ЛГБТК-супольнасць запусціла праект "КАМІН-АЎТ"

"З дапамогай праекта КАМІН-АЎТ мы пачынаем гаварыць пра сябе самі. Расказваючы свае гісторыі, ствараем для сябе прастору. Асноўная мэта праекта — зрабіць бачнай групу людзей, якія адносяць сябе да ЛГБТК-супольнасці, паказаць, што гэта не “сферычны конь у вакууме”. Мы жывем у Беларусі, і гэта нашае месца таксама", —  гаворыцца ў паведамленні для прэсы.  



hiej_prajd.jpg

ЛГБТК-супольнасць у Беларусі застаецца збольшага нябачнай. Пра гома- і трансcэксуальнасць часта кажуць як пра штосьці нехарактэрнае для беларускага грамадства, пра тое, чаго ніколі не было ў нашай традыцыі. Сярод публічных асобаў няма тых, хто б адкрыта казаў пра сваю гома- ці трансcэксуальнасць, таму ў масавым уяўленні працягвае панаваць уражанне, што сярод беларусаў такіх людзей няма зусім.

Калі тэма ўсё ж такі ўздымаецца ў беларускіх СМІ, то збольшага гэта матэрыялы ці дыскусіі пра тое, як яны (гомасэксуальныя і трансгендарныя людзі) жывуць, як яны выглядаюць і г.д. Нават калі тэма асвятляецца пазітыўна, ЛГБТК-людзі прадстаўляюцца як “не такія”, адрозныя ад цысгендарнай і гетэрасэксуальнай большасці.

Інфармацыя пра жыццё ЛГБТК-супольнасці перыядычна з’яўляецца ў беларускіх СМІ, але, як правіла, у кантэксце абмеркаванняў: “Какое оно, наше белорусское ЛГБТ- сообщество? Кто они — геи, лесбиянки?” Нядаўна на адрас MakeOut прыйшоў ліст ад журналісткі аднаго з папулярных беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў. Яна прасіла дапамогі ў падрыхтоўцы матэрыялу на тэму “Медыйны вобраз гея ў нашай краіне”. Сярод іншых нам задалі пытанне пра тое, “як выглядае тыповы прадстаўнік нетрадыцыйнай арыентацыі ў Мінску”.

Мы лічым важным пачаць гаварыць на тэму знутры, не выносячы сябе за дужкі. Кожная з гісторый так ці іначай закранае тэму камін-аўта ў Беларусі. Мы не даем ніякіх ацэнак і не робім высноваў пра не/абавязковасць рабіць камін-аўт. Усе гісторыі розныя: хтосьці расказвае пра тое, як зрабіў камін-аўт перад бацькамі, пра важнасць заставацца адкрытым, хтосьці — пра тое, чаму выбірае не адкрывацца перад навакольнымі, хтосьці разважае пра сам феномен камін-аўта ў нашым грамадстве, і г.д.

MakeOut — праект пра гендар, сэксуальнасць і асаблівасці іх праяваў у Беларусі. Мы вырашылі стварыць яго, таму што адчуваем недахоп актуальнай інфармацыі на гэтыя тэмы ў беларускім грамадстве, інфармацыі, якая сабраная ў адным месцы і якая закранае розныя аспекты сэксуальнасці і гендару — актывізм, псіхалогія, персаналіі, здароўе, вандроўкі і г.д.

Make Out у перакладзе з ангельскай значыць «адкрывацца», «адрозніваць», «разбіраць», «разумець», «рабіць выгляд» альбо «цалавацца».

makeout.by