Заўтра ў Варшаве сустрэча з жонкамі беларускіх палітвязняў

Спецыяльна на гэтую сустрэчу з Мінска прыедуць Марына Адамовіч і Наста Дашкевіч, жонкі Мікалая Статкевіча і Змітра Дашкевіча, апазіцыянераў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турме. Яны раскажуць пра сваіх родных ды мужоў, пра ўмовы, у якіх яны ўтрымліваюцца, а таксама пра ціск, якому яны падвяргаюцца, і кампаніі салідарнасці са Статкевічам і Дашкевічам, у якіх удзельнічаюць жанчыны.



fa27c313ec6d5b2ee5514ad2ddfd4df2_w499_h187_q75.jpg

Вольга Бандарэнка, жонка Змітра Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», вызваленага з папраўчай калоніі ў красавіку 2012 года, і Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара Андрэя Саннікава, які правёў больш за дзевяць месяцаў у турме, раскажуць пра тое, як змагаліся за сваіх мужоў і як перажылі гэты цяжкі час.

Канферэнцыя з удзелам жонак палітычных зняволеных адбудзецца ў Беларускім доме ў Варшаве (ul. Wiejska 13/3) а13-й гадзіне. Сустрэчу будзе мадэраваць еўрадэпутат, доктар Марак Мігальскі.

А 17-й на Кракаўскім прадмесце побач з касцёлам св. Ганны адбудзецца пікет салідарнасці з палітычнымі зняволенымі з удзелам апазіцыянераў, былых палітвязняў і прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Варшаве.

Арганізатары — Офіс еўрадэпутата Марка Мігальскага і Беларускі дом у Варшаве. Патранат — Белсат ТВ.
 

spring96.org