Арт-вёска Каптаруны запрашае на літаратурны open-air

Арт-сядзіба «Каптаруны» (Віцебская вобласць, Пастаўскі раён), Літаратурны дом «Логвінаў», Літаратурны музей імя Петруся Броўкі сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску 20–21 жніўня запрашаюць на І Міжнародны літаратурны open-air фестываль «Каптаруны», тэмай якога стане літаратура як прастора для дыялогу.

artur_klinau.jpg


Грамадства сёння прадстаўляе сабой шырокі спектр розных ідэнтычнасцей, абумоўленымі разнастайнымі палітычнымі выбарамі, узорамі прызнання, культурным бэкграўндам, культурамі памяці, мовамі і паўсядзённымі практыкамі, суіснаванне якіх апошнім часам становіцца ўсё складаней. Яно хутчэй, раз’ядноўвае людзей, прыводзіць да канфліктаў і рознага кшталту войнаў, нават у межах адной краіны.
Што агульнага і рознага маюць міжкультурныя канфлікты ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Германіі і іншых краінах? Ці магчыма знайсці формы і шляхі для таго, каб адрозненні паміж людзьмі і супольнасцямі не ўтваралі межаў, якія немагчыма пераадоліць? Падчас фестывалю нам хацелася б сфакусавацца не на тым, што нас раз’ядноўвае, але падумаць пра тое, што яднае і можа стаць той прасторай, дзе магчымае суіснаванне розных ідэнтычнасцей і супольнасцяў.
Госці фестывалю: Дмытро Білы, Аляксандр Ірванец, Аляўціна Кахідзэ, Аляксей Чупа, Любоў Якімчук (Украіна), Інго Пэтц (Германія), Кірыл Азімка, Валянцін Акудовіч, Наталка Бабіна, Ігар Бабкоў, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Братачкін, Вольга Гапеева, Алесь Гарбуль, Ірына Герасімовіч, Павал Касцюкевіч, Артур Клінаў, Віктар Місюк, Алесь Наварыч, Вольга Шпарага, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева (Беларусь).
Акрамя панеляў і літаратурных прэзентацый вас чакаюць: музычны сэт Аляксея Варсобы (Port Mone, Agata), літаратурнае шоў «Інфармацыйнае цела» ад экзарцыстычнага Gesamtkunstwerk feat. VJ Solar Olga, літаратурны перформанс Аляўціны Кахідзэ, паэтычна-музычны выступ Вольгі Гапеевай і Аortha.
Будзем рады бачыць вас сярод гледачоў! Уваход на фестываль вольны. Даезд самастойны, побач будзе разбіты лагер для намётаў. За асобную аплату можна будзе замовіць гарачае харчаванне. Для больш камфортнага вашага ўладкавання і нашай адказнасці абавязкова рэгіструйцеся: дашліце інфармацыю (імя, даты прыбывання, а таксама пазначце, ці плануеце набываць тут гарачае харчаванне) на адрас offa.chel@gmail.com.

kaptaruny_map.jpg


Увага! Арт-вёска Каптаруны знаходзіцца ў памежнай зоне, наведаць якую можна толькі — папярэдне набыўшы адмысловую квітанцыю «На прыбыванне ў памежнай зоне» (код 03002 Государственная пошлина за совершение иных юридически значимых действия с физических лиц).Падзея на FB тут (сачыце за абнаўленнямі і дадатковай інфармацыяй) https://www.facebook.com/events/932618233531944/

kaptaruny_art.jpg


ПРАГРАМА


20 ЖНІЎНЯ, СУБОТА

Адкрыццё фестывалюДыскусія. Міжкультурны канфлікт: літаратура па-за межамі вайны?
Мадэратар Андрэй Хадановіч
Прэзентацыя сучаснай украінскай літаратуры.Дмытро Білы, Аляксандр Ірванец, Аляксей Чупа, Любоў ЯкімчукМадэратары Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева
ДыскусіяГендарныя клішэ: мужчынская ідэнтычнасць у літаратурыМадэратарка Таня Арцімовіч
ПрэзентацыяІгар Пракаповіч. Адукацыйна-асветны комплекс «Чароўны край — Пастаўшчына»
ПрэзентацыяАлесь Гарбуль. Скарбы сівых валуноў. Міфалогія Лынтупскага краю
ПрэзентацыяЛітаратурны музей Петруся БроўкіПрэзентуюць Таццяна Маскалюк, Ліна Мядзведзева, Анастасія Дашкевіч
Музычны сэт Аляксея Варсобы (Port Mone, Agata)Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk feat. VJ Solar Olga: літаратурнае шоў «Інфармацыйнае цела»

21 ЖНІЎНЯ, НЯДЗЕЛЯ


ДыскусіяПра што і як маўчаць і размаўляюць страхі? Мадэратарка Ірына Герасімовіч
ДыскусіяТаварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП і беларуска-ўкраінскі альманах «Справа» як спроба мультыкультурнага дыялогуМадэратары Наталка Бабіна, Алесь Наварыч
ДыскусіяЕўропа: новы нацыяналізмМадэратар Аляксей Братачкін
ДыскусіяЗразумець Украіну: год украінскай літаратуры ў кнігарні «логвінаЎ» Мадэратар Ігар Бабкоў
Фінальная дыскусіяДыялог: літаратура як прастора для кансалідацыіМадэратарка Вольга Шпарага
Літаратурны перформанс Аляўціны Кахідзэ «Званкі са Жданаўскіх могілак»Паэтычна-музычны выступ Вольгі Гапеевай і АorthaЗакрыццё фестываля

kaptaruny.jpg