Журналісту Анатолю Гатоўчыцу далі штраф… за маску «За свабодныя выбары»

Гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца затрымалі сёння ля будынка мясцовага СІЗА, дзе выносілі прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзіміру Цыгановічу і Дзмітрыю Папову, паведамляе «Народная Воля».

gatouchyc.jpg

«Зранку Анатоль пайшоў да СІЗА, — распавяла Марыя Гатоўчыц, жонка журналіста. — Натуральна, што на агалошванне прысуда прадстаўнікоў СМІ не пускалі, таму муж знаходзіўся на вуліцы ў чаканні судовага рашэння, якое пачалі агучваць у 14.00.
Каля 16.00 я ўжо пачала хвалявацца, бо не было ад якого ніякіх звестак. А пасля Анатоль патэлефанаваў сам і паведаміў, што яго затрымалі. Праўда, я так і не зразумела, дзе ён канкрэтна знаходзіўся, — ці то ў міліцыі, ці то па дарозе ў суд.
Паспеў таксама сказаць, што затрымалі яго як быццам за маску на твары, на якой было напісана “За свабодныя выбары”. На гэтым сувязь абарвалася, магчыма, у гэты момант забралі тэлефон».
У выніку суд Цэнтральнага раёна Гомеля асудзіў Анатоля Гатоўчыца на 20 базавых велічынь за тое, што журналіст «з мэтай публічнага выказвання грамадска-палітычных поглядаў з выкарыстаннем маскі з надпісам “За свабодныя выбары” ажыццявіў публічную дэманстрацыю нявызначынаму колу асоб сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі, чым ажыццявіў незаконнае пікетаванне без дазволу Гомельскага гарвыканкама».