Усё ў нас добра. Але чаму тады нам так балюча?

Вось, бывае, глядзіш на статыстыку нашых міністэрстваў, ведамстваў і іншых афіцыйных органаў кшталту Белстата — душа радуецца так, што аж спявае, так у нас усё выдатна. Але калі адарвацца ад сухіх лічбаў у чалавечае вымярэнне — пачынаюцца праблемы. Таму што статыстыка — гэта такая штука... Загадкавая, мякка кажучы.

_belarus_ekanomika_pradpryemstva_zavod_impartazamjaszczenne_2024_fota_novy_czas__4_.jpg

Спачатку пра добрае — гэта значыць, пра тую самую статыстыку, якую на тыдні нам вельмі шчодра насыпалі, падводзячы вынікі працы беларускай эканомікі ў І квартале гэтага года.

Рост ВУП у першым квартале аж перавысіў прагноз, заявілі ў Мінэканомікі. Валавы ўнутраны прадукт краіны вырас на 3,1%, а прагноз складаў 2,7%, адзначылі ў міністэрстве.

Драйверамі росту ў ведамстве назвалі будаўніцтва (115,6%), прамысловасць (102%), інфармацыю і сувязь (106,1%), гандаль (103,3%).

Праўда, як адзначылі ў міністэрстве, «некалькі паскорылася» гадавая інфляцыя: у сакавіку яна склала 5,9% пры агульнагадавым прагнозе не больш за 5%. Але Мінэкномікі адразу ж знайшло прычыну: «Гэта звязана з ростам базавай інфляцыі і пастаянна рэгуляваных коштаў (тарыфаў)», — сказалі адмыслоўцы. Што ж, няма падставаў ім не верыць, праўда?

Прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасла на 2,1% па выніках першага квартала. У студзені-лютым прырост складаў 2%, а ў студзені — 2,9%.

У студзені-сакавіку 2025 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях усіх катэгорый (уключаючы сялянскія (фермерскія) гаспадаркі і гаспадаркі насельніцтва) вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася ў параўнанні са студзенем-сакавіком 2024 года ў супастаўных цэнах на 1,7%.

І як вынік усяго гэтага —праўда, крыху завышаны, — рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі (даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэкціраваныя на індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у студзені-лютым 2025 года склалі 112,5% да ўзроўню студзеня-лютага 2024 года. Гэта значыць, павялічыліся на 12,5%. 

Тут мы можам задацца пытаннем, якім чынам рэальныя даходы насельніцтва растуць тэмпамі ў чатыры разы вышэйшымі за тэмпы росту ВУП? Але гэта ўжо старая бяда. Настолькі старая, што новы старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка, не звяртаючы ўвагі на гэтыя дысанансы, паабяцаў паўнавартасна ўвесці ў абарот лічбавы рубель у другой палове 2026 года. 

«Ім ужо змогуць карыстацца суб'екты гаспадарання. Да 2027 года мы плануем, што ён стане даступны і дзяржаўным органам, і фізічным асобам», — заявіў Галоўчанка, і адзначыў, што «ў гэтым плане мы, дарэчы, вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем з Расійскай Федэрацыяй, якая таксама ідзе па шляху стварэння свайго лічбавага рубля. Вельмі важна, каб гэтыя валюты, што называецца, мелі зносіны адзін з адным, і мы маглі праводзіць трансгранічныя здзелкі».

Праўда, пакуль вялікае пытанне, як «лічбавы рубель» адаб'ецца на інфляцыі і чым ён будзе забяспечаны, але зноў жа — гэта іншае.

І вось гэтыя аптымістычныя рапарты маглі б даць падставу не толькі парадавацца, але і выпіць «за поспех нашай безнадзейнай справы». Аднак, чытаючы іншыя навіны — як бы не папярхнуцца.

Мінскі завод бытавой тэхнікі «Атлант» з 28 красавіка да 12 траўня сыходзіць у вытворчы прастой, даведалася «Еўрарадыё», патэлефанаваўшы ў аддзел кадраў прадпрыемства пад выглядам беларуса, які шукае працу.

Раней гэта ж радыё, як і іншыя незалежныя СМІ, пісала, што таксама ў прастой да 12 траўня сыходзіць завод «Акумулятарны Альянс» (былы «АйПаўэр»). І не проста сыходзіць у прастой, а нават скарачае штат.

Нагадаем, што экс-«АйПаўэр» — гэта той завод, супраць будаўніцтва якога доўгі час пратэставалі ў Берасці. Завод, які фактычна «рэйдэрскім шляхам» быў канфіскаваны ва ўласніка перададзены ў тым ліку падазраванаму ў забойстве актывіста Рамана Бандарэнкі восенню 2020 года Дзмітрыю Баскаву, які восенню 2021 года павысіў сваю долю ў прадпрыемстве з 15% да 40%, а яшчэ 20% перайшлі Брэсцкаму аблвыканкаму.

У 2021 годзе завод толькі пачаў працу, а праз чатыры гады ўжо вымушаны не працаваць.

Пра фінансавыя праблемы прадпрыемстваў Гомельшчыны паведамляла выданне «Флагшток». Так, на заводзе «СтанкаГомель» заробкі ўпалі, а супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. Завод ліцця і нармаляў («Злін»), які ўваходзіць у склад вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш», узяў крэдыт у банку, каб выплаціць рабочым заробкі ў пачатку 2025 года — тыя самыя заробкі, якія выраслі на 12,5%.

Варта адзначыць, што «Гомсельмаш» не проста хранічна стратны — яго не выратавала нават удзел у «імпартазамяшчальнай» праграме, на якую Лукашэнка атрымаў 1,5 млрд долараў крэдыту ад Расіі. Праўда, пры ўсім жабрацкім эканамічным стане гэта не перашкаджае ідэолагам завода арганізоўваць «аўтапрабегі завадчан у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі». Што, у прынцыпе, апраўдана — калі б не расійскія грошы, завод бы збанкрутаваў даўным-даўно.

Затрымкі заробкаў былі зафіксаваныя на «Беларускім металургічным заводзе». На тым самім заводзе, у які чатыры гады таму былі ўлітыя проста шалёныя грошы — столькі, што хапіла б кожнаму завадчаніну на заробак за 10 гадоў.

Глядзіце таксама

І, прызначаючы ў чацвер намесніка старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Аляксандра Шчаковіча на пасаду кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, Лукашэнка даручыў яму звярнуць асаблівую ўвагу на «Амкадор», адна з вытворчасцяў якога размешчана на тэрыторыі раёна. 

«З "Амкадорам" у нас вялікія праблемы, — раптам заявіў Лукашэнка. — Трэба прыводзіць у пачуццё гэтае прадпрыемства. І ні ў якім разе нельга загубіць. "Амкадор" — гэта вельмі перспектыўнае для нас і для Расіі прадпрыемства… Таму што найбліжэйшым часам давядзецца вельмі моцна працаваць на "Амкадор"».

Варта адзначыць, што фармальна «Амкадор» належыць «алігарху» Аляксандру Шакуціну. І да гэтага дня холдынг лічыўся вельмі паспяховай кампаніяй.

Калі ў нас па статыстыцы ўсё добра, а прадпрыемствы пачынаюць «сыпацца» — дзе бяда? У статыстыцы, ці...?