Паўстанне, якое не адбылося. Частка 2

 Працяг гісторыі пра спробу паўтарыць «студзеньскае паўстанне 1863-га» ў 1877 годзе. Пачатак тут.

Адам Станіслаў Сапега

Адам Станіслаў Сапега

Такім чынам, увесну 1877 года планы, падавалася, маргінальнай групы «Канфедэрацыя польскай нацыі» (КНП) узняць новае паўстанне ў Польшчы нечакана сталі выглядаць не так ужо і фантастычна. Турцыя і Брытанія пагадзіліся аказаць «канфедэратам» ваенную падтрымку. На тэрыторыі Аўстра-Венгрыі фармаваліся групы для прарыву на тэрыторыю Расіі. 

Зрэшты, праблем таксама хапала. 24 красавіка 1877 года Расія абвясціла вайну Турцыі. У той жа дзень рускае войска пераправілася праз Прут, неўзабаве авалодала Валахіяй і рушыла на поўдзень. Турэцкая армія засталася на Дунаі. План сумесных дзеянняў Турцыі і польскіх паўстанцаў па разбурэнні тылавых камунікацый расейцаў на Падоле быў сарваны. Акрамя таго ў гэты час у складзе турэцкага ўрада адбыліся важныя змены. Пост вялікага візіра заняў чалавек, які ігнараваў ідэю падтрымкі палякаў.

Тады ў лідараў Канфедэрацыі ўзнікла смелая ідэя схіліць на свой бок кіраўніка Каталіцкай царквы. Папа Пій ІХ павінен быў публічна выступіць у абарону прыгнечанай Польшчы. Не без ціску брытанскага лобі пантыфік сапраўды выступіў перад польскімі пілігрымамі. У сваёй прамове да палякаў папа згадаў пра ціск, які палякі адчуваюць з усіх бакоў, заклікаў іх быць цярплівымі, устойлівымі і мужнымі. У фінале папа благаславіў палякаў на барацьбу за рэстаўрацыю польскай дзяржаўнасці.

Канфедэрацыя адразу ж паспяшалася распаўсюдзіць тэкст выступлення пантыфіка сярод насельніцтва ў Царстве Польскім і экс-ВКЛ. Было надрукавана 30 000 экзэмпляраў пракламацый на польскай мове і 6 000 на літоўскай.

Акцыя з прамовай папы наэлектрызавала Польшчу, выклікаўшы трывогу не толькі ў царскай адміністрацыі. Былі ўстрывожаныя таксама палякі і літвіны — апаненты КНП. Гэтая фракцыя, у склад якой дарэчы ўваходзілі многія ветэраны паўстання 1863 года, лічыла, што маральна і матэрыяльна знясіленая нядаўняй паразай Польшча не здольная на паўстанне. Пародыя на паўстанне (на іх думку, у дадзеных абставінах гэта было адзіна магчымым варыянтам) толькі скампраметуе польскую справу і ўзмацніць рэпрэсіі царскага ўрада.

Калі верыць шэрагу гісторыкаў, у асяроддзі крытыкаў паўстання ўзнік каварны план —паставіць на чале Канфедэрацыі папулярнага сярод палякаў чалавека, які мог сабатаваць падрыхтоўку бунту. Так ці інакш, але сапраўды неўзабаве на сцэне з'яўляецца князь Адам Сапега — прадстаўнік знакамітага роду беларускіх магнатаў, адзін з герояў паўстання 1863 года. Ён выказаў жаданне ўвайсці ў склад кіраўніцтва КНП. Хутка ён стаў кіраўніком арганізацыі.

Дзейнасць князя на гэтай пасадзе сапраўды дазваляе падазраваць яго ў сабатажы паўстання. У прыватнасці, ён адклікаў агента, які павінен быў весці перамовы з брытанскім урадам наконт пазыкі ў мільён фунтаў. Акрамя таго, Сапега кантраляваў і стрымліваў найбольш гарачыя і нецярплівыя польскія элементы. Зрэшты, ёсць думка, што князь за кошт такіх крокаў намагаўся ўвайсці ў давер аўстрыйцам, каб тыя ў час паўстання пачалі адкрытую інтэрвенцыю ў Расію.  

Радыкалы між тым, здаецца, пачалі нешта падазраваць і ў нейкі момант вырашылі дзейнічаць аўтаномна. А менавіта выпусцілі пракламацыю, якая заклікала да пачатку ўзброенага руху. Акрамя таго, як раз ў гэты час прыйшла вестка аб перамозе турак пад Плеўнай, што натхніла найбольш заўзятых прыхільнікаў паўстання.

У такой атмасферы Сапега пагадзіўся на ваенную акцыю —прыкладна дзве тысячы палякаў і венграў павінны былі здзейсніць рэйд па тылах расійскай арміі. І тут здарылася непрадказальнае. Аднаму з аўтараў ідэі экспедыцыі прыйшла ў галаву ідэя прыцягнуць на свой бок аўстра-венгерскія ўрадавыя колы для ўдзелу ў мерапрыемстве. Гэты крок стаў вырашальным. Даведаўшыся пра экспедыцыю, аўстрыйскія ўлады загадалі канфіскаваць зброю інсургентаў, якую яны складавалі на румынскай мяжы, і арыштаваць галоўных актывістаў.

У сутнасці пасля гэтага ад ідэі паўстання практычна ўсе адмовіліся. Тым больш на двары быў кастрычнік 1877 года. Набліжалася капітуляцыя крэпасці Плеўна, якая сталася пралогам паразы Турцыі ў вайне з Расіяй.

Князь Адам Сапега пацярпеў няўдачу ў цяжкай гульні па ўцягванні Аўстрыі ў вайну з Расіяй. Аднак яму ўдалося заблакаваць ідэю мяцежнай дыверсіі, якая не мела, як лічаць польскія гісторыкі, ніякіх перспектыў на поспех.