Доктару 4-й бальніцы зламалі дзве хрыбеткі — 2 верасня яго жорстка збілі пры затрыманні

У лякарню хуткай дапамогі проста з судовага працэсу на Акрэсціна трапіў лекар Аляксей Беластоцкі, які працуе ў 4-й гарадской лякарні. У лекара зламаныя дзве хрыбеткі, чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія абдзірыны, ён дрэнна чуе на адно вуха, паведамляе «Свабода».

Аляксей Беластоцкі

Аляксей Беластоцкі

Паводле лекара, гэта наступствы збіцця пасля таго, як 2 верасня яго затрымалі каля метро «Пушкінская» на месцы мемарыялу памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Два тыдні таму лекар Беластоцкі рабіў складаную аперацыю збітаму пратэстоўцу, а цяпер сам стаў падсудным і пабітым.

«Тады ніколі б не падумаў, што сам акажуся амаль у такім самым становішчы», — кажа Аляксей Беластоцкі.

«Спыніўся, каб праверыць, ці патрэбна каму медычная дапамога» 

Аляксей Беластоцкі кажа, што на месцы народнага мемарыялу, дзе ад стрэлу амапаўца ў грудзі загінуў Аляксандар Тарайкоўскі, апынуўся выпадкова.

«Ехаў на аўтамабілі, каб адведаць тату, павярнуў на скрыжаванні і ўбачыў натоўп у адным месцы. Падумалася: а раптам каму патрэбная дапамога — у гэтыя дні такое здараецца, на жаль, часта. Спыніўся і пайшоў у натоўп. А там нейкі лейтэнант міліцыі рэзка размаўляе з людзьмі, загадвае разысціся, пагражае. Уключыў відэа і папрасіў яго назвацца, як тут падскочыў другі — у цывільным, потым яшчэ чалавек 10, і ў выніку мяне зацягнулі ў бусік. Захінулі завесы ды пачалі біць. Па галаве, руках, у грудзі, куды пападзе. Хутчэй за ўсё, біў менавіта лейтэнант, бо другі гэтым часам правяраў мой тэлефон. Але не перакананы, бо нацягнулі на твар майку, каб нічога не бачыў», — расказаў пра падзеі ў міліцэйскім аўтамабілі Аляксей Беластоцкі.

Паводле далейшых успамінаў лекара, яго білі і ў РУУС, куды прывезлі ад станцыі метро «Пушкінская». Аляксей толькі год жыве ў Мінску, кажа, што яшчэ недастаткова арыентуецца ў горадзе, але мяркуе, што гэта было Фрунзенскае РУУС — тое самае, дзе многіх пратэстоўцаў збівалі ў спартовай залі.

Аляксей Беластоцкі

Аляксей Беластоцкі

Як катавалі ў Фрунзэнскім РУУС 

«У аддзеле завялі ў нейкі пакой, кінулі на падлогу, зноў нацягнулі майку на твар і пачалі біць. Білі па вушах. Навошта, не магу сказаць, можа, каб страціў арыентацыю, бо такія ўдары вельмі ўплываюць на ўспрыняцце рэчаіснасці», — расказаў Аляксей. Пра матывы тых, хто яго збіваў, лекар нічога не ведае. «Білі пераважна моўчкі. Толькі раз, падчас апытання, нейкі іхны начальнік у цывільным ударыў у грудзі, спытаўшы пры гэтым: «Дагуляўся?».

У РУУС на лекара Беластоцкага склалі два пратаколы — за удзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаванне. На абодвух ён пазначыў, што вінаватым сябе не прызнае, і тады яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Быў канец дня, Аляксею стала блага, кружылася галава і балела ва ўсім целе. Лекар прасіў выклікаць яму хуткую дапамогу, але да поўдня наступнага дня ягоную просьбу ігнаравалі. Потым над ім пачаўся адміністрацыйны працэс — судзілі наўпрост на Акрэсціна, праз відэасувязь з судом. Ён звярнуўся да суддзі з просьбай пра «хуткую дапамогу». Прыйшла фельчарка з ізалятару, агледзела яго і пацвердзіла, што без умяшання лекараў не абысціся.

«Толькі тады да мяне выклікалі “хуткую” і адвезлі ў шпіталь. Ляжу тут другі дзень. Лечаць, робяць аналізы, ставяць кропельніцу. Вось гадзіну таму праверылі хрыбетнік і знайшлі, што ў мяне зламаныя дзве хрыбеткі паяснічнага аддзелу. То-бо лячэнне зацягнецца. Спадзяюся, на Акрэсціна мяне цяпер забяруць не хутка, хаця нічога нельга выключаць і цяпер», — мяркуе Аляксей Беластоцкі.

«У пацыента з Акрэсціна была пашкоджана машонка. Магчыма, білі нагой»

Аляксей кажа, што яшчэ два тыдні таму зусім не думаў пра перспектыву самому трапіць ў становішча пабітага міліцыянтамі пратэстоўца. Але на дзяжурстве 15 жніўня сустрэў чалавека, які таксама раней такога не дапускаў, а рэчаіснасць выявілася горшай.

«У лякарню з Акрэсціна даставілі маладога чалавека. Ён казаў, што быў затрыманы 10 жніўня, выходзіў з нейкай крамы, не памятаю ўжо, дзе гэта было, але там былі затрыманні вакол. Хлопец апавядаў пра сукамэрніка, які быў у хатніх пантофлях. На целе майго пацыента я бачыў шмат сінякоў, абдзірынаў, але галоўнай праблемай для яго была траўма машонкі. Не выключаю, што нагамі білі. Адно яечка моцна пашкоджана, а паколькі на Акрэсціна ніякай дапамогі яму не аказалі, дык частка тканкі амярцвела, і мне давялося яе выдаліць», — расказаў Аляксей. Пра пацыента лекар ведае, што яму 26 гадоў і што дзяцей да таго ён не меў.

«Ёсць небяспека, што ён ўвогуле застанецца без яечка, бо калі здарыцца запаленне, дык без ампутацыі не абысціся», — сказаў пра наступствы траўмы свайго пацыента лекар Аляксей Беластоцкі. Таксама ён зазначыў, што хлопец перажыў наймацнейшы псіхалагічны шок.

Знакі свайго збіцця Аляксей засведчыць з дапамогай экспертызы. Ён будзе падаваць скаргу на тых міліцыянтаў, якія яго білі пасля затрымання.

www.svaboda.org