За надпіс «Жыве Беларусь» — тры месяцы арышту

Надпіс «Жыве Беларусь» на вясковым прыпынку ў судзе кваліфікавалі як «апаганьванне збудаванняў».

Ілюстрацыйны здымак Дзмітрыя Дзмітрыева.

Ілюстрацыйны здымак Дзмітрыя Дзмітрыева.

За надпіс «Жыве Беларусь» на прыпынку ў вёсцы ў Клецкім раёне мужчыну асудзілі да трох месяцаў арышту, паведамляюць праваабаронцы.

Учора, 7 кастрычніка, у судзе Клецкага раёна за надпіс «Жыве Беларусь» на прыпынку вёскі «Ляцешын» па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьванне збудаванняў») да трох месяцаў арышту асудзілі 45-гадовага Сяргея Цімохая.

Паводле абвінавачання, ён, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, 8 чэрвеня гэтага года пакінуў надпіс «Жыве Беларусь» фарбай чорнага колеру. Велічыня літар склала каля 30 сантыметраў. Нанесеную шкоду ацанілі ў 147 рублёў 79 капеек. Надпіс на прыпынку зафарбавалі на наступны дзень, 9 чэрвеня.

Сам абвінавачаны растлумачыў, што незадоўга да падзей, якія паслужылі падставай для судовага разбіральніцтва, выпіў паўлітра гарэлкі — такім чынам прышчапляўся ад каронавіруса. Сваю віну абвінавачаны прызнаў у поўным аб'ёме.

У выніку суддзя Віктар Цімошка пастанавіў арыштаваць мужчыну на тры месяцы. Менавіта такое пакаранне запытваў пракурор Клецкага раёна Вадзім Жукоўскі.