Спявак Lermont: Sputnik.by прыпісаў мне словы пра мёртвую мову, а пасля зняў іх
«Спяваць па-беларуску — не выйсце. На жаль, гэта ўжо амаль мёртвая мова, хоць яе і падтрымліваюць штучна» — такія словы спевака Васіля Селішчава (Lermont) былі апублікаваныя на партале sputnik.by 13 студзеня.
«Наша Ніва» перадрукавала скандальную заяву ўдзельніка адбора на «Еўрабачанне», і інтэрнэт выбухнуў абурэннем.
Як выявілася, неўзабаве інтэрв’ю, якое рабіў карэспандэнт «Спутніка» Яўген Казарцаў, было адрэдагаванае. Знік толькі адзін сказ, пра мёртвую мову. На сайце пазначана, што змены ўносіліся ўвечары 15 студзеня.
Зразумела, што ніхто з чытачоў не заўважыў змены ў артыкуле праз дзень пасля публікацыі.Lermont і ягоны калега Julic выступілі ў фінале адбору, дзе занялі апошняе месца. Гурт не атрымаў ніводнага бала ні ад гледачоў, ні ад журы. А Lermont паспяшаўся адрачыся прыпісаных яму зневажальных словаў.
«Вы апублікавалі інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці. Гаворка пра фразу «беларуская мова — мёртвая». Вы ўзялі яе з партала sputnik.by, які прыпісаў нам тое, чаго мы не казалі. І пазней прыбраў гэта выказванне», — напісаў Васіль Селішчаў у «Арт-Сядзібу».
Ён запэўніў, што любіць беларускую мову і лічыць яе адной з самых меладычных. «У мяне ў самога ёсць песня «Нiколi», якую мы зрабілі пры падтрымцы партала tuzin.by і Сяргея Будкіна ў 2012 годзе», — патлумчыў ён.
«Спутнік» — агенцтва навінаў, заснаванае падкантрольным ураду Расіі агенцтвам «Россия сегодня». Генеральны дырэктар — прапагандыст Дзмітрый Кісялёў.
Слоган «Спутніка» — «Распавядаем недамоўленае» («Говорим то, о чем другие молчат»).
Паводле nn.by