Няскончаны шлях да Курапатаў. Гістарычныя фота

Штогод у першыя дні лістапада праходзілі традыцыйныя шэсці на «Дзяды» ў Курапаты. Сёння мы не можам прайсці гэтым шляхам. Таму прапануем вам узгадаць, як гэта было. Паглядзіце падборку фотаздымкаў з «Дзядоў», якія ў розныя гады зрабілі журналісты «Новага Часу».

23269975_10214558495097568_1301958110_o_logo_1_2.jpg

Дзяды-2017. Фота Арцёма Лявы


2013

Каля гадзіннікавага завода сабралася каля 300 удзельнікаў шэсця. Але, як перадаваў наш карэспандэнт, напрыканцы іх колькасць павялічылася ўдвая.
Паводле сведчанняў відавочцаў, зранку да Курапатаў скіраваліся штук пяць-шэсць «аўтазакаў». Само шэсце пастаянна суправаджалі адны і тыя ж машыны з зацемненым шклом. На скрыжаваннях і «ключавых кропках» — машыны ДАІ і інспектары ППС. Але тое, што ўсё будзе мірна, не выклікала ні ў каго сумневаў. Міліцыянты ў штацкім, што суправаджалі калону, маглі расслабіцца.
Мерапрыемства прайшло мірна, за выключэннем таго, што міліцыя затрымала Юрыя Рубцова з Гомеля, які быў у майцы з надпісамі «Лукашенко, уходи» і «Четырежды президент — нет! Это не президент, а царь-самозванец!». Пазней яго асудзілі на трое сутак арышту. 

2013_11_03_11_02_36_logo_1.jpg

Фота Сяргея Пульшы

dziady_3_11_13_4_logo_1.jpg

Фота Марата Гаравога

2014

У 2014-м шэсце праходзіла менавіта 2 лістапада. Мерапрыемства мела адметныя «фішкі», якія адзначыў наш журналіст.
«Найперш, журналісты амаль упершыню пабачылі, што міліцыя і іншыя службы, з якімі арганізатары напярэдадні шэсця заключаюць кантракт на абслугоўванне масавага мерапрыемства, не проста так збіраюць гэтыя грошы. Перад калонай на адлегласці метраў 300 ад яе «галавы» нейкі час, прыкладна палову шляху, ехаў беленькі мікрабусік з надпісам «сапёрна-піратэхнічная служба». Перыядычна з гэтага бусіка выскоквалі міліцыянты, шуравалі ў сметніцах ды розных скрынях для захоўвання пяску — ці няма там нейкай выбухоўкі? Выбухоўкі не аказвалася, машына рушыла далей.
Яшчэ адна тэхнічная навінка, якой абзавялася міліцыя — машына відэафіксацыі, з камерамі і гукапрымачамі на даху. Гэтае аўто суправаджала калону ўвесь час, аж да Курапатаў. Канешне, на акцыі таксама прысутнічалі і звыклыя відэааператары «міліцэйскага тэлебачання», але хуткасць прагрэсу не можа не радаваць. Пэўна, у далейшым акцыі будуць абслугоўваць такія «дроны», і ад аператараў пазбавяцца».
Не абышлося тады без эксцэсаў: на пачатку шэсця быў затрыманы Сяржук Бахун і яшчэ адзін з удзельнікаў. Яшчэ на двух удзельнікаў, якія неслі ўкраінскія сцягі, напалі асобы ў цывільным. Але людзі іх адбілі і нават суправадзілі дадому.

img_4902_logo_1.jpg
img_4913_logo_1.jpg
img_4944_logo_1.jpg
img_4972_logo_1.jpg

Фота Сяргея Пульшы

2015

У гэтым годзе ўпершыню ўдзельнікі шэсця неслі ў руках партрэты расстраляных у 1937-м годзе прадстаўнікоў беларускай эліты і інтэлігенцыі.

dziady_2015_11_logo_1.jpg

dziady_2015_121_logo_1.jpg
dziady_2015_112_logo_1.jpg

Фота Уладзіслава Рубанава

2016

У гэтым годзе акрамя КХП-БНФ у шэсці прынялі ўдзел сябры нацыянал-анархісцкай супольнасці «Пошуг». «Хлопцы ўзнялі расцяжку з антыфашыстоўскім ды антыкамуністычным пасылам. Зрэшты, ім сілавікі ўдзялілі найбольш увагі: ля расцяжкі ўвесь час ішлі людзі ў цывільным, фактычна закрываючы надпіс, пакуль актывісты не ўзнялі яе на тронкі», перадавалі нашы карэспандэнты.

5_21_logo_1.jpg
unnamed__16__1_logo_1.jpg
unnamed__23__logo_1.jpg
13_6_logo_1.jpg
cam02897_logo_1.jpg

Фота Алеся Кіркевіча і Арцёма Лявы

2017

Сімвалам «Дзядоў» у тым годзе стаў фізаліс — чырвоныя кветкі-ліхтарыкі, сімвал перамогі святла над цемрай... Усе расліны змерзлі, а яны трымаюцца.

Фота Арцёма Лявы

2018

30 гадоў з тых самых, першых, «Дзядоў».
«Відавочна тое, што «Дзяды» сталі не проста традыцыйным шэсцем і мітынгам — яны сталі кропкай адліку для шмат якіх іншых падзей і ініцыятыў. Зараз гэта — не проста наведванне Курапатаў раз на год. Прынамсі, і сёлетняя «Курапацкая варта», дый уся «заруба» з рэстарацыяй «Паедзем паядзім» — гэта таксама вынік «Дзядоў». Тых «Дзядоў», якія прайшлі 30 гадоў таму. І якія далі шмат чаго нам як у культурніцкім (пра што ішла гаворка вышэй), так і ў палітычным, і грамадскім планах.
Ці мажліва ўявіць зараз гісторыю ўрочышча Курапаты без абаронцаў Курапатаў — як на пачатку 2000-х, калі там пракладвалася Мінская кальцавая, так і зараз? Ці мажліва ўявіць грамадзянскую супольнасць Беларусі без «курапацкіх» арганізацый — ад «Экспертаў у абарону Курапатаў» да таго ж Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры? Дый што там казаць: ці мог бы без праўды пра Курапаты пачаць існаванне «Мартыралог Беларусі», а пасля і БНФ? І ўвогуле, ці была б без тых «Дзядоў» 30 гадоў таму беларуская дзяржаўнасць?» разважаў з нагоды даты Сяргей Пульша.

 Менавіта ў тым годзе па ініцыятыве Змітра Дашкевіча ўпершыню ў Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў».

Фота і відэа Аляксандра Лібертада

2019

Фота Арцёма Лявы

2020

У 2020-м шэсце ў Курапаты па закліку Зянона Пазняка было спалучана з Маршам супраць тэрору. Хаця не ўсім гэтая ідэя прыйшлася даспадобы, яе ад пачатку шмат крытыкавалі: маўляў, у выпадку чаго ўдзельнікам нават няма будзе куды схавацца. Так і адбылося. Па ўсім шляху калоны людзі сутыкаліся з гвалтам з боку ўзброеных сілавікоў: «хапун» адбываўся і на праспекце Незалежнасці, і ў дварах мікрараёна «Зялёны Луг», і на полі каля МКАД і «Экспабела». З боку Курапатаў гучалі стрэлы і міліцэйскія сірэны, людзей збівалі і жорстка затрымлівалі.

Фота Алены Ляшкевіч
Агулам у той дзень па Беларусі было затрымана больш за 300 чалавек, у тым ліку тры фотакары «Новага Часу» — Дзмітрый Дзмітрыеў, Яна Трусіла і Аляксандр Зяньковіч, іх адправілі на «суткі». Больш за 200 чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы. 


Пасля гэтага масавыя шэсці на «Дзяды» ў Курапаты больш не ладзіліся. Але вы можаце самі ў любы момант, без заклікаў і дазволаў, прыйсці ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў ад рук камуністычных катаў.