За ўтрыманне ў спецыялізаваным ізалятары МУС затрыманыя будуць плаціць 2,5 базавай велічыні
Памер пакрыцця расходаў на ўтрыманне асоб, змешчаных у спецыялізаваны ізалятар органа ўнутраных спраў, складае 2,5 базавай велічыні. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета міністраў ад 14 лістапада 2013 года № 977, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 19 лістапада.
Пастанова прынятая ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта ад 8 ліпеня 2013 года № 307 "Аб пытаннях удасканалення дзейнасці органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".
У пп. 3.1. указа гаворыцца, што ў спецыялізаваных ізалятарах органаў унутраных спраў да іх працвярэжвання ўтрымліваюцца асобы, у дачыненні да якіх прыменена адміністрацыйнае затрыманне "за
з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць", а таксама за ўчыненне ў стане алкагольнага ап'янення адміністрацыйных
правапарушэнняў, за якія яны могуць быць аштрафаваныя.
Такім чынам, гаворка не ідзе аб пакрыцці расходаў на ўтрыманне ўсіх затрыманых у СІЗА (следчых ізалятарах), як памылкова паведамілі раней некаторыя беларускія інтэрнэт-рэсурсы і СМІ.
Рахунак органа ўнутраных спраў на пакрыццё расходаў выдаецца асобе, змешчанай у спецыялізаваны ізалятар органа ўнутраных спраў пры яе вызваленні з гэтага ізалятара.
Асоба абавязана пакрыць гэтыя расходы добраахвотна не пазней чым праз месяц з дня вызвалення са спецыялізаванага ізалятара і пералічыць адпаведную суму на рахунак па ўліку бюджэтных сродкаў
адпаведнага органа ўнутраных спраў.
Пры непакрыцці расходаў іх спагнанне ажыццяўляецца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчага надпісу натарыуса.
Сродкі, якія паступілі ў лік пакрыцця расходаў, пералічваюцца органамі ўнутраных спраў у даход рэспубліканскага бюджэту ў лік кампенсацыі расходаў бюджэту не пазней як праз пяць працоўных дзён з дня
іх паступлення.
Арцём Шрайбман, БелаПАН