Вяртанне імёнаў. Ці дапамогуць «злітыя» звесткі МУС рэабілітаваць ахвяр палітычных рэпрэсій?
У мінулым годзе аб'яднанне былых сілавікоў атрымала базу даных з пераследам беларусаў за гады БССР. «Deutsche Welle» паспрабавала высветліць, ці паспрыяюць атрыманыя звесткі ацэнцы маштабу палітычных рэпрэсій.
Ініцыятыва «ByProsvet» і арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «BelPol» аналізуюць «зліты» архіў МУС з больш чым мільёнам імёнаў асуджаных па крымінальных артыкулах на тэрыторыі БССР у перыяд з 1917-га па 1990-я гады. З яго плануюць выдзяліць звесткі пра палітычныя рэпрэсіі і стварыць адкрыты інтэрнэт-архіў — па аналогіі з базай даных расійскага «Мемарыяла».
З базы хочуць выдзяліць звесткі пра рэпрэсаваных
У «ByProsvet» расказалі, што электронную базу ім перадаў «іншы чалавек, які пажадаў захаваць ананімнасць», але яго асобу верыфікавалі ў «BelPol»; таксама былыя сілавікі дапамагаюць з аналізам і сістэматызацыяй звестак. Як адзначыў у каментары польскаму тэлеканалу «Белсат» прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар, «звесткі неабходна верыфікаваць, падзяліць, дзе палітычныя, дзе непалітычныя, дзе проста крымінальныя справы, нейкія памылкі, дзе інфармацыя дублюецца».
У сваю чаргу, валанцёрка «ByProsvet», якая папрасіла не называць яе імя, адзначае, што ў базе няма пратаколаў судовых пасяджэнняў або архіўных картак. Гэта толькі кароткія запісы аб судовых працэсах: імя, прозвішча, дата і месца нараджэння асуджанага, артыкул Крымінальнага кодэкса, часам дадатковыя звесткі — да прыкладу, што чалавек быў рэабілітаваны. У базе фігуруюць не толькі беларусы, але і рускія, украінцы, палякі, казахі. «Нам важна выдзяліць запісы, якія тычацца рэпрэсаваных па палітычных матывах. Цяпер працуем над перыядам так званага "чырвонага тэрору" — 1917-1923 гады», — паведаміла DW валанцёрка.
Як вызначыць, што мелі месца палітычныя рэпрэсіі?
Інфармацыя пра рэабілітацыю асуджаных, паводле ацэнкі гісторыкаў, амаль заўсёды сведчыць пра палітычны характар крымінальнага пераследу. Таксама на гэта паказвае вынясенне прысуду пазасудовымі органамі: асаблівай нарадай НКУС, камісіяй НКУС і пракурорам СССР («двойкай») і так званымі «тройкамі» (у складзе начальніка абласнога УНКУС, сакратара абкама і пракурора).
Валанцёры «ByProsvet» ужо апрацавалі каля 100 крымінальных спраў, 26 асуджаных былі імі верыфікаваны як ахвяры палітычных рэпрэсій. Ёсць прысуджаныя да вышэйшай меры пакарання, да прымусовых работ у лагеры, пазбаўлення волі, зняволення ў лагер падчас савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. «Судзілі, да прыкладу, за шпіянаж, удзел у атрадах Станіслава Булак-Балаховіча. Усе гэтыя людзі былі рэабілітаваныя ў будучыні».
Нядаўна да працы над аналізам базы прыцягнулі праграмістаў, якія сістэматызуюць інфармацыю, затым яна будзе верыфікаваная і адкарэктаваная. Вынікам, як плануецца, стане стварэнне беларускага аналага архіву рэпрэсаваных, падобнага да расійскага «Мемарыяла».
Ці знойдуць тых, хто дагэтуль не рэабілітаваны?
Дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч паспрабаваў праверыць у злітай базе звесткі пра некалькіх асуджаных у БССР пасля Другой сусветнай вайны і прыйшоў да высновы, што гэтыя людзі маглі «тэарэтычна падпадаць пад рэпрэсіі». Напрыклад, у рамках так званай «аўгустоўскай аблавы» НКУС — аперацыі па ліквідацыі «антыкамуністычнага падполля» ў ваколіцах Аўгустова і Сувалак у ліпені 1945 года.
«Ёсць надзея, што ў гэтай базе мы выявім людзей, якія дагэтуль не рэабілітаваныя, — дзеліцца Станкевіч. — Але сказаць пра тое, што база рэпрэсаваных калі-небудзь будзе поўнай, немагчыма». Ён лічыць, што для сістэмнай працы са «злітай» базы МУС можна выключыць людзей, народжаных у 1960-я і пазней, а таксама супаставіць яе з ужо наяўнымі звесткамі пра рэпрэсаваных і знайсці супадзенні.
Паводле словах даследчыка, у базе можна выдзяліць людзей, асуджаных па такіх артыкулах КК, як «контррэвалюцыйная дзейнасць» або «шпіянаж», якія апрыёры сведчаць пра рэпрэсіі, і тых, каго судзілі нібыта за крымінальныя злачынствы, але, па сутнасці, гэта таксама быў палітычна матываваны пераслед. Да такіх асоб, паводле слоў Станкевіча, можна аднесці тых, хто быў асуджаны ў адпаведнасці з пастановай УЦВК і СНК СССР ад 7 жніўня 1932 года (так званы закон «аб трох каласках»), згодна з якім за крадзеж калгаснай маёмасці былі ўведзеныя суровыя меры — аж да смяротнага пакарання.
Яшчэ адзін беларускі гісторык, які пагадзіўся даць каментар на ўмовах ананімнасці, звяртае ўвагу і на так званы «блышыны артыкул» (два гады лагераў за нявыплату сельгаспадатку. — Заўв. рэд.).
«Нявыплата падатку — гэта крымінальнае злачынства, але калі чалавек не ў стане быў выплаціць падатак, таму што ў яго ўжо ўсё забралі, гэта ж рэпрэсіі, — удакладняе гісторык. — З іншага боку, як вызначыць, а хто не заплаціў падатак, хоць мог гэта зрабіць?». На думку суразмоўцы, аддзяліць рэпрэсаваных з базы даных ад усіх асуджаных па падобных артыкулах КК практычна немагчыма, адзінае выйсце — каб юрысты прызналі самі гэтыя артыкулы палітычна матываванымі.
Якія звесткі з злітай базы МУС выклікаюць пытанні?
Суразмоўца мяркуе, што з мільёна чалавек, чые імёны ў злітай базе МУС, большасць судзілі па крымінальных артыкулах пасля 1944 года, а на перыяд самых масавых рэпрэсій у СССР, з 1917 па 1938 год, «выпадзе мінімум», бо многія дакументы таго часу не захаваліся.
Гісторык лічыць далёка не поўнымі некаторыя даныя з базы, якія раней публікаваліся ў СМІ: «Самы пік высылак выпаў на перыяд калектывізацыі ў 1929-1931 гадах. За гэтыя гады, паводле базы МУС, у высылку было адпраўлена ўсяго 288 чалавек. Паводле афіцыйных даных, у перыяд калектывізацыі ў аддаленыя раёны СССР з БССР выслана не менш за 120 тысяч чалавек, а паводле маіх падлікаў, 300-350 тысяч».
Знайсці звесткі пра большасць высланых, паводле слоў гісторыка, немагчыма: гэта адбывалася ў рамках адміністрацыйных працэдур, большасць дакументаў страчаныя. «У перыяд самага піку рэпрэсій, з 1917 па 1938 гады, усяго было расстраляна, паводле базы МУС, крыху больш за 20 тысяч чалавек, з іх на 1937-38 гады выпадае 14 тысяч. Хоць мінімальная колькасць расстраляных у гэтыя гады — 90-100 тысяч чалавек», — гаворыць гісторык.
Між тым, у «ByProsvet» не хаваюць, што апублікаваныя звесткі пра колькасць рэпрэсаваных і рэабілітаваных з'яўляюцца папярэднімі і будуць мяняцца ў працэсе далейшай апрацоўкі базы.
Закрытыя базы даных у КДБ і Нацархіве
Апытаныя DW эксперты адзначаюць, што толькі паводле афіцыйных даных у перыяд БССР у рэспубліцы было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек, з іх 250 тысяч — па лініі судовых і пазасудовых органаў за «контррэвалюцыйныя злачынствы»; 350 тысяч — у адміністрацыйным парадку.
У КДБ Беларусі, чые архівы практычна цалкам закрытыя нават для сваякоў рэпрэсаваных, захоўваюцца справы на 253 тысячы чалавек, 176 тысяч з іх рэабілітаваныя. Пад рэабілітацыю не траплялі тыя, хто быў асуджаны не толькі па палітычным, але і па якім-небудзь крымінальным артыкуле, да прыкладу, за нявыплату сельгаспадатку. Не падлягалі рэабілітацыі ў асноўным і тыя, хто, паводле даных уладаў, супрацоўнічаў з нацыстамі ў 1941-1944 гадах.
У 1990 годзе стала стварацца база даных «Звесткі пра неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзян Беларусі», якая цяпер знаходзіцца ў падпарадкаванні Нацыянальнага архіва. У ёй — каля 180 тысяч прозвішчаў. Хоць гэты рэестр задумваўся для публічнага карыстання, у 2018 годзе Нацархіў перавёў яго ў разрад «для службовага карыстання». Паводле слоў суразмоўцаў DW, гэтую базу даных незаконна закрылі, у прыватнасці, для таго, каб людзі, чые продкі былі палякамі, не змаглі выкарыстоўваць звесткі адтуль для атрымання «карты паляка».