Жыхары Бараўлянаў выступаюць з ініцыятывай адклікання дэпутатаў, якія ігнаруюць іх праблемы

Жыхары, якія пратэстуюць супраць высякання векавога лесу і намераў будаваць на вызваленым месцы аб’екты сацкультбыту, накіравалі лісты ў Генпракуратуру, Мінрайвыканкам, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Фэдэрацыю прафсаюзаў.

Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высякання лесу ў красавіку 2016 году

Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высякання лесу ў красавіку 2016 году


Жыхары патрабуюць разабрацца і даць прававую ацэнку распачатаму ў адукацыйных і медыцынскіх установах Бараўлянаў і Ляснога збору подпісаў на бланках адзінага ўзору за тое, каб неадкладна збудаваць дзіцячы садок і сярэднюю школу ў раёне вуліца Жамчужная — на тэрыторыі, за якую якраз і змагаюцца мясцовыя жыхары.
Сытуацыю Свабодзе пракаментаваў адзін з актывістаў бараўлянскага супраціву Іван Вайтовіч:
«Гэта ініцыятыва ўладаў, якія ў загадным парадку націснулі на адукацыю і медустановы, каб распачаць збор подпісаў. Але сітуацыя амаль анекдатычная. Любы жыхар Бараўлянаў, Ляснога, Доследнага, Лескаўкі — за будаўніцтва садкоў і школаў. Гэта надзвычайная сітуацыя, бо людзі возяць дзяцей у Мінск: у чарзе на садок 4,5 тысячы, а школы працуюць з перагрузкай у 2,5 раза.
Аднак пры гэтым ніхто не тлумачыць, што гаворка пра высяканне лесу, пра наступ на прыроду. У нашым пратэсце мы выступаем за тое, каб будоўля вялася, але на полі, свабодным ад забудовы. Ніхто ж не ўдакладняе, што на самой справе туды плануецца ўплішчыць шматкватэрныя дамы, ускладніць і без таго напружаную сітуацыю. Наша пазіцыя — прыпыніць любую шматпавярховую забудову ў Бараўлянах, пакуль ня будзе наведзены парадак у сацыяльнай інфраструктуры».
Паводле Івана Вайтовіча, цяпер паўстае ініцыятыва арганізацыі мясцовага сходу для адклікання дэпутатаў, якія балатаваліся з населеных пунктаў Бараўлянскага сельсавету — уключна са старшынём Савету дэпутатаў Мінскага раёну Сяргеем Шаблыкам. Жыхары перакананыя, што абраныя асобы ня толькі нічога ня робяць дзеля вырашэння праблемных пытанняў, а непасрэдна датычныя да ўвядзення грамадскасьці ў зман:
«Таксама рыхтуецца ініцыятыва праз Генпракуратуру і парламент адклікаць Івана Ліпніцкага, старшыню Савету дэпутатаў Мінскай вобласці. Усе гэтыя асобы ведаюць складанасць нашай сітуацыю, але ня толькі змоўчваюць, а яшчэ маніпулююць грамадскай думкай (мабыць, маюць нейкі асабісты інтарэс), арганізаваўшы збор нелагічных подпісаў з ціскам на педагогаў і медыцынскіх работнікаў.
Усе абураныя, хоць зразумела, што сёння складана некаму штосьці сказаць, бо актыўнасць можа скончыцца звальненнем, непадаўжэннем кантракту і г.д. Тым ня меней жыхары ў масе сваёй выказваюць недавер мясцовай уладзе на ўсіх узроўнях. Мы працягваем супраціў, бо мусіць перамагчы розум, лоёгіка, гаспадарчы падыход — і ў развіцці паселішчаў, і ў распараджэнні народнымі рэсурсамі».
Каб звярнуць увагу на свае праблемы, жыхары Бараўлянаў паставілі на ўчастку лесу, запланаваным пад знішчэнне, імправізаваны намётавы лягер. Аднак праз нейкі час міліцыянты згарнулі палаткі і як рэчавыя доказы несанкцыянаванай акцыі адвезлі ў аддзяленне. Таксама былі канфіскаваныя расцяжкі і ўлёткі, якія заклікалі берагчы лес.
Неўзабаве, як кажа Іван Вайтовіч, на лясным пятаку намёты з'явіліся зноў — гэтым разам дзіцячыя:
«Намёты пакуль стаяць. Адзінае, вакол былі развешаныя расцяжкі і на дрэвах прымацавалі плакацікі фармату А4 у абарону дрэваў, прыроды. Ніякіх палітычных заклікаў, лозунгаў, толькі прыродаахоўнага зместу. Людзі проста хочуць захаваць лес — унікальны, векавы, якога вакол Мінску засталося зусім мала. Асабліва на фоне гісторыі з караедам, калі пад гэтую марку гатовыя спілаваць усё.
Дык вось намёты не чапаюць, бо туды прыходзяць дзеці, гуляюць, а вось расцяжкі, аркушы, якія людзі намагаліся павесіць на дрэвы як мага вышэй, на 10 метраў і больш, паздымалі. Дарэчы, аднаму нашаму актывісту ўжо тэлефанаваў участковы, высвятляў усе абставіны. Гэта значыць, спрабуюць знайсці падставы для адміністрацыйнай справы. Але народ настроены рашуча, нікога гэта не спыняе».
Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць высякання лесу, будаўніцтва сцёкавага калектару і пракладкі новай шашы побач з дамамі. Іх падтрымалі насельнікі пасёлкаў Лескаўка, Лясны і Доследны.
Гаворка вядзецца пра высечку масіву на 5 гектарах — улады хочуць высекчы лес, правесці туды камунікацыі, пабудаваць школу і дзіцячы садок. Пасля чаго ўзвесці жылыя дамы на суседнім з лесам полі. Жыхары лічаць, што мэтазгодна весці будоўлю на свабодным месцы — на полі. А спачатку трэба забяспечыць інфраструктурай тых, хто ўжо жыве ў Бараўлянах і ваколіцах.

svaboda.org