«Беларускі эканамічны цуд»: фінансавыя піраміды маленькія і вялікія
Пакуль сусветныя рынкі ліхаманіць праз Трампа, Беларусь прадаўжае ліхаманіць праз адсутнасць у Нацбанку Паўла Калаўра. Замена яго на экс-прэм'ера рамана Галоўчанку стала настолькі хваравітай тэмай, што давялося выказацца нават Лукашэнку. І ад гэтага стала яшчэ больш трывожна.

Фота з aif.by
Беларускі кіраўнік зноў надаў увагу Нацбанку і прызначыў Аляксандра Ягорава першым намеснікам старшыні праўлення Нацбанка. Але пры гэтым прызначэнні Лукашэнка выказаўся і наконт імаверных дзеянняў новага кіраўніцтва.
«Некаторыя тут пачалі вякаць: ну, прыйшлі тут Галоўчанка з Ягоравым — яны тут цяпер станок уключаць. Ды ў іх няма станка… Станок у мяне вунь стаіць за кабінетам, ён ужо заржавеў... Слухайце, мы не тая краіна, каб сёння ўключыць станок і пачаць друкаваць грошы. Гэта заўтра момантам выльецца ў інфляцыю. Таму тысячу разоў трэба па баках паглядзець. І ніхто ніякія станкі ўключаць не збіраецца, таму што ў нас і сітуацыя не тая, каб уключыць. Больш-менш сітуацыя нармальная ў краіне», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, у Беларусі ўжо навучылі падтрымліваць баланс у эканоміцы і не будуць займацца самагубствам.
«Так, мы залежым ад рынкаў, фінансавая сістэма залежыць, зразумела. Але ўсё ж такі мы навучыліся неяк баланс трымаць. Таму, ну ясна, хочуць узрушыць насельніцтва, што вось заўтра пойдзе інфляцыя, мы тут пачнем абясцэньваць нашу нацыянальную валюту і гэтак далей. Мы самагубствам займацца не збіраемся», — дадаў ён.
Словы Лукашэнкі самі па сабе з'яўляюцца простай падставай для турботаў. Таму што мы памятаем, чаго пачыналіся ўсе дэвальвацыі. Абудзі беларуса, і запытай, як пачынаўся любы эканамічны крызіс — і ён адразу адкажа: з запэўненняў Лукашэнкі, адказных урадавых асобаў і старшыняў Нацбанка пра тое, што «дэвальвацыі не будзе», і што «ніхто не будзе абясцэньваць беларускі рубель».
Таму бегчы ў абменнік можна было ўжо пасля прызначэння Галоўчанкі замест Калаўра. Цяпер прагучала другая крытычная фраза: «нацыянальную валюту абясцэньваць не будзем».
Пры гэтым намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў лютым 2025 года склала 2428,1 рубля, паведаміў Белстат. У студзені 2025 года гэты сярэдні заробак быў 2427,4 рубля. Такім чынам, у лютым 2025 года яна падрасла ў параўнанні са студзенем усяго толькі на 70 капеек, або на 0,03%.
Ці значыць гэта, што заробкі дасягнулі «столі»? Ці гэта значыць, што «беларускі эканамічны цуд» пачаў знікаць? Ці гэта таксама — рэакцыя на прызначэнне Галоўчанкі?
У любым выпадку, рост на 70 капеек не можа задаволіць сведкаў стабільнасці, якія сядзяць на акладзе. Гэта неяк не адказвае іх уяўленням пра моцную і квітнеючую Беларусь.
А грошай узяць, акрамя як з кішэняў беларусаў, па-ранейшаму няма адкуль. Расійскі рынак скурочваецца, заявіў Лукашэнка. У апошні час у Расіі зніжаецца попыт на інвестыцыйныя тавары на фоне высокіх працэнтных ставак, а на спажывецкім рынку беларускім прадпрыемствам ствараюць сур'ёзную канкурэнцыю кітайскія кампаніі і пастаўшчыкі з іншых дзяржаў. «Гэтая пяцігодка будзе няпростай, таму што сціскаецца і скурчыўся фактычна наш асноўны расійскі рынак. Не скажу сёння, што ў нас няма куды ісці. У нас ёсць куды ісці. Толькі трэба заўсёды варушыцца трэба», — сказаў ён.
Лукашэнка пералічыў магчымыя напрамкі экспарту: «Вялікая цікавасць сёння. Інданэзія, М'янма, былая Бірма, Паўночная Карэя ўжо просяць у нас пэўны аб'ём нашай прадукцыі. У Афрыцы наогул яны чакаюць, калі. Мы ўсе крычалі: а вось яны не могуць разлічыцца, разлікаў няма. А хто хоча працаваць, той знаходзіць і ўзаемаразлікі з імі», — працягнуў ён.
«У Амане мы нядаўна былі. Драўніны ў іх няма, прадукты харчавання ім патрэбныя. Але ў нас што, гэтага няма? Я нават ім прапанаваў: давайце вазьміце Віцебскую вобласць, яны будуць вырабляць для вас і прадукты харчавання, і дрэваапрацоўку арганізуеце. Нядаўна былі іх прадстаўнікі, у іх вочы на лоб, як убачылі нашы лясы. Таму проста трэба кожнаму, кожнаму варушыцца», — сказаў Лукашэнка.
Глядзіце таксама
Што тычыцца Амана, то асноўны імпарт гэтага султанату па Вікіпедыі — прамысловае абсталяванне і электроніка, транспартныя сродкі, уключаючы аўтамабілі, спажывецкія тавары, прадукты харчавання, золата. Гэта ў асноўным тое, што мы самі імпартуем. Прадукты харчавання — на перадапошнім месцы, а вось сыравіны (драўніны) у пераліку асноўных пазіцый імпарту як бы і няма.
Ну і Лукашэнка сам акрэсліў праблему, якая перашкаджае нашаму шляху ў Афрыку і іншую «далёкую дугу», — разлікаў няма. І пагадзіцеся, шукаць шляхі не толькі продажу тавараў, але і «шляхі ўзаемаразлікаў» — гэта неяк не вельмі лагічна. Гэта азначае, што гэта мы павінны шукаць грошы, якія нам заплаціць умоўная Афрыка?
Тады зразумела, чаму ў нас «далёкая дуга» дагэтуль не працуе.
Ёсць, праўда, яшчэ адзін спосаб атрымаць грошы. Ён не новы, і яго агучыў міністр фінансаў Юрый Сіліверстаў. Паводле яго слоў, працэс замены еўрааблігацый на беларускія аблігацыі, які запусціў Беларускі Мінфін, «праходзіць кіравана».
Нагадаем, што ўлады фактычна зрабілі дэфолт па еўрааблігацыях, абгрунтоўваючы гэта тым, што не будзе плаціць «недружалюбным» інвестарам на фоне ўвядзення санкцый у 2022-м. Аднак аказалася, што ў асноўным трымальнікамі беларускіх еўрааблігацый з'яўляюцца расійцы. І тады прыйшлося думаць, як не плаціць па гэтых абавязацельствах. Адным з інструментаў стаў абмен еўрааблігацый на беларускія аблігацыі.
І вось гэта працэс абмену «шыла на мыла», са слоў, Сіліверстава, «праходзіць кіравана». «Тысячы людзей, у першую чаргу з Расіі, якія не маглі праз санкцыйныя абмежаванні рэалізаваць свае правы, альбо атрымалі грошы, альбо магчымасць іх атрымаць у будучыні», — сказаў ён.
Упэўнены, што тых, хто атрымаў «магчымасць атрымаць грошы ў будучыні» больш, чым тых, хто атрымаў грошы. І вось гэтая «магчымасць» моцна папахвае пірамідай, вам не падаецца?