Збіраем подпісы за бел-чырвона-белы сцяг
У межах культурніцкай кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сімволікі Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня — ініцыятывы «БМАgroup», «Арт Сядзіба» і «Рок-салідарнасць» сумесна распачынаюць збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з пытаннем уключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны.
Вокладка дыска "Сімвалы веры і свабоды"
Арганізатары акцыі прапануюць у цікавай і незвычайнай форме далучыцца да збору подпісаў усім неабыякавым беларусам, якія жывуць у Беларусі і за мяжою. У сваю чаргу прадстаўнікі «БМАgroup» і «Арт Сядзібы» ўзнагародзяць кожнага, хто збярэ подпісы пад зваротам. Удзельнікі збору подпісаў атрымаюць дыскі з беларускай музыкай, цішоткі, кнігі і іншыя прыемныя падарункі.
Каб далучыцца да збору подпісаў трэба:
1. Спампаваць адзіную форму калектыўнага зварота;
2. Раздрукаваць копіі зварота;
3. Сабраць подпісы пад зваротам у адпаведнай форме: імя і прозвішча, адрас, подпіс (у кожным бланку зварота змяшчаецца 19 подпісаў);
4. Даслаць запоўненыя бланкі поштаю на адрас: 220113, Мінск, а/с 280.
На зваротны адрас, які будзе пазначаны на канверце, арганізатары дашлюць у якасці падзякі дыск «Сімвалы веры і свабоды», іншыя дыскі выдадзеныя «БМАgroup», беларускія кнігі. Найбольш актыўныя зборшчыкі атрымаюць цішоткі з нацыянальнымі сімваламі.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на скрынку artsiadziba@gmail.com.
Нагадаем, што ў межах кампаніі «БМАgroup» і «Арт Сядзіба» ужо правялі некалькі акцый.
14 траўня, у гадавіну правядзення рэфендуму 1995 года, па выніках якога была змененая дзяржаўная сімволіка, актывісты кампаніі, на вуліцах Мінска раздавалі значкі і дыскі з беларускай музыкай.
31 траўня ў мінскай сядзібе БНФ прэзентавалі музычную складанку «Сімвалы веры і свабоды», якая прысвечаная нацыянальным сімвалам Беларусі. На дыску сабраныя кампазіцыі, якія выконваюць Зміцер Вайцюшкевіч, «Песняры», Аляксей Шадзько, Віктар Шалкевіч, Ліка Ялінская (Агурбаш), IQ-48, Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Вольскі і іншыя — усяго 22 трэкі. Бонусамі — лекцыі пісьменьніка Ўладзімера Арлова і гісторыка Сяргея Харэўскага.
Спампаваць дыск «Сімвалы веры і свабоды» можна на нашым сайце:
RAR (128 kbps, 90 Mb), RAR (320 kbps, 193 Mb)