Чаму падае рэнтабельнасць беларускіх прадпрыемстваў?
Сумная статыстыка: фактычна палова беларускіх прадпрыемстваў па выніках шасці месяцаў знаходзілася ў пагрозлівым фінансавым становішчы. І чым больш прадукцыі выпускаецца, тым сітуацыя становіцца горшай.
Пакуль ВУП усё яшчэ працягвае радаваць у справаздачах усё яшчэ высокімі паказчыкамі, фінансы прадпрыемстваў усё часцей засмучаюць. Таму што імпартаваць даводзіцца ўсё больш, а цэны на беларускі экспарт падаюць. Таму што работнікаў трэба завабліваць высокімі заробкамі, а кампенсаваць выдаткі коштавае рэгуляванне не дазваляе, піша «Беларусы і рынак».
Паводле звестак Нацбанка, за шэсць месяцаў рэнтабельнасць продажаў у Беларусі знізілася да 6,7%. Пры гэтым 13% беларускіх кампаній былі стратнымі. А ў 37% рэнтабельнасць вагалася ад 0 да 5%.
Гэта значыць, фактычна палова беларускіх прадпрыемстваў па выніках шасці месяцаў знаходзілася ў пагрозлівым фінансавым становішчы. Гэта калі рэнтабельнасць, а разам з ёй і грошы, могуць скончыцца пры любым ваганні рынкавай кан'юнктуры ў неспрыяльны бок.
І добра б у пагрозлівае фінансавае становішча прадпрыемства траплялі кожнае паасобку. Але асаблівасці беларускай эканамічнай мадэлі на бягучым этапе такія, што ў пагрозлівае становішча трапляюць адразу цэлыя галіны.
Беларускі гандаль першым прыняў на сябе ўдар цэнавага рэгулявання. І, падобна, доўга трымаць гэты ўдар беларускі гандаль ужо не зможа.
Рэнтабельнасць аптовага гандлю па выніках шасці месяцаў склала паўпрацэнта, рознічнага – 1,2%. Пры гэтым стратнымі былі 30% гандлёвых арганізацый, да нізкарэнтабельных адносіліся 56%.
Яшчэ некалькі месяцаў таму МАРГ выхваляўся, што сваім коштавым рэгуляваннем зрэзаў з гандлю лішні тлушч. Мяркуючы па апошніх даных статыстыкі, цяпер ад беларускага гандлю засталіся толькі скура ды косці.
Прычым выпрабаваны метад — кампенсаваць нізкія цэны вялікімі аб'ёмамі — ужо не дапамагае. Прадпрыемствы вырабляюць больш, больш прадаюць, а ім становіцца ўсё горш і горш.
Рост выручкі да 209 млрд рублёў за шэсць месяцаў не дазволіў зарабіць больш грошай. Таму што пры росце выручкі на 15,5% сабекошт павялічыўся на 17,4%. Так што пры павелічэнні аб'ёмаў продажаў прыбытак ад гэтых продажаў знізіўся. Затое выраслі даўгі. Крэдыторская запазычанасць павялічылася на 8%, знешнія даўгі — на 10%.
І перспектывы для фінансаў беларускіх прадпрыемстваў выглядаюць не вельмі аптымістычна. З тых, хто прадае, узяць ужо асабліва няма чаго. Таму апошнім часам улады ўзяліся рэгуляваць тых, хто вырабляе.
У выніку дзяржаўнага рэгулявання цэн вытворцаў рэнтабельнасць у апрацоўчай прамысловасці ўпала на два працэнтныя пункты.
Зрэшты, вытворцам яшчэ пакуль ёсць куды падаць.
Прызнаваць, што эксперымент з рэгуляваннем коштаў пайшоў крыху не ў той бок, у які задумвалі, чыноўнікі, вядома, не збіраюцца. Праўда, МАРГ намякнуў, што з наступнага года цэнавы кантроль могуць трохі і аслабіць. І галоўнае — паспець гэта зрабіць да таго, як у беларускіх прадпрыемстваў скончацца грошы. А то ж можа так атрымацца, што радавацца паслаблення цэнавага кантролю будзе ўжо няма каму.
Навошта Беларусі яшчэ адзін гіганцкі завод халадзільнікаў?
Як мегапраекты дапамогуць ураду даць справаздачу аб выкананні планаў, разважаюць эсперты ў праграме «Оптымум» на ютуб-канале «Беларусы і рынак».
Урад
разлічвае, што ў наступным годзе тэмпы эканамічнага росту акажуцца яшчэ вышэйшымі,
чым у гэтым. Ва ўмовах, калі ўнутраны попыт перагрэты, цэны на экспарт падаюць,
а свае звыклыя рынкі беларускія тавары губляюць, узнікае законнае пытанне: за
кошт чаго ўлады збіраюцца гэта зрабіць?
«У Баранавічах можа нарадзіцца адзін з найбуйнейшых заводаў па вытворчасці халадзільнікаў. З кітайскай кампаніяй ідуць, так бы мовіць, абмеркаванні гэтага пытання», — сказаў віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка
Адзін завод па вытворчасці халадзільнікаў, завод «Атлант», у нас ужо ёсць. І гэты завод выпускае выдатныя халадзільнікі. Усё ў яго добра. За выключэннем маленькай праблемы. З-за высокага сабекошту ў беларускіх халадзільнікаў дрэнна атрымліваецца канкураваць з кітайскімі ў Расіі. Гэта значыць, на галоўным рынку для беларускіх халадзільнікаў. Праз гэта аб'ёмы вытворчасці на «Атланце» ўпалі, а запасы на складах выраслі. Увесну там нават давялося памяняць дырэктара.
«На сённяшні дзень на самай справе сітуацыя пакуль застаецца досыць праблемнай, складанай па рэалізацыі. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што пасля двух гадоў росту аб'ёмаў вытворчасці і экспарту ў мінулым годзе мы ўсе адзначалі вельмі агрэсіўны ўваход (шмат новых брэндаў, а таксама больш таннай тэхнікі) з усходніх краін на наш сумесны рынак з Расійскай Федэрацыяй. Вядома ж, гэта не магло не адбіцца на аб'ёмах рэалізацыі», — прызнаваў новы дырэктар Дзмітрый Харытончык.
То-бок, у нас ёсць завод халадзільнікаў. У гэтага завода халадзільнікаў ёсць праблема — халадзільнікі няма куды падзець. Таму трэба зрабіць што? Трэба пабудаваць яшчэ адзін велічэзны завод халадзільнікаў. Жалезная логіка.
І завод халадзільнікаў — гэта не адзіны праект, які ўлады збіраюцца рэалізаваць.
Ужо амаль дабудавалі завод па вытворчасці аўтобусаў МАЗ. Хоць за восем месяцаў гэтага года аўтобусаў МАЗ у Расію прадалі 327 штук — у два з лішнім разы менш, чым летась.
Рыхтуюць праект па будаўніцтве другога цэлюлозна-кардоннага камбіната, хоць за дзесяць гадоў да канца не змаглі дабудаваць першы.
Збіраюцца маштабна мадэрнізаваць цэментавыя заводы. Хоць цэментавыя заводы хранічна стратныя і не могуць расплаціцца з пазыкамі за ўсе папярэднія мадэрнізацыі.
Прычым ва ўсіх гэтых праектах гаворка ідзе пра тое, каб будаваць за свае грошы. І можа падацца, што няма ніякага сэнсу марнаваць уласныя грошы на праекты, для якіх няма ніякіх эканамічных абгрунтаванняў.
Хоць, на самай справе ўсё можна растлумачыць.
Калі вы будуеце яшчэ адзін завод халадзільнікаў, значыць атрымліваеце не толькі халадзільнікі, якія вам трэба будзе кудысьці падзець, але рост аб'ёмаў валавога ўнутранага прадукту. Таму што паказчыкі ВУП вызначаюцца менавіта аб'ёмам праведзеных работ. Чым больш вы вырабілі, чым больш вы пабудавалі, тым лепш для вашых паказчыкаў.
А эфектыўнасць тут наогул ні пры чым. Эфектыўнасць у паказчыках росту ВУП не ўлічваецца. Таму новы завод халадзільнікаў, новы цэлюлозны камбінат, новая мадэрнізацыя цэментных заводаў, нават новая кансервавая вытворчасць – гэта ўсё вельмі патрэбныя, вельмі карысныя ў беларускай эканамічнай гаспадарцы праекты.
Таму што беларускі ўрад прыдумаў спосаб, як яму «вырасціць» эканоміку. Укладваць шмат грошай, будаваць новыя заводы і г. д. застаецца, вядома, пытанне: куды потым усё гэта пабудаванае падзець?
Але, па-першае, адказваць на гэта гэтае пытанне трэба будзе не цяпер, а калі-небудзь потым. Калі заводы дабудуюць. А па-другое, адказваць на яго, магчыма, будзе ўжо які-небудзь іншы ўрад.