Пяць гадоў таму быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі

Пяць гадоў таму падчас выбарчага пікету ў Гродне быў затрыманы блогер папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі. Яго абвінавацілі па надуманых артыкулах, у тым ліку ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальванні варожасці». Прысуд — 19 з паловай гадоў зняволення. І ўжо 812 дзён Сяргей у рэжыме «інкамунікада» — без лістоў нават ад родных і сувязі са знешнім светам. 

Крыніца: Святлана Ціханоўская [ youtube ]

Сёння, у пятую гадавіну затрымання, Святлана Ціханоўская дзеліцца асабістымі пачуццямі, думкамі пра мужа, іх шлях — і заклікае не забываць тых, хто знаходзіцца за кратамі за праўду.

«Тады, у 2020-м, я думала, што ўсё атрымаецца, бо я ведаю характар Сяргея, ён заўсёды дабіваўся мэты, заўсёды знаходзіў выхад і ніколі не здаваўся. Я хацела быць побач, падтрымаць яго барацьбу. І пасля затрымання адзінае, што я магла рабіць — гэта працягваць тое, што пачаў ён. Не даць згаснуць іскры, якую ён запаліў. І не падвесці — яго і тых, хто паверыў у нас. Ужо тады я разумела, што будзе цяжка, але не ўяўляла наколькі. Жыць без яго голасу, не мець магчымасці параіцца, расказаць пра сумневы, паплакацца на яго плячы. Глядзець, як нашы дзеці растуць без таты ледзьве не палову свайго жыцця. Адчуваць адзіноту нават калі вакол тысячы людзей. Перажываць за кожнага і кожную, хто стаў закладнікам рэжыму. Да гэтага нельга прывыкнуць. Але я навучылася ператвараць гэты боль у сілу. Дзякуючы табе, Сяргей. Дзеля цябе. Я ведаю, што ты — нязломны. І гэта наймацнейшая падтрымка для мяне. Я ведаю, што ты верыш у нас, беларусаў, у тое, што мы робім. І гэта матывуе не спыняцца, бо мы ўсе памятаем: толькі разам мы можам пабудаваць краіну для жыцця».

Глядзіце таксама