Дзмітрый Баскаў: «Абвінавачанні ў забойстве Бандарэнкі не маюць пацвярджэнняў»
Член Савета Рэспублікі і былы старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў сказаў, што абвінавачанні ў яго датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі беспадстаўныя і не маюць «ні юрыдычнага, ні нейкага іншага пацвярджэння». Гэта прагучала ў праграме «Скажинемолчи» на «Беларусь 1».
Паводле яго слоў, рашэнне пакінуць Федэрацыю хакея Беларусі было «спантанным, але вымушаным».
«Таму што дысцыплінарны камітэт Міжнароднай федэрацыі хакея на працягу паўгода спрабаваў расследаваць нейкую там справу ў дачыненні да мяне. На падставе нейкіх незразумелых, нелагічных лістоў ад, зноў жа, незразумелых для мяне нейкіх там фондаў створаных, спартыўных ці там салідарных, я нават не хачу іх наогул называць. Гэта было нечаканым для мяне, таму што я ўсё ж такі думаў, што здаровы сэнс пераможа і тыя неабгрунтаваныя абвінавачанні, якія былі ў мой адрас ад гэтых фондаў альбо кагосьці там яшчэ, — яны былі абсалютна беспадстаўнымі. Гэта значыць, я выступаў як нармальны грамадзянін сваёй краіны, я ездзіў на аўтазабегі, закон не парушаў, і няма аніводнага ні юрыдычнага, ні нейкага іншага пацвярджэння таго, што я рабіў нешта супрацьзаконнае або няправільнае», — заявіў Дзмітрый Баскаў.
Ён расказаў, што быў дыскваліфікаваны, нягледзячы на яго аргументы на сваю карысць падчас відэасувязі з Камітэтам.
«Я ўсё ж такі спадзяваўся, што дысцыплінарны камітэт разбярэцца, у мяне было такое апошняе, скажам так, слова за пару тыдняў да іх рашэння. Я расказваў ім пра тое, што я правёў у хакеі ўсё сваё жыццё, што я бязмерна люблю гэты від спорту, пра тое, што ўсё маё жыццё хакейнае ўжо ў якасці мэнэджэра будавалася на тым, каб развіваць гэты від спорту», — расказаў Баскаў.
«Але калі я даведаўся, што ў дачыненні да мяне прынятая дыскваліфікацыя на пяць гадоў, цалкам адлучэнне ад хакея... першае маё жаданне і эмацыйная такая просьба была... Ну калі вы не хочаце, каб я кіраваў хакеем у нашай краіне, дайце мне магчымасць проста працаваць. Я папрасіў, каб мне далі такі дазвол быць простым дзіцячым трэнерам, я хацеў вярнуцца ў сваю дынамаўскую школу, якой прысвяціў вельмі шмат гадоў. (...) На што яны мне сказалі, што ніякай працы ў хакеі быць не павінна. Ніякай», — сказаў ён.
Дзмітрый Баскаў трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. Летась Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала яго на пяць гадоў. Раней СМІ пісалі, што Баскаў прысутнічаў на «Плошчы Перамен» у дзень, калі быў забітыРаман Бандарэнка. Пасля дыскваліфікацыі Баскаў сышоў з пасады кіраўніка Беларускай хакейнай федэрацыі, ён таксама пазбавіўся месца ў Савеце дырэктараў КХЛ.
У 2020 годзе дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі хакея пачала расследаванне ў дачыненні да кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. Расследаванне было звязанае з магчымай прысутнасцю Баскава на «Плошчы Перамен» у вечар, калі невядомыя збілі і пагрузілі Рамана Бандарэнку ў мікрааўтобус. Бандарэнка з цяжкай ЧМТ памёр на наступны дзень. Відавочцы звярнулі ўвагу, што ў кампаніі людзей, якія прыехалі ў двор здымаць стужкі, былі людзі, падобныя да Дзмітрыя Баскава і байца Дзмітрыя Шакуты. Пазней у сеціва трапіла тэлефонная размова паміж, як сцвярджаецца, Баскавым і Шакутам, у якой яны абмяркоўваюць збіццё Рамана, а таксама, як мяркуецца, паміж Баскавым і прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант, у якой яны плануюць рэйд па раёнах для зразання стужачак.
Справа так і не была расследаваная, а вінаватыя не панеслі аніякага пакарання, нягледзячы на асабістыя запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле reform.by.