Беларусь, якая чакае: Шлях да Дзядоў у Курапаты (фота)

Шмат гадоў важнай традыцыяй восеньскіх Дзядоў у Мінску было шэсце ва ўрочышча Курапаты. Часам не надта шматлюднае, але людзі збіраліся — каб ушанаваць памяць ахвяр камуністычных рэпрэсій. У 2020 годзе мірнае шэсце супраць тэрору ўладаў было жорстка разагнанае ідэйнымі нашчадкамі тых, хто забіваў у 1937-м. Тады ў Курапатах зноў гучалі стрэлы... 

Цяпер многія з тых удзельнікаў шэсця ці за кратамі, ці ў выгнанні, над сотнямі дагэтуль вісіць крымінальная справа аб «масавых беспарадках». Але нам усім па-ранейшаму вельмі важна ў гэты дзень прайсці звыклым «дзядоўскім» маршрутам – бо мы жывыя і мы памятаем. Таму сённяшняя «Беларусь, якая чакае» – пра шлях у Курапаты.   

Глядзіце таксама

Звычайная справа на Дзяды – туман, вільготнасць, дождж. Вось і ў дзень, калі мы выправіліся, густы восеньскі туман па-гаспадарску авалодаў вуліцамі сталіцы. Пачынаем з пляцоўкі традыцыйнага збору ля гадзіннікавага заводу. 

Чакаць нам тут няма каго, і мы павольна ідзём уздоўж праспекта ў бок вуліцы Валгаградскай. Нешматлюдна — згадзіцеся. Магчыма, таму што працоўны дзень, але і студэнтаў ля БНТУ таксама амаль няма. Туман сцішае гукі крокаў і шорах колаў аўтамабіляў, мімаволі прыгадалася «Дзікае паляванне». Але гэты містычны сюжэт, гістарычнае месца палявання на людзей істотамі ў чорным – нас чакае наперадзе.

Прайшлі скрыжаванне праспекта і вуліцы Валгаградскай, рушым далей у напрамку Уручча. Нішто ўжо не нагадвае падзей трохгадовай даўніны, але ж памяць бліскаўкай упарта выдае жахлівыя моманты таго самага дня. Так і ідзем з камяком у горле і грукатам сэрца, які, здаецца, рэхам аддаецца ў навакольных дварах. 

Наперадзе мост да знаёмых шматпавярховікаў з мазаікай, а з левага боку праз туман за намі падазрона сочыць чарговы недабудаваны хмарачос на месцы былога аўтавакзала. Імкнемся неяк хутчэй прайсці мост, каб апынуцца зноў побач з людзьмі.

Праз імглу праглядваюць знаёмыя контуры шматпавярховікаў, а леваруч у тумане хаваецца Сляпянскі канал. Далей па скверы ўпэўнена рушым да вуліцы Каліноўскага. Насустрач раз-пораз крочаць людзі з пячаткамі турботаў на тварах, на супрацьлеглым баку масіўны будынак бібліятэкі пазірае пагардліва і пагрозліва, а Францыск Скарына, узняўшы рукі ўгору, нібыта прабачаецца за ўсё гэтае вось. Не, спадар Скарына, гэта ты нас прабач.

Па вуліцы Каліноўскага крочым да Царквы Усіх Святых. Надвор’е пакуль мяняцца не збіраецца і, нягледзячы на туман, восеньскія колеры прыемна радуюць вока. Настрой трошкі паляпшаецца.

На скрыжаванні збочваем у левы бок і рушым да вуліцы Сядых. Праваруч кавалак вялікага парку, які таксама вельмі выразна нагадвае пра восень і яе прыгажосць.

Дайшлі да чарговага скрыжавання і рушым у правы бок па вуліцы Сядых. Далей пойдзем па вуліцы Карбышава. Гэты невялічкі кавалак таксама восеньскі і туманны, ну а што ж мы хацелі...

Вуліца Карбышава сустракае нас абрысамі жылых дамоў на ўзгорках, да якіх яшчэ трэба дакараскацца па лесвіцах рознай працягласці і роўнасці. Але нам пакуль да іх не трэба – наш маршрут ідзе ўздоўж усёй вуліцы да скрыжавання з Лагойскім трактам. Дарэчы, на гэтым кавалку маршрута ўбачылі аўтобус з красамоўным нумарам «37», а потым яшчэ і «37д». Дадатковы... Здаецца  нам, што гэты самы «д» якраз цяпер.

Праз Лагойскі тракт хадзем да мясцовага праезду, які дугой ахопвае жылы масіў напрыканцы вуліцы Мірашнічэнкі. Ужо амаль на месцы. Туман нібыта становіцца радзей, і ёсць спадзяванні на паляпшэнне надвор’я, але ж і так, насамрэч, няблага. Вось і скрыжаванне з аўтобуснай і тралейбуснай аўтастанцыямі.

Адсюль мы ідзем паралельна мінскай кальцавой і нарэшце даходзім да пешаходнага тунэлю. На гэтым баку ёсць некалькі ахоўных камянёў на межах Курапатаў, фундаваных Маяй Кляшторнай і грамадскасцю. Спачатку наведваем іх. Трэба трошкі збочыць налева ад нашага маршруту.

Праз тунэль ідзем у Курапацкі лес. Пры самым уваходзе на плітцы заўважаем чарговую прапанову «працы» ад наркадылераў. Гэта праваахоўнікаў чакана не цікавіць — не БЧБ-сцяг жа і не стужачка. Гэта іншае, разумець трэба!


Мы ў Курапатах. Штосьці дадаць тут вельмі складана. Кожны прыходзіць сюды з чымсьці сваім, асабістым. Мы таксама не выключэнне. І шчыра верым, што тыя, хто часова не можа наведаць гэтае святое і жалобнае месца болю і смутку, неўзабаве абавязкова зробяць гэта адкрыта і бесперашкодна. Дарэчы, у Курапатах туман амаль знік.

Ледзьве не забыліся! Падчас амаль усяго нашага шляху за намі пільна назіралі. Але мы ўжо звыклыя да падобных кампаній. Гэта таксама праміне!