Андрэй Хадановіч атрымаў прэмію Ежы Гедройця ад газеты «Rzeczpospolita»
Пра гэта піша Свабода.
Паэт, перакладчык, бард Андрэй Хадановіч атрымаў сёння прэмію імя Ежы Гедройця, якую ўжо дваццаць гадоў уручае польская газета «Rzeczpospolita». Яна прысуджаецца, сярод іншага, за «паглыбленне дыялогу між народамі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы».
Агнешка Рамашэўская, дырэктарка тэлевізіі Белсат, лаўрэатка прэміі Ежы Гедройця ад «Rzeczpospolitej» у 2010 годзе, адзначыла, прадстаўляючы лаўрэата, што Андрэй Хадановіч пераклаў творы Чэслава Мілаша, Збігнева Гэрбэрта, Адама Міцкевіча і Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага, а «пераклад стварае масты паміж культурамі».
«Андрэй таксама аўтар надзвычай важнага сёлета твору — перакладу каталонска-польскай песні „Муры“. Гэтую песню каталёнскага паэта Люіса Ляка, перапрацаваную польскім бардам Яцэкам Качмарскім, пераклаў і перарабіў пад беларускія рэаліі Андрэй Хадановіч. Падчас пратэстаў у Беларусі мы амаль усюды чулі гэтую сімвалічную песню: „Разбуры турмы муры, прагнеш свабоды — то бяры“. Яна ўвайшла ў беларускую культуру», — адзначыла Агнешка Рамашэўская.
«Шчыра ўдзячны! Яшчэ і таму, што гэта знак падтрымкі Беларусі, нашага сёлетняга змагання за справядлівасць, нашай грамадзянскай супольнасці, што паўстае проста ў нас на вачах. Вельмі расчуліўся, пачуўшы пра „перакладніка — будаўніка мастоў“, вельмі блізкая мне (і паэтам, якіх перакладаю) думка», — напісаў у фэйсбуку Андрэй Хадановіч.
Прэмію імя Ежы Гедройця рэдакцыя газеты «Rzeczpospolita» заснавала ў 2001 г., у першую гадавіну смерці выбітнага рэдактара і палітыка, стваральніка часопіса «Культура» і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Яе не варта блытаць з літаратурнай прэміяй імя Гедройця, якая ўручаецца ў Беларусі.