Чаму рэкорды ЗВР не адлюстроўваюцца на беларускай рэчаіснасці?
Яшчэ з савецкіх часоў нашы ўлады любяць рэкорды да пэўных дат. Гэтыя даты мы ўсе ведаем, і Дзень Перамогі 9 траўня ўваходзіць у іх лік. А калі дасягненняў няма, то гэта значыць усяго толькі тое, што трэба іх прыдумаць. Праўда, ад «прыдумак» потым узнікае дысананс з рэчаіснасцю, але каго і калі гэта хвалявала?

Чарговы рэкорд устанавілі золатавалютныя рэзервы Беларусі. І гэты чарговы рэкорд зноў у значнай ступені абумоўлены ростам коштаў на золата. За красавік беларускія ЗВР выраслі адразу на 872,8 млн долараў да 10,94 млрд долараў, сведчаць свежыя звесткі Нацбанка.
Праўда, у гэты раз фактарам росту ЗВР, акрамя золата, стала павелічэнне актываў у замежнай валюце. Кошт манетарнага золата, уключанага ў ЗВР, за красавік павялічыўся на 326,3 млн долараў, а рэзервовыя актывы ў замежнай валюце ў той жа час прыраслі на 513,1 млн долараў да 3,82 млрд долараў.
І гэты рост цалкам сабе вытлумачальны. Як сведчыць статыстыка таго ж Нацбанка, беларускія суб'екты гаспадарання ў красавіку ўпершыню за некалькі месяцаў сталі чыстымі прадаўцамі валюты. Іх рэкордны продаж валюты змяніў становішча на рынку: прапанова валюты нават перавысіла попыт, хоць у студзені-сакавіку назіралася адваротная сітуацыя.
Абарот валютнага рынку ў красавіку супастаўны з нашымі ЗВР, і склаў 10,82 млрд долараў, зноў стаўшы максімальным у гэтым годзе. Прапанова перавысіла попыт на 634,33 млн долараў.
Аднак тут няма нічога незвычайнага. Па-першае, справа ў самой амерыканскай валюце. Долар сам па сабе імкліва таннее на фоне розных дзіўных ініцыятыў Дональда Трампа. То пачатак «тарыфнай вайны», то рэзкае яе заканчэнне ў дачыненні да некаторых краін не дадае стабільнасці ні ЗША, ні яе плацежнаму сродку. У сераду трошкі падтрымала амерыканскую валюту ФРС ЗША, пакінуўшы на ранейшым узроўні ключавую стаўку, але намаганні амерыканскіх банкіраў па падтрыманні долара відавочна недастатковыя на фоне таго, што робіць Трамп.
Па-другое, прапанова валюты на рынку традыцыйна расце ў сакавіку-красавіку любога года, паколькі ў гэты час прадпрыемствы выплачваюць падаткі і закрываюць папярэдні фінансавы год. Таму прадпрыемствы заўсёды ў гэты час выкідваюць валюту на рынак, каб атрымаць беларускія рублі і закрыць пытанні з падаткамі.
Зрэшты, якраз тут і ёсць адзін вельмі цікавы нюанс. У аглядах рынку ў якасці валюты традыцыйна выкарыстоўваецца долар ЗША. Але гэта далёка не азначае, што ўся валюта — гэта сапраўды долары. Гэта яшчэ і еўра, і юані, і расійскія рублі, і шмат чаго яшчэ. На фоне таго, што прыкладна 70% нашага экспарту прыпадае на Расію, было б цікава паглядзець на структуру валютнага рынку, як і на структуру нашых ЗВР — колькі там сапраўды долараў? Ці не атрымаецца так, што тыя самыя «чыстыя прадаўцы валюты» прадавалі не СКВ («свабодна канвертоўная валюта», азначэнне з 90-х гадоў мінулага стагоддзя), а «драўляны» (не вельмі канвертоўны — вызначэнне з таго ж часу) расійскі рубель.
Але такіх даных нам Нацбанк не прадаставіць. Навошта?
Глядзіце таксама

Праўда, насамрэч няма прычын лічыць, што ў дзяржаўных фінансах усё вельмі добра. Нягледзячы на рэкордныя лічбы, усё насамрэч вельмі дрэнна. Інакш бы навошта нашая дзяржава пачынала займацца ці не наўпроставыім рабаўніцтвам сваіх грамадзян? Не, мы канешне звыклі, што да нас перыядычна залазяць у кішэню, але каб з такім нахабствам?
Як паведамляе праваабарончы праект Mayday.team, у беларускіх калоніях пачалася практыка поўнага спісання грашовых сродкаў з асабістых рахункаў зняволеных. У шэрагу калоній сваякі асуджаных сутыкнуліся з сітуацыяй, калі з асабістых рахункаў іх блізкіх прымусова канфіскоўваліся ўсе сумы — часам да некалькіх сотняў долараў у эквіваленце.
Як высветлілася, прычынай для гэтага сталі прадпісанні ад органаў прымусовага выканання (ОПВ). Гэтыя дакументы загадваюць забіраць сродкі з рахункаў зняволеных для пагашэння даўгоў, штрафаў і пазоваў у поўным аб'ёме, — пры гэтым незалежна ад згоды асуджаных.
Раней спісання рабіліся толькі пры наяўнасці пісьмовай згоды асуджанага з указаннем добраахвотнага адсотка ўтрыманняў. Для гэтага асуджаныя пісалі адмысловую заяву з указаннем добраахвотнага адсотка аплаты. Цяпер жа прадпісанні ОПВ патрабуюць безумоўнага спісання сродкаў у поўным аб'ёме — незалежна ад жадання асобы, якая адбывае пакаранне. Кіраўніцтва калоній тлумачыць асуджаным, што цяпер да поўнага пагашэння штрафу або пазову ўсе грошы, якія прыходзяць на рахунак, будуць канфіскоўвацца. Пералічэння ад сваякоў не з'яўляюцца заработнай платай асуджанага, таму спісанне такіх сум робіцца ў поўным аб'ёме.
Асуджаныя могуць выкарыстоўваць толькі ад 30% да 50% ад заработнай платы, атрыманай у прамзоне калоніі. Але, як правіла, пасля ўсіх выплат на ўтрыманне такі заробак складае блізу 10 рублёў, адзначаюць праваабаронцы.
Зрэшты, дзяржава «ўзаконена рабуе» не толькі сваіх грамадзян, але і чужых. Беларускі Савет міністраў яшчэ на год падоўжыў дзеянне парадку выканання «Банкам развіцця» абавязкаў па еўрааблігацыях. Гэта той самы дакумент, які дазваляе «Банку развіцця» «выкупляць» еўрааблігацыі па кошце ў 30% ад наміналу плюс сума налічаных і не выплачаных на дату выкупу працэнтных даходаў.
Умовай такога выкупу з'яўляецца перавод еўрааблігацый іх трымальнікам на рахунак банка. А вось купля гэтых еўрааблігацый павінна ажыццяўляцца ў беларускіх рублях на рахунак у «Беларусьбанка».
Такія выплаты могуць атрымаць трымальнікі аблігацый з краін, якія не ўключаны ў пералік «недружалюбных» і якія набылі каштоўныя паперы да ўступлення пастановы ў сілу. Пры гэтым працэнтны даход выплачваецца разам з пагашэннем еўрааблігацый, а выплаты вырабляюцца па курсе Нацбанка на дзень пералічэння сродкаў.
А потым у чалавека, канешне, з'яўляюцца праблемы з тым, як дастаць свае грошы ўжо з таго самага «Беларусбанку».
Калі б у нас усё было добра са сродкамі, ці спатрэбіліся б нам такія дзіўныя фінансавыя рашэнні?