Новы-стары ўрад: ці не час бегчы ў абменнікі?

Жыць становіцца ўсё больш трывожна, і нявызначанасці ўсё больш. Хоць розумам і асэнсоўваеш — нехта ўсё ж такі заслужыў свой адпачынак непасільнай (без іроніі) працай. Менавіта такія пачуцці выклікае адстаўка кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура, які ўзначальваў ведамства больш за дзесяць гадоў.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Павел Калаур стане (калі ўжо не стаў) легендай банкаўскай сістэмы Беларусі, — амаль такой жа, як першы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. Калаур стаў кіраваць галоўным фінансавым рэгулятарам у 2014-м, калі інфляцыя была 16%, долар каштаваў больш за дзесяць тысяч рублёў і рос рэгулярна і імкліва... І за мінімальны час ён збіў інфляцыю, правёў грашовую рэформу, прыбраўшы чатыры нулі з беларускіх грошай, паспяхова ўвёў манеты... Ён выратаваў беларускую фінансавую стабільнасць пасля пачатку вайны, увядзення санкцый і нават ва ўмовах, калі «кошты павышаць забараняецца».

У нармальнай краіне яму б за ўсё гэта далі зорку героя. 

Новым кіраўніком Нацбанка стаў Раман Галоўчанка, якога мы ведаем як былога кіраўніка ВПК Беларусі і прэм’ера, а новым кіраўніком урада — Аляксандр Турчын, які быў старшынёй Мінскай вобласці, а да гэтага — віцэ-прэм'ерам. І ўсё б нічога, але прэс-служба Лукашэнкі напісала, што «новае пакаленне, як было абяцана, сёння кіруе краінай».

Турчын і Галоўчанка — гэта новае пакаленне? Галоўчанку 51 год, Турчыну — 49, і яны цягнуць на «новае пакаленне» толькі ў тым выпадку, калі іх параўноўваць з 70-гадовым Лукашэнкам. А так — і Турчын, і Галоўчанка настолькі даўно прымільгаліся ва ўладзе, што ніякім «новым пакаленнем» яны не ўспрымаюцца, нічога новага мы ад іх не чакаем, і чакаць не можам.

Дый яны, будзем шчырыя, на гэта «новае» і не прэтэндуюць. У прыватнасці, Турчын адразу заявіў, што ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу не будзе. «Мой самы любімы выраз — "эвалюцыя без рэвалюцый". На любой пасадзе, вядома, неабходна эвалюцыянаваць: і на пасадзе старшыні ўрада, старшыні Мінскага аблвыканкама... Кожны кіраўнік са сваім прыходам прыносіць нешта новае, новы погляд на тыя ці іншыя праблемы. Ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курсу, вядома, не будзе», — сказаў Турчын, якога цытуюць дзяржСМІ.

І ён ужо даказаў, што «новага» не будзе, правёўшы нараду па карэкціроўцы нашай любімай сістэмы рэгулявання цэн. Падрабязнасці пра гэтую нараду не паведамляліся, што азначае — дзейнасць урада ў дачыненні да важных і «хваравітых» пытанняў па-ранейшаму будзе закрытай. Таксама Турчын правёў нараду па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці, дзе заявіў, што прадпрыемствы не павінны падвяргацца празмернаму кантрольнаму ціску, а штрафныя санкцыі не павінны прыводзіць да закрыцця кампаній.

Аднак такія заявы мы чулі неаднаразова, і практычна ніколі яны не былі пацверджаны справамі.

А вось Нацбанк, падобна, усё ж чакаюць няпростыя часы. Паколькі новы кіраўнік Нацбанка лічыць, што ў Беларусі банкаўская сістэма адаптавалася да ўсіх шокаў і выклікаў. «Вядома, складанасці ў працы ўзнікаюць, таму што мы не можам ігнараваць тое, што адбываецца на знешнім контуры. Дакладней, гэта ўплывае на нас такім чынам, што мы не можам проста ад гэтага адмахнуцца. Тым не менш мы навучыліся з гэтым жыць і знайшлі свае шляхі», — сказаў Галоўчанка.

Якія гэта шляхі— невядома. Але вядома адно: Калаур мог не прагінацца пад патрабаванні ўрада аб, напрыклад, дадатковых рублёвых эмісіях, мог стрымліваць інфляцыю ў самы няпросты час, мог трымаць курс беларускага рубля ў самых складаных умовах. Цяпер яго, Калаура, не будзе. Яго замянілі на чалавека, які якраз і патрабаваў ад Нацбанка «большай гнуткасці», калі патрэбная была цвёрдасць.

Калаур, без сумневу, мае права на адпачынак. Але прызначэнне на яго месца Рамана Галоўчанкі — сімптом трывожны.

А тут яшчэ і статыстыка падаспела. Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 сакавіка склалі 9,407 млрд долараў. Гэта новы рэкорд, папярэдні максімальны памер ЗВР быў зафіксаваны 1 студзеня 2020 года. Тады яны складалі 9,393 млрд долараў.

Як паведамляецца, ЗВР за люты выраслі на 74 млн долараў, галоўным чынам за кошт росту цаны манетарнага золата і рэзервовых актываў у замежнай валюце.

На гэтым фоне ў некага можа паўстаць «галавакружэнне ад поспехаў», і спакуса запусціць ручкі ў казну. Але вось пытанне: калі ў нас усё так добра з рэзервамі, навошта Мінфін Беларусі абвясціў аб выпуску валютных дзяржаблігацый для фізічных асоб на прад'яўніка? Памер эмісіі — 50 млн долараў, намінал адной аблігацыі — 1000 долараў, працэнтны даход — 2,7% гадавых, тэрмін абарачэння — 2 гады. 

Ды ўсё таму, што наш «рост ЗВР» — гэта не нашая заслуга. Золата расце ва ўсім свеце, паколькі свет асцерагаецца непрадказальнага Дональда Трампа, і ўкладваецца ў стабільна ліквідны актыў. Што ж тычыцца росту рэзервовых актываў у «замежнай валюце», дык нам не кажуць, што гэта за валюта. Гэта можа быць і расійскі рубель, і кітайскі юань, што не зусім стабільна — асабліва першае.

Ну і, вядома ж, трэба ўлічваць іншыя фактары. Таму што той жа продаж манетарнага золата ў нас пад санкцыямі, і яго альбо прадаць немагчыма, альбо праз «трэція рукі», у абыход санкцый і з велізарным дысконтам... А гэта азначае, што рэальны кошт нашага золата ніжэйшы, чым кошт сусветны.

І ў выніку можа аказацца так, што рэальны кошт нашых ЗВР будзе вельмі адрознівацца ад заяўленага «статыстычнага», нават калі ён разлічаны па методыцы МВФ.

Прызначэнне так званага «новага пакалення» без новых думак, ідэй і падыходаў — гэта знак, хутчэй, трывожны, чым аптымістычны. Асабліва ўлічваючы тое, што інфляцыя ў Беларусі ўжо пачала разганяцца: па выніках лютага рост цэн у гадавым выражэнні склаў 5,6 працэнта пры плане на год у 5 працэнтаў.

Так што новы кіраўнік Нацбанка, які лічыць, што эканоміцы трэба больш танных грошай, можа аказацца несумяшчальным з фінансавай стабільнасцю. 

Ці не час заняцца народнай беларускай забавай і бегчы ў абменнік за доларамі?