Запчасткі для самалётаў або дыялог з Захадам? Чаму палітвязні выходзяць на волю

Складана паверыць у «гуманнасць» рэжыму, які не спыняе рэпрэсіі і працягвае набіраць новых вязняў у палон. Але што стаіць за выхадам на волю 115 палітычных зняволеных?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

115 палітычных зняволеных выпусціў рэжым за апошнія некалькі месяцаў, і яшчэ пяцярых палітвязняў вызвалілі падчас перамоў Расіі і Украіны. Большай жа часткай вызваленне палітвязняў праходзіла пад кампаніяй «памілавання» з боку Лукашэнкі. Многія аналітыкі ўпэўненыя, што такім чынам рэжым дасылае сігналы Захаду аб гатоўнасці да перамоў. 

Напрыклад, палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч у тэксце на «Позірку» лічыць, што Лукашэнка мог вызваліць больш чым сотню палітвязняў адразу, калі б гэта сапраўды было «гуманным жэстам», а насамрэч гэта ўсё — прадуманая палітычная кампанія і праз тое ж прапагандысцкае відэа з Юрасём Зянковічам Захаду дасылаюцца пэўныя сігналы. Аднак што пайшло не так? Чаму спатрэбіліся перамовы і чаму менавіта цяпер палітвязні сталі выходзіць на волю?

«Перш за ўсё, у наяўнасці сіндром 2020 года. Лукашэнка не можа спакойна ставіцца да прэзідэнцкай кампаніі, якая павінна прайсці ў наступным годзе. У яго з'явіўся псіхалагічны комплекс у сувязі з самім гэтым працэсам. Занадта глыбокую траўму атрымаў кіраўнік чатыры гады таму», — лічыць Карбалевіч. На думку аналітыка, не спрыяе працягненню «самаізаляцыі» і эканоміка, якая пакуль трымаецца дзякуючы працы на расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Але што будзе, калі вайна скончыцца?


Глядзіце таксама

Магчымая параза Расіі ў вайне з Украінай пужае Лукашэнку не самай прыемнай для яго перспектывай, бо заступіцца за рэжым ужо не будзе каму. І на фоне такой татальнай залежнасці ад падтрымкі Пуціна, упэўнены аналітык, паміж Мінскам і Масквой зноў пачало «іскрыць»:

«У выступе Лукашэнкі 17 верасня на ўрачыстым вечары з нагоды "Дня народнага адзінства" за папрокамі на адрас Украіны і ЗША можна было пачуць схаванае папярэджанне на адрас Расіі. Прычым не толькі ў сувязі з расійскімі дронамі, якія лётаюць над беларускай тэрыторыяй. Прагучала, што хтосьці звонку стымулюе супрацьстаянне Беларусі і Украіны. Як можна зразумець з блытаных разваг Лукашэнкі, гэта не толькі ЗША».

Валерый Карбалевіч лічыць, што важная для Захаду праблема палітвязняў — першы крок да дыялогу, які патрэбны Лукашэнку, каб аслабіць уплыў Расіі:

«Лукашэнка хацеў бы атрымаць дадатковую страхоўку, пашырыць поле для манеўру, магчыма, на ўсялякі выпадак мець план Б. Трэба паспрабаваць прымусіць Захад прызнаць новую рэальнасць, забыцца на падзеі 2020 года і ўсё, што было потым, змірыцца з тым, што Лукашэнка застаецца на чале Беларусі і давядзецца з ім мець справу».

Сёння прагучала заява расійскага апазіцыянера Іллі Яшына, нядаўна вызваленага ў ходзе абмену вязнямі паміж РФ і Захадам, пра тое, што Лукашэнка пачаў адпускаць палітычных зняволеных у абмен на запчасткі для самалётаў. Нагадаем, што пасля тэрарыстычнага акта з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта авіякампаніі «Ryanair» заходнія краіны наклалі санкцыі на беларускага авіяперавозчыка «Белавія», чые самалёты не могуць заходзіць у паветраную прастору ЕС і абслугоўвацца — у тым ліку праз «шэрыя схемы».


Глядзіце таксама

Аналітык Аляксандр Фрыдман у каментары «Филину» адзначыў, што такі варыянт гандлю цалкам можа быць рэальным:

«...Выглядае, што Лукашэнку, цалкам магчыма, спатрэбіліся гэтыя запчасткі. Можа для "Белавія", а можа гаворка пра яго асабісты самалёт. Атрымаць гэтыя запчасткі не атрымліваецца, хоць гэта трошкі дзіўна выглядае, бо яны ўсё ж добра падрыхтаваліся да абыходу санкцый.

У дадзеным выпадку выглядае, што абысці іх усё ж не атрымліваецца. Таму ён і мог пайсці на такі варыянт, калі ён вызваляе пэўную колькасць палітвязняў, а яму за гэта дазваляюць атрымаць тыя запчасткі».

Аднак у версіі Яшына ёсць адно даволі слабае месца, заўважае Фрыдман, якое датычыцца выгады Захаду ад такога кшталту здзелак. ЕС і ЗША ўвялі санкцыі і самі жа гэтыя санкцыі абыходзяць? Але дзеля чаго? Паколькі такой інфармацыі не прагучала, то версія з абменам палітвязняў на запчасткі для самалётаў выглядае крыху сумнеўнай. Але калі агучанае Яшыным — праўда, то тады беларускія дэмсілы зноў аказваюцца ў непрыемнай сітуацыі, дадае эксперт:

«Калі мы па-ранейшаму сыходзім з таго, што Яшын мае рацыю, то што ў такім выпадку даводзіцца рабіць дэмакратычным сілам? Казаць, што Захад гуляе ва ўласную гульню, у якой яны не ўдзельнічаюць?


Глядзіце таксама

Што ён абыходзіць уласныя санкцыі? Бо гэтая гісторыя і Захад пакажа не ў самым лепшым святле. Бо ён, атрымаецца, гатовы кропкава супрацоўнічаць з такім рэжымам. (...) Беларускія дэмсілы ўжо траплялі ў вельмі непрыемную сітуацыю, калі быў вялікі абмен палітзняволенымі паміж Захадам і Расіяй і ім давялося прызнаць, што яны былі па-за дужкамі тых перамоваў. І яшчэ раз дэманстраваць тое, што яны не маюць сур’ёзнага палітычнага ўплыву, ім было б вельмі непрыемна».

Аляксандр Фрыдман упэўнены, што апублічванне здзелак такога кшталту нявыгаднае для рэжыму, для афіцыйнага Мінска лепш, каб усё праходзіла ціха. І сапраўды, тады можна працягваць гуляць у гуманнасць, прадаючы ўнутранай аўдыторыі вызваленне палітвязняў як «жэст добрай волі». Верагодна, на гэтым і будзе будавацца электаральная кампанія Лукашэнкі.