Вясна, бывай!
Вясна 2025 паволі адыходзіць у краіну ўспамінаў. Надвор’е сурова абышлося з беларусамі, нібыта пад уплывам вядомага «ты не чакай, сюрпрызаў не будзе». Цяпер галоўнае ў тым, каб яна не перадала гэтую флэшку надыходзячаму лету, і стомленыя чаканнем цяпла людзі нарэшце адчулі крышачку літасці ад прыроды. А мы, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, усё ж пойдзем на шпацыр ды паглядзім, як сталіца развітваецца з траўнем ды вясной.

Насуперак усім выбрыкам надвор'я, травень спраўдзіў сваю назву і шчодра азеляніў мінскія вуліцы і двары. І калі ў цэнтры гораду кожная травінка пад кантролем і наглядам, то крыху далей ад эпіцэнтру парадку і добраўладкавання можна трапіць у сапраўдныя джунглі.
Калі хто спытаецца аб сімвалах траўня-2025, то з упэўненасцю перамогуць дождж, лужыны і холад. Мы нават яшчэ шашлыком не частаваліся гэтай вясной, не кажучы ўжо аб тым, каб выкупацца недзе ў возеры. Нават перад тым, як выходзіць на гэты шпацыр, праверылі, ці выключаны абагравальнік.
Назіраючы за колькасцю дажджоў цягам мінулых дзён, падаецца, што там, наверсе, хтосьці вырашыў вось такім чынам кампенсаваць недахоп снегу ўзімку. Маўляў, не выдаткавана прадугледжаная каштарысам колькасць ападкаў! Непарадак, трэба паскорыцца, бо паўгадавая справаздача ўжо хутка. Вось і стараецца гэты хтосьці, каб яму...
А людзі працягваюць свае справы. Нават пад дажджом гутарка сама сябе не зладзіць, справы самі сябе не зробяць і ранішняя прабежка таксама не можа не адбыцца, бо жыццё працягваецца. Хочаш — не хочаш, а варушыцца трэба!
На людзей паглядзелі, сябе паказалі, можна збочваць назад у двары, дзе мясцовыя джунглі спрабуюць захапіць як мага больш месца. Натуральна, тут можна здымаць кіно без аніякай там камп’ютарнай графікі, бо лепш за прыроду не намалюеш.
Надвор’е нечакана палепшылася, і мы адважыліся выбрацца бліжэй да цэнтру сталіцы, каб вы не вырашылі, што ўвесь Мінск зарастае травой і хутка па вуліцах будуць хадзіць тарпаны і зубры. Завіталі на Камароўку, дзе літаральна за хвіліну адчулі ўсю пераменлівасць травеньскага надвор’я ад сонца і белых аблокаў да чорнай хмары з халаднючым дажджом.
Ну а далей у самы цэнтр, дзе, як мы ўжо казалі, трава расце пад строгім наглядам і падстрыгаецца амаль нажніцамі на пэўную вышыню. З дажджом такія штукі не праходзяць і ён ідзе калі захоча і дзе захоча, нічога ні з кім не ўзгадняючы. Недазвольныя паводзіны!
Некалькі хвілін і адчувальна цяплее. Пад промнямі сонца ўсё імгненна змяняецца. І гэта тычыцца не толькі надвор’я. Настрой паляпшаецца, у галаве зусім іншыя думкі і адразу з’яўляецца і ўмацоўваецца надзея на лепшыя часы. За халоднымі хвілінамі абавязкова прыйдуць цёплыя гадзіны. Вясна, бывай! Лета, ты дзе? Мы чакаем!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.