Журналіста папярэдзілі за працу на СМІ без акрэдытацыі

Незалежнаму журналісту, сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўгену Скрабцу з Брэста вынеслі пракурорскае папярэджанне. Яўген з’явіўся ў гарадскую пракуратуру паводле атрыманай раней позвы. Размова працягвалася каля 15-ці хвілінаў, у час яе журналіст адмовіўся даваць тлумачэнні адносна сваёй дзейнасці ды адказваць на пытанні.



jauhien_skrabiec.jpg

Яўген Скрабец. Фота Facebook

У завяршэнні размовы яму паведамілі пра "недапушчальнасць парушэння закона аб сродках масавай інфармацыі за маю публікацыю на Беларускім Радыё Рацыя". "У паперы ўказана і са словаў пракурора вынікае, што з КДБ прыйшла пацверджаная інфармацыя пра тое, што я напісаў артыкул "Берасцейцы вырашылі ствараць ва ўладзе лобі". Наколькі я памятаю, там не было патлумачана: я дыскрэдытаваў гэтым матэрыялам Рэспубліку Беларусь ці парушыў заканадаўства адсутнасцю акрэдытацыі?", — падкрэсліў Яўген.

Паколькі копіі папярэджання журналісту не выдалі, ён адразу напісаў скаргу на імя пракурора Брэста і сфатаграфаваў яе перад тым, як адправіць па пошце.

21 сакавіка Яўгена Скрабца ўжо апытвалі ў гарадской пракуратуры адносна працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі, а таксама ці не дыскрэдытуе ён Рэспубліку Беларусь у сваіх матэрыялах. Журналіст тады адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні і падпісваць пратакол апытання.

Беларускае Радыё Рацыя

druk.gif