Гарадзенскі гурт PET NIHIL выпусціў кліп пра Майдан

Музыкант гарадзенскага гурту PET NIHIL Юрый Лакціёнаў прадставіў на YouTube альтэрнатыўную версію кліпа на песню «Вырадак». Рэмейк змяшчае кадры, знятыя падчас спробы рэжыму Януковіча падавіць пратэстныя настроі ўкраінскага народа, і прысвячаецца ўдзельнікам Еўрамайдана, якія загінулі за свабоду Украіны.



foto_pn_1.jpg

Ідэя кліпа належыць Ю. Лакціёнаву, Я. Капітанаву, Я. Бусько і журналісту Аляксандру Баразенку, які стаў сведкам падзей на Майдане.

— Песня «Вырадак» пра рознага кшталту «недачалавекаў», у тым ліку і пра прадстаўнікоў улады, якія забываюць пра тое, што менавіта народ з'яўляецца крыніцай улады, а не наадварот, і дазваляюць сабе ажыццяўляць дзяржаўны тэрор супраць уласнага народа і жорстка душыць мірныя пратэсты мітынгоўцаў, — тлумачыць Лакціёнаў. — Я не мог заплюшчыць вочы на гэтыя падзеі, таму што нарадзіўся ва Украіне,  і я не абыякавы да таго, што там адбываецца. Дадзены рэмейк — гэта маё пасланне ўкраінскаму народу, які паўстаў супраць несправядлівасці, аб тым, што навокал шмат людзей, якія яго падтрымліваюць.

Кліп на песню «Вырадак» — гэта першае афіцыйнае відэа гарадзенскага альтэрнатыўнага гурту PET NIHIL. У цяперашні час музыкі працуюць над падрыхтоўкай матэрыялу для новага альбома, выхад якога запланаваны на 15-годдзе калектыву ў 2015. Больш падрабязна пра творчасць калектыву можна даведацца на сайце www.petnihil.com