«Гарбата з незабудак» — новая паэтычная кніга ў серыі СБП

Кася Сянкевіч — беларуская паэтка і мастачка з Польшчы — ужо з’яўляецца аўтаркай вершаванага зборніка «Дачка ружы». Дзякуючы серыі «Кнігарня пісьменніка» і выдавецтву «Кнігазбор» творы Касі ўпершыню прадстаўлены беларускім чытачам.



siankevich_vokl.jpg

За кубачкам «Гарбаты з незабудак» Кася Сянкевіч у пранізлівых маналогах-споведзях разважае пра вечныя тэмы кахання, веры, пошуку свайго месца ў жыцці і сусвеце. Форма, абраная паэткай, — верлібр, дазваляе абраць найбольш дакладныя і змястоўныя мастацкія сродкі для выказвання самых тонкіх пачуццяў.
***
Гэтая справа не для абмеркавання.
Прыгадай
апошнюю ўсмешку,
апошні наш сум.
Пра тое магла б быць
напісана паэма,
а ёсць толькі гэты кароткі
верш.
Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»