Лукашэнка ў пошуку «брацкіх народаў» — цяпер Экватарыяльная Гвінея

Улады працягваюць устанаўліваць «шчыльныя і надзейныя эканамічныя адносіны са стратэгічна важнымі партнёрамі». Сярод апошніх Экватарыяльная Гвінея — краіна, у якой узровень беднасці складае 47,3% насельніцтва, што эквівалентна 5,8 мільёнаў чалавек. Тут візіт Лукашэнкі чакаюць нібыта з нецярпеннем, і, здаецца, ужо пачынаюць рыхтавацца да «Экватагвінейскіх Дажынак».

vokladka_26_logo.jpg

Што адбылося?

Як паведамляе МЗС Беларусі, 15 лістапада прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі пацвердзіў запрашэнне на адрас Аляксандра Лукашэнкі наведаць з візітам яго краіну. Тэадор Абіянг Нгема Мбасага падкрэсліў, што ў Экватарыяльнай Гвінеі чакаюць і сур'ёзна рыхтуюцца да яго прыезду.

Дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў на чале з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам арганізавала сустрэчу з экватагвінейскім прэзідэнтам, у ходзе якой былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін у сферах аховы здароўя, адукацыі, навукі, тэхналогій, прамысловасці, будаўніцтва.

Паводле МЗС, асобная ўвага была аддана перспектывам рэалізацыі кааперацыйных праектаў у сферы перапрацоўкі рыбы і стварэнні аграрных комплексаў у Экватарыяльнай Гвінеі па беларускіх праектах. Закрануты пытанні паставак беларускага сельскагаспадарчага, камунальнага і будаўнічага абсталявання для патрэб экватагвінейскай эканомікі.

Раней, 19 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка ўжо заяўляў, што мае намер наведаць з візітам цэнтральнаафрыканскую краіну:

«Мы, на шчасце, апошнім часам вельмі інтэнсіўна працуем з Вашай краінай для таго, каб выпрацаваць канкрэтны план нашых узаемаадносін. У бліжэйшы час я абавязкова пастараюся ў вас пабываць. Гэта ўжо ў нас запланавана. Па датах мы разбяромся. Але самае галоўнае, каб мы мелі дакладнае ўяўленне, як выбудаваць эканоміку, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі», — казаў ён на сустрэчы з міністрам МЗС Экватарыяльнай Гвінеі Сімяонам Аёна Эсана Ангуэ.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь разглядае супрацоўніцтва менавіта з гэтай краінай як вароты ў Заходнюю і Цэнтральную Афрыку. Напрыканцы канферэнцыі яны з Алейнікам разам выказалі словы ўдзячнасці экватагвінейскаму боку, «сябрам» і партнёрам за такую прадстаўнічую дэлегацыю, якая змагла прыняць удзел у рабоце камісіі.

Сяргей Алейнік і экватагвінейская дэлегацыя

Сяргей Алейнік і экватагвінейская дэлегацыя


Ці патрэбныя ў Гвінеі беларускія трактары?

Пераважным сектарам магчымай супрацы беларускі бок называе сельскую гаспадарку. Але ў Экватарыяльнай Гвінеі яе доля ва ўнутраным валавым прадукце станам на 2022 год складала толькі 2,56% эканомікі, і цяпер паказчык працягвае падаць уніз. За ўсю гісторыю суверэннасці краіны ён ніколі не перавышаў 3%.

Галоўнымі экспартнымі сельскагаспадарчымі культурамі Экватарыяльнай Гвінеі з’яўляюцца кава, какава, бананы, ямс, ядры алейнай пальмы — прадукты, для збору і апрацоўкі якіх Беларусь не мае прыдатнага спецыялізаванага абсталявання і тэхнікі. Беларускія трактары і камбайны спраектаваны пад умовы і патрэбы еўрапейскага ды часткова азіяцкага рэгіёнаў, але дакладна не пад збор, для прыкладу, бананаў ці цукровага трыснягу. Адзінымі рэальнымі прадуктамі паставак можна разглядаць універсальныя трактары, паўпрычэпы ды прылады для пільні.

Наземныя транспартныя зносіны ў Экватарыяльнай Гвінеі вельмі абмежаваныя: дарогі з цвёрдым пакрыццём маюць працягласць крыху больш за 700 кіламетраў, а гэта ўсяго 20% ад агульнай працягласці. Такім чынам, размоваў пра пастаўку беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў ісці не можа. А чыгуначныя зносіны ў краіне ўвогуле адсутнічаюць.

Асноўны экспартны тавар Экватарыяльнай Гвінеі — нафта і газ, на іх прыпадае да 90% ВУП краіны. Але на гэтай «дзялянцы» шчыльна сядзяць ЗША, Кітай, Іспанія, Францыя. Таму пытанне, ці дапусцяць лукашыстаў да нафтавага сектара, застаецца адкрытым. Дарэчы, электрычнасць у Экватарыяльнай Гвінеі даступна выключна ў буйных гарадах. Краіна трымаецца на трох невялікіх перагружаных гідраэлектрастанцыях і шэрагу састарэлых генератараў.

Згодна з найбольш свежай афіцыйнай статыстыкай, узровень беднасці ў Экватарыяльнай Гвінеі станам на 2018 год складаў 43,7%, што эквівалентна 5,8 млн чалавек, якія жывуць за рысай беднасці.

 У «Індэксе чалавечага развіцця ААН» Гвінея займае 178-е месца амаль са 190 краін.

Шэраг праграм дапамогі, фундаваных Сусветным банкам і Міжнародным валютным фондам, былі спынены з 1993 года праз карупцыю і безгаспадарлівасць. Урад, які больш не мае права на льготнае фінансаванне праз вялікія даходы ад нафты, беспаспяхова спрабаваў дамовіцца аб «ценявой» праграме фінансавага кіравання з Сусветным банкам і МВФ. А прадпрыемствамі ў краіне, па большай частцы, валодаюць дзяржаўныя чыноўнікі ды члены іх сем'яў — і гэта, канешне, не можа не аб’ядноўваць экватагвінейцаў з іх новымі партнёрамі. 

Прэзідэнты Экватарыяльнай Гвінеі і Расіі 

Прэзідэнты Экватарыяльнай Гвінеі і Расіі 

«Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты»

Экватарыяльная Гвінея ўжо наладзіла надзейныя гандлёвыя кантакты ды эканамічнае супрацоўніцтва з яшчэ адным «братскім народам». 12 гадоў таму Расія падпісала шэраг важных дакументаў, у прыватнасці, пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і аб узаемнай абароне капіталаўкладанняў. Акрамя таго, МЗС Расіі адной з найважнейшых сфер супрацоўніцтва называе сектар вышэйшай адукацыі.

У красавіку 2017 паміж краінамі было заключана пагадненне аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах.

У інтэрв'ю карэспандэнту расійскага агенцтва Валерыі Балыкінай ад траўня 2023 года амбасадар Экватарыяльнай Гвінеі Лусіяна Нкога Ндонг Аекаба называе краіну-агрэсарку «братам» ды «вялікай міжнароднай дзяржавай», заходнія СМІ «ілжывымі», а пасля распавядае пра цудатворную дапамогу Расіі:

«Дзякуючы Расіі ў нашых краінах пануе стабільнасць, аб якой заўсёды марылі нашы дзеці. Расія ўносіла і ўносіць значны ўклад у намаганні Афрыкі па дасягненню працвітання праз акадэмічную падрыхтоўку многіх пакаленняў афрыканцаў, многія з якіх, я ўпэўнены, уваходзяць у склад нашых дэлегацый».

Амбасадар таксама дадае ўжо класічныя наратывы пра гістарычныя повязі з аўтарытарнымі рэжымамі:

«Наша краіна — свабодная дзяржава. Мы сябруем з многімі краінамі, але ёсць такія як Расія, як Кітай, якія з'яўляюцца блізкімі сябрамі. Экватарыяльная Гвінея мае вялікае мора, якое неабходна даследаваць і эксплуатаваць, і хто можа лепш дапамагчы нам у гэтым амбіцыйным праекце, чым не наш партнёр і гістарычны сябар — Расія».

Лусіяна распавядае пра грандыёзныя праекты, якія нібыта ўжо зусім хутка павінны з’явіцца ў Афрыцы. Толькі рэальнасць іншая. У рэальнасці тавараабарот Расіі і Экватарыяльнай Гвінеі за 2020—2021 гады склаў усяго 440 тысяч долараў — а гэта проста мізэрная сума.

Адказ на пытанне, ці чакае аналагічны зыход лукашэнкаўцаў, ляжыць на паверхні.