«Зачыстка» не сціхае. У Гомелі на заводзе масавыя затрыманні, вядома пра аблаву на адвакатаў

«Зачыстка», якую Лукашэнка загадаў правесці сілавікам, працягваецца ўжо амаль месяц. Кожны дзень у краіне хапаюць дзясяткі чалавек. Пра два паказальныя выпадкі сёння распавялі незалежныя медыя.

Фота: zlin.gomel.by

Фота: zlin.gomel.by

На гомельскім «Заводзе ліцця і нармаляў» адбыліся затрыманні. Забралі 14 чалавек. 

«Прыехаў АМАП на «бусіках», наўпрост на тэрыторыю завода. Хапалі людзей вельмі жорстка. Клалі на асфальт, заломвалі рукі, надзявалі кайданкі», — распавяла крыніца «С*абоды». Паводле суразмоўцы, такім чынам былі затрыманы 14 чалавек.

У тэлеграм-каналах, звязаных з сілавікамі, з'явілася відэа пра «адпрацоўку» ў Гомелі 30 чалавек. Іх праверылі «на прадмет садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням» і «выявілі сувязі з замежнымі ўдзельнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў». Дваццаць чалавек «прыцягнулі да адказнасці».

Паведамляецца, што абсалютную большасць затрыманых асудзілі на 15 сутак арышту. Сваякі затрыманых кажуць, што для «палітычных» цяпер у гомельскім ІЧУ не прымаюць аніякіх перадач.

«Не прынялі нават ваду, нават туалетную паперу для затрыманых», — кажуць суразмоўцы.

Таксама стала вядома, што ўчора прайшла аблава на адвакатаў. «Н*ша Ніва» паведамляе пра шэсць затрыманых. Сярод іх у тым ліку адвакаты вядомых палітвязняў.

Рэдакцыі вядомы імёны некаторых з іх, але па просьбе адвакацкай супольнасці журналісты іх не агучваюць.

Ціск на адвакатаў пачаўся пасля выбараў у 2020-м. Многіх пазбавілі ліцэнзіі за надуманыя парушэнні ці недастатковую кваліфікацыю, выключылі з калегій адвакатаў. Права на прафесію ў Беларусі пазбавілі, напрыклад, Сяргея Зікрацкага, Аляксандра Пыльчанку, Людмілу Казак, Міхаіла Кірылюка, Антона Гашынскага, Дзмітрыя Лаеўскага.

У вядомых палітвязняў — таго ж Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага — адвакаты мяняліся некалькі разоў.

Некаторыя адвакаты апынуліся за кратамі. Віталю Брагінцу далі 8 гадоў калоніі, яго абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Судзяць Аляксандра Данілевіча за дапамогу Апейкіну і Герасімені — яму інкрымінуюць дапамогу ў закліках да мер абмежавальнага характару (ч. 3 арт. 361 КК) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК).