За каментар «Позывной дрыщ» – два гады «хатняй хіміі»
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў 30-гадоваму Дзмітрыю Чахуце два гады «хатняй хімі» за абразу сілавіка. Жыхара сталіцы прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага тысячу рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
30-гадовага мінчука Дзмітрыя Чахуту прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка органаў унутраных спраў Уладзіслава Шукайлы. Дзмітрый размясціў у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» тэкст пад калажам, дзе на выяве быў і Шукайла, тэкст з надпісам «Позывной дрыщ».
Дзмітрый Чахута прызнаў віну. Ён дапусціў, што каментар мог абразіць, аднак яго допіс з’яўляецца выключна жартоўным: ён адносіўся да ўсёй групы людзей, якіх размясцілі на калажы.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачанне падтрымаў Арцём Цвяткоў.
Пракурор запатрабаваў прызнаць здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці і пакараць Чахуту двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Суддзя падтрымала гэтае патрабаванне і асудзіла на такі тэрмін Дзмітрыя Чахуту.
«Белсат»