Праціўнікі акумулятарнага заводу ўжо два гады выходзяць на плошчу па нядзелях

5 студзеня ў Брэсце на плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

akum_piket_viasna_1.jpg

Людзі на плошчы ўспомнілі, што роўна два гады таму, 5 студзеня 2018 года, упершыню сабраліся разам ля будаўнічай пляцоўкі завода, дзе выказалі свой пратэст. На наступны дзень, 6 студзеня, пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва завода. Так стартавала грамадская кампанія пратэсту.
Сёння ж на плошчы Леніна абмяркоўвалі апавяшчэнне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі па будаўнічым праекце акумулятарны завод ТАА «АйПауэр», паведамляе БелаПАН.
Апавяшчэнне было размешчана 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у прыватнасці, на сайце кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць «АйПауэр», на сайце Брэсцкага аблвыканкама. У паведамленні гаворыцца, што заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы выступае кампанія «АйПауэр». Прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы з'яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстаннi прыродных рэсурсаў.
Таксама паведамлялася, што заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы можна накіраваць на паштовы адрас ТАА «АйПауэр» (Брэст, вуліца Піянерская, д. 52, офіс 608) на працягу 10 рабочых дзён з моманту апублікавання гэтага паведамлення ў тэрмін да 15 студзеня.
3 студзеня група праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода хацела падаць такую ​​заяву і прыйшла па ўказаным адрасе. Аказалася, што офіса ТАА «АйПауэр» ў гэтым будынку няма. На дзвярах кабінета 608, дзе раней быў офіс гэтай кампаніі, замацаваная шыльда іншай фірмы.
Актывісты выклікалі міліцыю, супрацоўнік якой зафіксаваў дадзены факт. Пасля гэтага яны падалі адпаведную заяву ў Брэсцкі аблвыканкам.
5 студзеня на плошчы праціўнікі завода адзначалі, што не здзіўлены такой сітуацыяй, таму што, на іх думку, усё зроблена спецыяльна для таго, каб увесці людзей у зман.
На думку актывіста Алега Вялава, «АйПаэру» грамадская экспертыза проста неабходная, таму што без яе яны не змогуць падаць дакументы на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Пры гэтым Вялаў не выключае, што праціўнікаў завода да грамадскай экспертызы не дапусцяць.
Актывісты заяўляюць, што будуць дамагацца правядзення грамадскай экспертызы ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
naviny.by