Возьмем Чабурашкамі? Чаму не атрымліваецца гандляваць з краінамі «далёкай дугі»

Беларускія чыноўнікі час ад часу, але ўсё ж выдаюць праўду ў эфір, і на тыдні гэтую праўду заўважыў блогер і бізнесовец Аляксандр Кныровіч. Але мы толькі атрымалі пацвярджэнне фактам, пра якія пісалі і ведалі раней — з краінамі «далёкай дугі» ў нас гандляваць не атрымаецца.

scale_1200__3__8.jfif

Думаю, што першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Картун на мінулым тыдні проста фізічна адчуў як пад ім захісталася крэсла, калі ён некалькі «сказаў лішняга».

Спачуваю я яму, малады яшчэ чалавек, але даводзіцца неяк выкручвацца з створанай не ім сітуацыі. А справа была такая — вядучы на БТ пацікавіўся, а як там на далёкай дузе, у Афрыцы? Як справа ідзе? А Андрэй вазьмі ды і прызнайся, што ідзе пакуль не вельмі... Хутчэй стаіць.

Усё, кажа, было добра, пакуль не даведаліся мы, што ёсць у іх такое валютнае заканадаўства, якое не дазваляе ім там выводзіць востра неабходную валюту за мяжу.

Гэта значыць разлічыцца яны могуць, але! Або мясцовымі вельмі прыгожымі фанцікамі, або — нейкім мясцовым карысным глупствам.

Тут вядучы спрабаваў дапамагчы, намякнуць, маўляў, дыяментамі бярэм за нашы трактары? І прыхіхікнуў.

Намеснік міністра гумару не падтрымаў, і паведаміў, што алмазы нам не вельмі прапануюць, таму пакуль бярэм... апельсінамі. Мяняем апельсіны на трактары.

М-да... Ну, для пачатку, увесь рынак апельсінаў у Беларусі — нешта каля 20 млн долараў, і гэта ўжо з улікам лагістыкі, яны ж там, на месцы, фактычна бясплатныя. Так што наўрад ці... Наўрад ці нам удасца неяк прасунуцца ў захопе афрыканскага кантынента такім экстравагантным спосабам. Тым больш, што наш галоўны сябар афрыканскага народа тыдзень таму ўжо зладзіў разнос пад агульным лозунгам «Чаму не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? Я ж пра ўсё дамовіўся!»

Адказ просты — таму, што там грошай няма, ёсць апельсіны, інакш навошта б мы ім там спатрэбіліся?

Хоць... Апельсіны — гэты ж таксама нядрэнна. Памятаю як, яшчэ ў часы СССР такім няхітрым чынам да нас паступалі зялёныя бананы (дэфіцыт), турэцкая гарбата, і так, гэтыя самыя апельсіны... З іх яшчэ Чабурашка вылез.

Слухайце, а можа мы якраз імі, Чабурашкамі і возьмем?

Глядзіце таксама