць кубак гарбаты. Тут у якасці бонусаў адбываюцца розыгрышы квіткоў на канцэрты, якія праходзяць у клубе. Так, у гэты раз госць паб-квіза кіраўнік гурта «Рэха» Андрусь Такінданг выцягнуў для аднаго з удзельнікаў каманды «Мроя» квіткі на канцэрты Jazz-серады ў «Графіці».
Негледзячы на разняволенасць удзельнікаў квіза, унутры каманд узрастала напружанне. Хто стане пераможцам? Адказ на гэтае пытанне вырашаўся пад час роздумаў над даволі складанымі пытаннямі раўндаў тэматыкі «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі», «Рабі пільна, будзе Вільня», «Беларуская лацінка»… Па выніках падліку балаў былі вызначаны пераможцы. Імі, пад апладысменты астатніх удзельнікаў квіза, была абвешчана каманда «Мроя», удзельнікам якой былі ўручаны падарункі ў нацыянальным рэчышчы.
Капітан «Мроі» прадпрымальнік Алесь Васільеў пасля падвядзення вынікаў адзначыў «Я не першы раз гуляю ў паб-квізе, але гуляць я пачаў не так даўно, спадабалася! Мяне прывабіла да гульні, перш за ўсё, інтрыга, калі каманда да апошняга не ведае, хто будзе пераможцам. Таксама прыцягвае магчымасць паспрабаваць сябе ў інтэлектуальнай гульні, адчуць сябе ў ролі камандных гульцоў, калі назіраем з боку за гульнёй.
Важна тое, што пад час абмеркавання мы адзін аднаму дапамагаем, вучымся адзін у аднаго і заўсёды нешта новае адкрываем для сябе з гісторыі і культуры Беларусі, як мінуўшчыны, так і сённяшняй».
Наступная беларускамоўная інтэлектуальная гульня «Імбрыкі ды Імбрычкі» адбудзецца ў клубе «Графіці» 28 студзеня ў 15.00. Арганізатары запрашаюць усіх ахвочых!